+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top

Духоўны аспект пілігрымкі

Пілігрымка – гэта падарожжа асобы ці групы асобаў да пэўнага месца, якое лічыцца святым, з прычыны асаблівай дзейнасці ў ім Бога, з мэтай спаўнення акрэсленых рэлігійных актаў, пабожнасці і пакаяння. Трэба памятаць, што пілігрымка – найперш РЭЛІГІЙНЫ АКТ, гэта час малітвы і пакаяння (рэкалекцыі ў дарозе); усялякія нязручнасці і непрадбачаныя, лёсавыя сітуацыі належыць прымаць у духу пілігрымкавага вырачэння.

Пілігрымаванне з’яўляецца формай пабожнасці, прынятай хрысціянамі ад юдэяў. У Ізраэлі пілігрымаванне было не толькі пабожнай практыкай, але часта і рэлігійным абавязкам. Людзі пілігрымавалі найперш у санктуарыі, устанавіць якія часта загадваў сам Бог. Санктуарыі паўставалі звычайна ў месцах, дзе калісьці Ягвэ аб’явіўся людзям. Асабліва важнай мэтай пілігрымак пабожных юдэяў стала ерузалемская святыня Саламона, якая хутка набыла ранг найважнейшага, а з часам адзінага месца культу. Цікава, што нават пасля падзелу Ізраэля Ерузалем, які быў сталіцай значна меншага Каралеўства Юды, не страціў значэння, але заставаўся цэнтрам рэлігійнага жыцця ўсіх вызнаўцаў Ягвэ.

У часы Езуса кожны пабожны юдэй павінен быў пілігрымаваць у Святы Горад тры разы ў год (у Свята Праснакоў, Свята Тыдняў, Свята Намётаў). І хоць абсалютны наказ пілігрымавання датычыў толькі жыхароў Юдэі, але і пабожныя юдэі з іншых правінцый прыбывалі ў святыню ў вызначаны час. У дарозе пілігрымы спявалі песні, размаўлялі, стваралі супольнасць людзей веры. Менавіта гэта супольнасць была галоўнай мэтай пілігрымавання.

Езус, хоць заставаўся верным ідэі пілігрымавання, выпрацаванай праз юдэйскую традыцыю, надаў пілігрымаванню новы сэнс. Евангеліст Лука, апісваючы прабыванне дванаццацігадовага Езуса ў Ерузалеме, паказвае новую мэту пілігрымавання: ёй з’яўляецца святыня, якую трэба разумець як дом Айца, месца спаткання з Найвышэйшым. У Евангеллі паводле Яна Езус кажа самаранцы, што праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе (Ян 4, 24). Мэтай пілігрымавання не з’яўляецца ўжо якоесьці месца, нават найбольш асвечанае праз традыцыю, але асоба – сам Езус Хрыстус, цэнтр усялякага пілігрымавання.

Пілігрымаванне Хрыста па зямных шляхах атрымоўвае глыбокае тэалагічнае значэнне. Яно становіцца рэалізацыяй Божага плану збаўлення. Словы Хрыста, якія Ён скіроўвае да сваіх вучняў: “Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем” (Мц 20, 18), становяцца прадказаннем важных падзей збаўлення. Святы Горад з’яўляецца не толькі канцом Яго зямнога пілігрымавання, але і месцам спаўнення збаўчай місіі Езуса. У Ерузалеме Езус спаўняе сапраўдную, новую Пасху – пераход са смерці да жыцця.

Пілігрымаванне ў гісторыі Касцёла

Пілігрымкі спадарожнічалі хрысціянству з самых яго пачаткаў. Першай, найважнейшай мэтай пілігрымавання вызнаўцаў Хрыста была і застаецца Святая Зямля – месцы, звязаныя з зямной дзейнасцю Божага Сына, асабліва для кожнага хрысціяніна. Змяніўся характар пілігрымавання: пілігрымкі ўсё часцей станавіліся індывідуальнымі практыкамі, супольнасць страціла значэнне, якое атрымала мэта пілігрымкі. Сама дарога не была ўжо такой важнай. Галоўнай лічылася мэта: наведванне святых месцаў. У сярэднявеччы, па зразумелых прычынах, пілігрымаванне стала ўдзелам людзей багатых, якія маглі сабе дазволіць адправіцца ў вельмі дарагое і доўгае падарожжа.

Новая эра пілігрымавання пачалася з пераходам Святой Зямлі да вызнаўцаў ісламу, калі гэтае пілігрымаванне да найважнейшых для хрысціянства месцаў стала немагчымым. У той час пілігрымкі пачалі знікаць. Аднак гэта працягвалася нядоўга. Ажыўленне пілігрымкавага руху ў сярэднявеччы было звязана з наданнем пілігрымцы характару пакаяння. У часы, калі пакаянне было вельмі цяжкім і трывала доўга, пілігрымка стала адной з яго форм. І хоць сёння ніводны спавяднік не прызначае такога цяжкага сакрамэнтальнага пакаяння, вымярэнне пакаяння зраслося з хрысціянскай ідэяй пілігрымавання.

Новы імпульс да пераасэнсавання гэтай ідэі даў Другі Ватыканскі Сабор, які вызначыў увесь Касцёл як пілігрымуючую супольнасць Божага народу. Можна сказаць, што гэтае бачанне найбольш унесла ў тэалогію пілігрымавання. Пілігрымка стала вобразам чалавечага жыцця, якое з’яўляецца не чым іншым, як менавіта штодзённым пілігрымаваннем да канчатковай мэты – спаткання з Богам. Сабор пераацаніў таксама супольнаснае вымярэнне пілігрымавання. Чалавек ідзе да Бога не ў адзіночку, але ў супольнасці, і не інакш, але менавіта ў супольнасці будзе калісьці падзяляць радасць прабывання з Богам.

Сардэчна запрашаем…