+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top

Святыя месцы самі прамаўляюць да пілігрымаў — Святая Зямля.

Якім вялікім перажываннем для хрысціяніна з’яўляецца наведванне месцаў, звязаных з Бібліяй, ведаюць пілігрымы, якія мелі магчымасць пабываць на Святой Зямлі. Гэтыя цудоўныя перажыванні адчула шмат людзей, сярод якіх і многія групы пілігрымаў з Беларусі, што шмат разоў пабывалі ў зямной Айчыне Пане Езуса.

Калі мы ляцелі на Святую Зямлю, нашы сэрцы трапяталі, як птушкі ў клетцы. Што мы там сустрэнем, што ўбачым, з чым пазнаёмімся?.. Так шмат пытанняў, а адказ – якраз перад намі. Гэтая вялікая няпэўнасць працягвалася больш за тры з паловай гадзіны, бо столькі доўжыцца пералёт з Мінска ў Тэль-Авіў. Пасля выхаду з самалёта адчуваецца цудоўны водар Усходу. На Святой Зямлі заўсёды цудоўныя поры года, не важна, знаходзішся там вясной, летам, восенню ці зімой.

Пасля пашпартнага кантролю мы накіраваліся да нашага аўтобуса, які завёз нас у Бэтлеем, горад, які назаўсёды змяніў гісторыю свету адзінай у сваім родзе падзеяй – “А Слова сталася целам”, у Хрысце Бог прыйшоў да чалавека. Падчас нашага чытання Пятага Евангелля, на Святой Зямлі мы наведвалі найважнейшыя месцы нашай веры. Тут мушу патлумачыць, што азначае Пятае Евангелле, калі ў нас іх чатыры. Пятае Евангелле дазваляе дакрануцца да месцаў, звязаных з Панам Езусам, пабачыць іх на ўласныя вочы. Хтосьці скажа: што можна ўбачыць праз 2000 гадоў з часу смерці нашага Збаўцы, калі даўно каменя на камені не засталося з тых гадоў? Няма нічога больш памылковага. Месцы, у якіх усё гэта здарылася, застаюцца тымі ж самымі. Таксама хтосьці скажа, што паўсталі новыя Цэрквы, якія ў часы Пана Езуса не існавалі. Так, але яны сведчаць аб памяці пра ўсе гэтыя месцы. Тых, хто сумняецца, гэта здзівіць. Існуюць такія санктуарыі, якія засталіся з часоў Пана Езуса. Гэта Галілейскае возера з чатырма быццам бы алтарамі, Гара Васьмі Благаслаўленняў, касцёл Табхі, касцёл Прымату св. Пятра і Кафарнаум. Падлога – гэта паверхня водаў возера, сцены – узгоркі, якія атуляюць возера, а скляпенні – блакітнае неба. Калі ў нашым уяўленні мы выдалім навакольныя дамы, то на ўсё гэта глядзеў Пан Езус. Ад самой гэтай думкі ў чалавека бягуць мурашкі па скуры.

_dsc5680Мы дасягнулі таксама месца, у якім усё пачалося. Месца Звеставання, Назарэт. Менавіта тут анёл абвясціў Марыі: “І вось зачнеш і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Будзе Ён вялікім і будзе названы Сынам Найвышэйшага”. Назарэт, родны горад Пана Езуса, сёння не нагадвае горада тых часоў, калі Марыя са збанам на галаве хадзіла да крыніцы за вадой, а ля Яе ішоў маленькі Езус і босымі нагамі ўздымаў прыдарожны пыл. Калі мы накіроўваліся ў горад Эйн-Карэм, месца сустрэчы Марыі са св. Альжбетай і месца нараджэння св. Яна Хрысціцеля, то здзіўляліся Маці Божай, якая на восліку пераадолела дзясяткі кіламетраў праз Юдэйскую пустыню. Мы гэтую адлегласць пераадолелі ў люксавых умовах, у аўтобусе з сістэмай клімат-кантролю. Трэба памятаць, што тады Маці Божая была ўжо ў благаслаўлёным стане. Будучы на Святой Зямлі, цяжка абмінуць Яд ва-Шэм, Інстытут памяці мучанікаў і герояў Халакосту. Гэта галоўнае месца ў Ізраілі ў памяць пра Халакост. Тут асабліва ў Алеі Праведнікаў Народаў Свету, дзе пасаджана больш за дзве тысячы дрэваў у памяць аб неяўрэях, бачыш, колькі праведнікаў сярод народаў рызыкавалі сваім жыццём, каб ратаваць сваіх яўрэйскіх суседзяў з рукаў нямецкіх нацыстаў. Трэба памятаць, што часта каралі смерцю людзей, якія ўкрывалі яўрэяў у сябе дома. Пасля вялікага роздуму ў месцы, дзе гарыць вечны агонь, мы накіраваліся на ўзгорак у Яд ва-Шэме, каб пабачыць дар польскага народа для Інстытута – вагон, у якім яўрэяў перавозілі ў канцлагеры. Ён стаіць на краі прорвы і з’яўляецца сімвалам канца многіх чалавечых існаванняў.

nik_8614Чарговым месцам нашага наведвання было Поле Пастухоў, на якім тым, хто пасвіў авечак, аб’явіўся анёл, абвяшчаючы, што ў недалёкім Бэтлееме нарадзіўся Пан Збаўца – Езус Хрыстус. Вялікім духоўным перажываннем для нас быў удзел у святой Імшы, якая цэлебруецца вельмі рана ў Гроце Нараджэння Пана Езуса. Былі мы і на вяселлі ў Кане Галілейскай. Таксама там сужэнствы з нашай групы аднавілі свае абяцанні, сакрамэнт сужэнства. Былі слёзы ўзрушэння, а можа, і ў тых, хто не прыехаў сюды са сваім мужам ці жонкай, каб удзельнічаць у такой вялікай справе. Быць на Святой Зямлі і не пабываць над Мёртвым морам – гэта як быць у Рыме і бачыць Папу. Пасля наведвання Бэтаніі і цэлебрацыі святой Імшы ў месцы ўваскрашэння Лазара мы скіраваліся ў пустыню, каб спазнаць тое, што было дадзена Маці Божай у Яе падарожжах у Эйн-Карэм, а пазней у Бэтлеем. Высокая тэмпература, каля 42 градусаў Цэльсія, сарны на пустынных скалах (Юдэйская пустыня скалістая), у аддаленні пасвяцца авечкі, у даліне праваслаўны манастыр св. Козібы і Гора, што завецца месцам спакушэння Пана Езуса. Усё гэта зрабіла на нас вялізнае ўражанне.

Потым яшчэ рэзкі спуск да Ерыхона – найстарэйшага горада свету – на абед і пераезд праз Мёртвае мора. Тут былі хвіліны для цела. Вада тэмпературай +38 градусаў, вельмі салёная, дазволіла нам перажыць хвіліны адпачынку. У гэтай вадзе патануць немагчыма. Нават тыя, хто не ўмее плаваць, могуць спакойна, без найменшага руху ўздымацца на ёй. Некаторыя нават чыталі газеты. Тут мы правялі тры гадзіны.

_dsc4483Па дарозе на Каср-аль-Яхуд, на раку Ярдан мы спыняемся ў месцы Хросту Пана Езуса. Гэтае месца стала даступным для пілігрымаў толькі апошнія некалькі гадоў. Раней сюды можна было прыбыць раз у год у працэсіі ў дні святаў Хросту Пана Езуса. Паколькі ад Іарданіі Ізраіль аддзяляе толькі рака Ярдан, тэрыторыя вакол замініравана. Засталася вузкая дарога, з якой нельга збочваць. Таксама там, над берагам Ярдана, мы аднавілі нашы абяцанні хросту. Далейшая дарога ў кірунку Хайфы віецца сярод маляўнічай даліны ракі Ярдан і гор Маава. Краявіды становяцца ўсё больш зялёнымі. Праз прыкладна тры гадзіны язды мы дасягаем другога па велічыні горада пасля Тэль-Авіва – Хайфы. Наш аўтобус пачынае пакутліва ўздымацца на Гару Кармэн з санктуарыем Stella Maris, адкуль адкрываецца цудоўная панарама на Міжземнае мора і горад Хайфу. Яўрэі, якія там жывуць, звычайна кажуць: у Ерузалеме мы молімся, у Хайфе працуем, а ў Тэль-Авіве адпачываем. І штосьці ў гэтых словах ёсць. Пасля цудоўнага абеду над берагам мора мы маглі вельмі добра пакупацца ў яго прахалоднай вадзе (+30 градусаў C). Падчас нашай пілігрымкі мы пабывалі і на Гары Перамянення Пана, святой Гары Табор.

_dsc3968Пятніца для кожнага хрысціяніна асацыюецца з Крыжовым шляхам і мукай Пана Езуса. Як жа адрозніваецца гэты Шлях ад тых, што праводзяцца ў касцёлах у нас. У нашых святынях – у поўнай цішыні і засяроджанасці, тут, у Ерузалеме, — на вузкіх вулачках Via Dolorosа, сярод гоману гандляроў і пакупнікоў. Гоман, гул, шум арабскай музыкі не дазваляюць цалкам засяродзіцца і паразважаць над асобнымі стацыямі. Але так, напэўна, было, калі Пан Езус ішоў на смерць. Нікога не хваляваў “нейкі” асуджаны Езус. Жыццё працякала ва ўсёй паўнаце. Ерузалем – “сумнае” месца ў параўнанні з усімі іншымі, звязанымі з Хрыстом. Менавіта тут знаходзіцца Сад – месца, дзе Езус быў схоплены. Бэттагія, з якой вырушыў Езус у Пальмовую нядзелю, Аліўная гара з месцам Яго Унебаўшэсця, касцёл у памяць аб тым, як Езус навучыў апосталаў малітве “Ойча наш”, Dominus Flevit – месца плачу Хрыста над Ерузалемам, Вячэрнікі, дзе была ўстаноўлена Эўхарыстыя, і ўрэшце найсвяцейшае для хрысціян месца – базыліка Божага Гробу разам з Кальварыяй. Блізкасць гэтага месца ад Старога польскага дома дазваляе нам штодзень вечарам наведваць Божы Гроб.

І на заканчэнне – варта памятаць, што ўсе месцы, у якіх Бог уваходзіць у гісторыю чалавека, каб аб’явіцца і прыгарнуць яго да сябе, святыя.

З павагай.

_dsc4036

_dsc4117