+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top

Дарагія пілігрымы!

Вітаем вас на нашай новай інтэрнэт-старонцы “Каталіцкі пілігрым”. Яна атрымала новую форму і аблічча. Праз яе мы жадаем зацікавіць вас і заахвоціць да супольнага вандравання, якое мы, хрысціяне, называем пілігрымкай.

Для хрысціян пілігрымка з’яўляецца важным рэлігійным актам, такім, як малітва, пост, міласціна, жыццём сакрамэнтальнай ласкай, моцай і жыццём, якое паходзіць з Божага слова і Евангелля.

Праз гэтую інтэрнэт-старонку запрашаем на шлях супольнага вандравання праз жыццё, а таксама запрашаем быць разам на пілігрымскіх шляхах да святых мясцін, такіх, як Ерузалем, Рым, Сант’яга-дэ-Кампастэла, Фаціма, Чэнстахова, Гвадэлупэ, Вільнюс, Лурд, Будслаў і шмат іншых месцаў, звязаных з Езусам, Паннай Марыяй, апосталамі і святымі.

„Вандроўкай адной жыццё ёсць чалавека,

Ідзе там, ідзе тут,

Жыццё бяжыць уніз, уздоўж, смерць яго чакае…

Нічога, нічога – пакуль будуць сілы, буду ісці, буду бегчы, не здамся…”

Жыццё, якое з’яўляецца нястомным вандраваннем па гэтай зямлі ў дом Айца, – гэта пілігрымаванне. Пілігрымка – адлюстраванне чалавечага жыцця, пастаяннага падарожжа з гэтай зямлі, дзе мы не маем трывалага прабывання, да вечнай мэты – дому Айца ў небе (пар. 1П 2, 11; Гбр 13, 14; Флп 3, 20).

Адна з найстарэйшых форм вандравання – падарожжа, якое адбываецца ў рэлігійных мэтах, або пілігрымка. Пілігрымка – гэта падарожжа рэлігійнага характару да месца, якое лічыцца святым, у якім падарожнік, г.зн. пілігрым, спадзяецца бліжэй спаткацца з Богам або Яго святымі. Пілігрым жадае споўніць там акрэсленыя формы культу з мэтай атрымання звышнатуральных ласкаў.

 

Мэты нашага супольнага пілігрымавання

Духоўнай мэтай пілігрымкі з’яўляецца выкананне актаў культу, праз якія падарожнік жадае дзякаваць, чыніць пакаянне або прасіць аб жаданых ласках.

Эсхаталагічнае вымярэнне пілігрымкі нагадвае, што ўсе мы знаходзімся ў дарозе. Дарога ў санктуарый – гэта знак і вобраз дарогі ў Нябеснае Валадарства.

Пілігрымка мае таксама пакутнае вымярэнне. Яна падобная да “дарогі навяртання”. Гэта нагода прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

Пілігрымка мае і святочнае вымярэнне. Гэта адпачынак і перапынак у штодзённай манатоннасці, бо дазваляе чалавеку хоць крыху адысці ад звычайнага жыцця. Гэта суцяшэнне ў клопатах жыцця, якое для многіх, а асабліва для бедных, з’яўляецца стамляючым цяжарам.

Пілігрымка мае апостальскі характар. Пілігрымы з’яўляюцца знакам веры для іншых, становяцца вандруючымі вестунамі Хрыста.

Пілігрымка – гэта перш за ўсё акт культу. Пілігрым ідзе ў санктуарый для таго, каб спаткацца з Богам, перажыць Яго прысутнасць, аддаючы Яму хвалу і адкрываючы перад Ім сваё сэрца.

У санктуарыі пілігрым спаўняе шмат актаў культу. Яго малітва атрымлівае розныя формы: адарацыя і хвала Пану за Яго дабрыню і святасць; падзяка за атрыманае дабро; выпрошванне ласкаў, неабходных у жыцці; просьба аб прабачэнні здзейсненых грахоў. Пілігрымаванне з’яўляецца таму асаблівай формай зносінаў з Богам, пошукам крыніц веры і сэнсу чалавечага існавання.

Падчас нашых пілігрымак мы будуем супольнасць праз штодзённую святую Імшу, якая яднае і дазваляе цешыцца радасцямі, але і зносіць цяжкасці пілігрымавання. Дзякуючы ёй пілігрымкавы выезд становіцца выездам асаблівым.

Нельга выключыць пазарэлігійных матываў пілігрымавання, такіх, як любоў да падарожнічання, жаданне наталіць цікавасць і пабываць у новых месцах, жаданне незвычайных перажыванняў, досвед супольнага прабывання з іншымі людзьмі, знаёмства з помнікамі хрысціянскай культуры.

 

Якія мы маем планы на 2017 год?

100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме – 08-15.07.2017 г. (на самалёце), 05-23.07.2017 г. (на аўтобусе)

Вельмі важнай падзеяй у жыцці Паўсюднага Касцёла ў 2017 годзе з’яўляецца 100-я гадавіна аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. У 2017 г. пройдзе сто гадоў з часу здарэнняў у Фаціме, калі Панна Марыя аб’явілася траім партугальскім пастушкам – Франсішку, Жасінце і Люцыі. Яна заклікала іх да ружанцовай малітвы, якая дапамагае выпрасіць мір для ўсяго свету.

Інаўгурацыю святкаванняў у Фаціме здзейсніць Папа Францішак, які 12 або 13 мая прыбудзе ў гэтую партугальскую мясцовасць. Рашэнне наконт канчатковай даты і праграмы візіту Святога Айца прыме Ватыкан, а ўлады санктуарыя не будуць мець на гэта ніякага ўплыву. Папа Францішак стане чацвёртым Пантыфікам, які наведвае партугальскі санктуарый Маці Божай. Раней у Фаціму пілігрымавалі Павел VI, Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. Кардынал Хорхе Марыё Берголіо перад тым, як уступіць на Святы Пасад, ніколі не бываў у Партугаліі.

З нагоды гэтай асаблівай гадавіны “Каталіцкі пілігрым” арганізуе ў Фаціму дзве пілігрымкі (першая – на самалёце, другая – на аўтобусе), каб была магчымасць лепш пазнаёміцца з гэтым месцам, дзе здзейснілася аб’яўленне, скіраванае сапраўды да кожнага з нас. Цэнтральнымі падзеямі пілігрымкі будуць супольная Эўхарыстыя пілігрымаў з Беларусі пад кіраўніцтвам Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, іншых іерархаў, святароў і вернікаў, супольны Крыжовы шлях, удзел у міжнародным ружанцовым набажэнстве і працэсія са свечкамі на плошчы перад санктуарыем.

Сардэчна запрашаем і ўжо зараз просім прымаць рашэнне наконт удзелу ў гэтай пілігрымцы і запісвацца. Можа здавацца, што яшчэ шмат часу, але на самой справе гэта не так, бо трэба замовіць колькасць месцаў у самалёце, а таксама зарэзерваваць аўтобусы, гасцініцы і праваднікоў.

 

Святая Зямля – асвячэнне табліц Хросту Пана над Ярданам на беларускай мове – “Там, дзе хрост, там вера, надзея і любоў…” – першая пілігрымка 5-12.10.2017 г. (на самалёце), другая 05-14.10.2017 г. (на самалёце)

 

Заклік чарговай агульнабеларускай пілігрымкі “Там, дзе хрост, там вера, надзея і любоў…” вызначае духоўную мэту гэтай пілігрымкі. Мы адпраўляемся ў яе, каб ля крыніцы Хросту Пана, на Галгоце, дзе нарадзіўся сакрамэнт хросту і дзе адбыўся хрост у водах Ярдана, аднавіць абяцанні хросту, а таксама прыгадаць сабе боскія цноты, атрыманыя падчас хросту: веру, надзею і любоў. Мы жадаем аднавіць ласку святога хросту і рэалізаваць усё тое, што атрымалі падчас яго, у нашым жыцці. Імпульсам да гэтага і стане дадзеная пілігрымка.

„Тады Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян стрымліваў Яго, кажучы: “Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?” Але Езус сказаў яму ў адказ: “Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва”. Тады Ян дазволіў Яму. Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І вось голас з нябёсаў прамовіў: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў”” (Мц 3, 13–17).

Хрыстус, ужо будучы дарослым 30-гадовым мужчынам, прыходіць на берагі Ярдана, каб з рук Яна Хрысціцеля, свайго Папярэдніка, прыняць хрост. Хоць сам Ён не меў граху, не адрозніваў сябе ад грэшных людзей: разам з імі ўвайшоў у воды Ярдана, каб атрымаць ачышчэнне. Такім чынам Ён асвяціў ваду. Апісанне хросту Пана Езуса пакінулі нам усе тры сінопсісы. Найбольш падрабязна гэтую падзею перадаў нам св. Мацвей. У падзеі хросту Езус быў прадстаўлены сваім Айцом як Сын, спасланы для здзяйснення справы збаўлення. Місію Езуса пацвярджае сваім сведчаннем Бог Айцец. Зачыненыя праз грэх Адама нябёсы адкрываюцца, на Езуса сыходзіць Дух Святы. З неба гучыць адназначны голас: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў”. У таямніцы Хросту Пана з аднаго боку нам аб’яўляецца Езус як умілаваны Божы Сын, пасланы Айцом у моцы Духа Святога для збаўлення чалавека, а з другога – скіроўваецца ўвага на рэчаіснасць нашага хросту. Бо ў гэтым сакрамэнце мы спазнаём збаўчую моц Хрыста, якая вызваляе з няволі грахоў. Мы становімся таксама напоўненыя Духам Святым, і такім чынам кожны з нас робіцца ўмілаваным Божым дзіцём.

Цэнтральнай падзеяй гэтай пілігрымкі будзе асвячэнне табліц Хросту Пана над Ярданам на беларускай мове – гэта ўжо пятае беларускае месца на Святой Зямлі. Узначаліць пілігрымку і ўрачыстасці ў Ярданіце Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Сардэчна запрашаем і просім аб хуткім запісе, каб зарэзерваваць у “Белавиа” адпаведную колькасць месцаў у самалёце.

Прапануем вам, дарагія пілігрымы, шырокую праграму пілігрымак, якую мы падрыхтавалі

Прадстаўляем новую праграму пілігрымак на 2017 год >>>

Запрашаем вас на пілігрымскі шлях – ужо зараз заплануйце свой адпачынак, выезды, каб зарэзерваваць сабе месца ў цікавячай вас пілігрымцы.

Традыцыйныя пілігрымкі і кірункі

Польшча – слядамі Яна Паўла ІІ – 09-14.02.2017 г., 06-10.05.2017, 01-06.12.2017 г. (на аўтобусе)

Маршрут пілігрымавання пачнецца на Вавельскім узгорку візітам у катэдру, дзе Караль Вайтыла цэлебраваў шмат святых Імшаў. Пасля адбудзецца наведванне духоўнай семінарыі (зараз Архідыяцэзіяльны музей), а затым Біскупскага палаца са славутым акном, з якога Ян Павел ІІ вітаў вернікаў падчас пілігрымак на радзіму. Працягам маршруту стане Collegium Novum – галоўны будынак Ягелонскага ўніверсітэта, дзе Караль Вайтыла выкладаў тэалогію. Затым пілігрымы пройдуць на Галоўны рынак да марыяцкага касцёла, а потым да касцёла св. Фларыяна, дзе будучы Папа быў вікарыем. Пасля яны пераедуць на Блоні, дзе падчас пілігрымак на радзіму Святы Айцец цэлебраваў Імшы, якія збіралі мноства вернікаў. Тут таксама знаходзіцца “папскі камень” – вялікі гранітны камень з ваколіц Марскога Вока ў памяць аб 19-й гадавіне інаўгурацыі пантыфікату Яна Паўла ІІ.

Рым – слядамі Яна Паўла ІІ 30.06-11.07.2017 г. (на аўтобусе)

Я быў у Вечным горадзе шмат разоў, і заўсёды мае прабыванне было звязана з пантыфікатам Папы-паляка. Зараз, калі гэтага вялікага чалавека ўжо няма ў Апостальскай Сталіцы, адбываецца вандроўка яго слядамі… Першыя крокі мы скіроўваем звычайна да Ватыканскіх садоў, да гробу Яна Паўла ІІ. Праходзячы праз плошчу св. Пятра, варта на хвіліну затрымацца, скіроўваючы позірк да акна на чацвёртым паверсе Апостальскага палаца, з якога Папа кожную нядзелю прамаўляе разам з вернікамі малітву “Анёл Панскі”. На працягу 27 гадоў гэта рабіў Ян Павел ІІ. Дзве апошнія сустрэчы – у велікодную нядзелю і ў сераду 30 сакавіка 2005 г., пазначаныя нямым цярпеннем, – надоўга застануцца ў памяці многіх людзей. Гэта адно з вокнаў папскага кабінета, дзе аканіцы па традыцыі заўсёды адчынены. Справа ад яго, а таксама два вокны за вуглом, звернутыя ў кірунку Брамаў св. Ганны, – гэта спальня Папы, злева ад кабінета знаходзіцца бібліятэка, у якой адбываюцца некаторыя аўдыенцыі…

Святая Зямля, “Па слядах Хрыста” – першая пілігрымка 02-09.04.2017 г., другая – 21-28.12.2017 г. (на самалёце)

Удзельнікі пілігрымкі атрымаюць магчымасць адчуць на сабе дух вялікай падзеі, якая змяніла лёс чалавецтва, дакрануцца да нямых сведкаў мінулых стагоддзяў — помнікаў і прыроды Святой Зямлі. На Святой Зямлі Езус больш не ходзіць па гарах і раўнінах. Вы не можаце больш Яго пачуць у сінагогах і ў Святыні. Яго больш няма ў дамах з мытнікамі і грэшнікамі. На шчасце, Ён пакінуў нам яркі прыклад і жывы след сваіх ног. Сёння вы можаце сустрэцца з Ім жывым на дарогах Галілеі, Юдэі і Ерузалема. З верай у сэрцы і Евангеллем у руцэ. Падарожжа ў Святую Зямлю большае за турыстычны паход. Гэта пілігрымка па слядах патрыярхаў, суддзяў і прарокаў. Нарэшце, гэта пошук сябе, пошук іншых і надзеі на Сустрэчу з Ім.

Прапануем вам новыя кірункі:

Мальта – востраў св. Паўла – 19-26.08.2017 г.

“З вялікай радасцю вяртаюся на гэты востраў, такі дарагі св. Паўлу, Апосталу язычнікаў, і заўсёды дарагі Наступніку Пятра. Гэты візіт завяршае маю юбілейную пілігрымку, якая была духоўным перажываннем гісторыі збаўлення і вяла ад айчыны Абрагама праз Сінай, дзе Бог даў Дзесяць запаведзяў, да Святой Зямлі, дзе здзейсніліся вялікія падзеі нашага адкуплення. Сёння ж, ідучы слядамі св. Паўла, я прыбыў зноў да вас, дарагія жыхары Мальты… Мальта, Мальта! Вельмі шмат атрымалася дзякуючы служэнню св. Паўла і служэнню бл. кс. Юрыя, бл. Ігнацыя Фальцона і бл. Адэадаты. Накіроўваючыся да будучыні, заставайся вернай пакінутай імі спадчыне! Ідзі за Хрыстом з непадзеленым сэрцам і ніколі не бойся гучна выказацца за праўду, якая збаўляе, і каштоўнасці, якія вядуць да жыцця” (Ян Павел ІІ, Мальта, 9 мая 2001 г.).

Чым вылучаецца Мальта? Пілігрымкі арганізуюцца туды перш за ўсё з прычыны адметнай гісторыі. Бо тут у 60 г. н.э. спыніўся св. Павел, накіроўваючыся ў Рым. Плёнам яго трохмесячнага прабывання тут стала паўстанне аднаго з першых хрысціянскіх паселішчаў. Мальта – востраў, які асацыюецца з ордэнам Мальтыйскіх Рыцараў (ордэнам іаанітаў), якія валодалі ім у 1530-1798 гг. Сёння пасля іх засталіся велічныя марскія крэпасці. Менавіта гэтым прыцягвае турыстаў і пілігрымаў Мальта. Пілігрымкі ў краіну, якая лічыцца найбольш каталіцкай у Еўропе (акрамя Ватыкана), у якой каля 98 працэнтаў жыхароў з’яўляюцца католікамі, заўсёды маюць цікавую праграму. На востраве знаходзіцца каля 360 сакральных аб’ектаў, і кожны з іх мае свайго апекуна. Падчас паездкі на Мальту можна наведаць частку з гэтых святыняў, пазнаёміцца з жыццём насельніцтва гэтай краіны і пабачыць іншыя характэрныя для яе помнікі. “Каталіцкі пілігрым” прапануе цікавае падарожжа на востраў Мальта. Пілігрымкі дазваляюць адкрыць багатае мінулае гэтых мясцін, а разам з тым пабачыць іх сучаснасць. Пілігрымуй на Мальту з “Каталіцкім пілігрымам”!

Грузія – пілігрымка да калыскі хрысціянства, 13-20.05.2017 г.

Грузія – адна з найстарэйшых хрысціянскіх краін свету. Ужо нават з гэтай прычыны варта там пабываць. У дадатак прыгожыя горныя краявіды, цудоўныя помнікі сакральнай архітэктуры, непаўторная кухня і вельмі гасцінныя людзі. Найстарэйшыя грузінскія храмы, якія дзейнічаюць да нашага часу, паходзяць з VI ст.! Запрашаем у падарожжа.

Францыя – пілігрымка да Маці Божай – Лурд, Ла-Салет, 01-13.09.2017 г. (на аўтобусе)

На працягу гэтых дзён мы наведаем знакамітыя санктуарыі Маці Божай: французскія Лурд і Ла-Салет і баварскі Альтэцінг. Будзе час на асабістую малітву і адарацыю.

Санктуарый у Ла-Салеце. У гэты санктуарый Маці Божай, размешчаны найбольш высока ў свеце – на вышыні 1820 м над узроўнем мора – пілігрымаў прыцягвае аб’яўленне Панны Марыі, якое адбылося там, а таксама непаўторны горны клімат.

У мястэчку Корпс ёсць незаўважная таблічка з надпісам: “Ла-Салет – санктуарый Маці Божай, 15 км”. Яшчэ некалькі будынкаў – і ўжо амаль толькі горы і дарога, якая віецца па альпійскіх схілах. Віды за вокнамі аўтобуса ці аўтамабіля захапляюць незалежна ад пары года. Разам са зменай вышыні адкрываюцца новыя горныя вяршыні, сярод якіх найбольш велічная – Обіу вышынёй 2800 м над узроўнем мора. Гэта французскія Альпы. Тут прыгожа ўвесь год, бо кожная пара года ўносіць штосьці новае ў атачэнне санктуарыя. Безумоўна, вясна на гэтых вышынях прыходзіць значна пазней, і калі ў нізінах у чэрвені ўжо лета і горача, тут, асабліва ўвечары, адчуваецца халоднае горнае паветра. Падарожжа суправаджаецца ўражаннем, што мы ўздымаемся на святую гару, містычнае месца, дзе можна адчуць асаблівую блізкасць Бога. Пасля некалькіх рэзкіх паваротаў з-за ўзгоркаў паказваюцца дзве вежы базылікі і будынкі кляштара.

Грэцыя – слядамі св. Паўла і Лідзіі, першай хрысціянкі, ахрышчанай у Еўропе – 02-09.06.2017 г. (на самалёце)

Запрашаем у Грэцыю – калыску еўрапейскай цывілізацыі. Тут можна пабачыць найцудоўнейшыя мясціны, прасякнутыя старажытнай гісторыяй Грэцыі, якія прамаўляюць да кожнага сваёй годнасцю, прыгажосцю і велізарным здабыткам мінулага, поўным міфаў і таямніц. Належыць памятаць, што Грэцыя – гэта не толькі старажытнасць. Гэта таксама краіна глыбокай хрысціянскай традыцыі, якая нарадзілася ў пачатку нашай эры. Гэта краіна, якую наведаў першай падчас свайго падарожжа ў Еўропу апостал Павел. Прапануем вам пілігрымку шляхам св. Паўла, каб пражыць адзін з найцікавейшых эпізодаў гісторыі Грэцыі і Еўропы з пачаткаў хрысціянства.

 

Удзел у важных каталіцкіх урачыстасцях:

Будслаўскія ўрачыстасці Апякункі Беларусі 2 ліпеня 2017 г.

Пілігрымка на ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Аглоне (Латвія) 15 жніўня 2017 г.

Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, у Вільнюсе 13-20 лістапада 2017 г.

Прапановы іншых пілігрымак і іх рэалізацыя залежаць ад зацікаўленасці:

Слядамі св. Паўла, Турцыя – адбудзецца, калі будуць зацікаўленыя, дата будзе пададзена пазней у адпаведны час.

Святая Зямля – Іярданія, Турцыя – адбудзецца, калі будуць зацікаўленыя, дата будзе пададзена пазней у адпаведны час.

Слядамі найстарэйшых касцёльных супольнасцяў – Арменія, Турцыя – адбудзецца, калі будуць зацікаўленыя, дата будзе пададзена пазней у адпаведны час.

Просім паведаміць аб вашай зацікаўленасці як мага хутчэй, бо ад гэтага залежыць, ці будзе рэалізавана дадзеная прапанова пілігрымкі.

Акрамя таго, мы можам дапамагчы ў арганізацыі пілігрымак паводле просьбаў і праграм, прапанаваных парафіямі, супольнасцямі, групамі, а таксама індывідуальных.

Прапанова для тых, хто хоча падзяліцца:

Падары пілігрымку як прэзент з нагоды гадавіны шлюбу, Першай святой Камуніі, юбілею, імянін або для кагосьці, каму жадаеш зрабіць падарунак.

Просім таксама аб удзеле ў падрыхтоўцы цікавячых праграм пілігрымак. Чакаем вашых прапаноў і парадаў.

Усе нашы пілігрымкі арганізуюцца без начных пераездаў, ноч праходзіць заўсёды ў гасцініцы або доме пілігрыма. Гэта важна, бо ад гэтага залежыць наша бяспека і сапраўдны адпачынак пасля дзённай працы.

Практычная інфармацыя:

У пілігрымцы могуць прымаць удзел не толькі католікі, але і вернікі іншых хрысціянскіх канфесій, з адзінай умовай, што прымуць праграму і правілы ўдзелу ў дадзенай пілігрымцы. Таксама нельга аддаляцца ад групы, не паведаміўшы адказнаму за групу.

Важна быць пунктуальна ў вызначаным месцы; спазненне сур’ёзна перашкаджае парадку пілігрымкі і стварае непаразуменні.

Выходзячы з аўтобуса, важна дакладна запомніць месца і час сустрэчы. Калі ў кагосьці існуюць цяжкасці з арыентацыяй у прасторы, трэба трымаць зрокавы кантакт з правадніком або спадарожнікам.

Штодзённа будзе цэлебравацца святая Імша (варта прыступіць, калі гэта магчыма, да сакрамэнту пакаяння перад выездам). Заахвочваем узяць з сабой Святое Пісанне і малітоўнік, ружанец.

Варта заўсёды мець для сваіх сяброў па пілігрымцы добрае слова і ўсмешку.

Трэба памятаць аб адпаведным адзенні ў святых месцах. Службы парадку не ўпускаюць асобаў, апранутых не належным чынам.

Сцерагчы грошы і дакументы. Дзеля бяспекі не пакідаць іх нават у гасцінічным нумары.

Зрабіць ксеракопіі дакументаў і захоўваць іх у асобным ад арыгіналаў месцы.

Набываючы рэлігійныя сувеніры, варта звяртаць увагу на іх эстэтычную каштоўнасць і на тое, ці адпавядае іх сутнасць праўдам нашай веры.

Удзельнік пілігрымкі павінен мець сапраўдны пашпарт (у выпадку падарожжа ў краіны ЕС і іншыя краіны). За ўсялякія пашпартна-мытныя парушэнні адказвае толькі зацікаўленая асоба.

Асноўны багаж, змешчаны ў багажных камерах, будзе даступны толькі вечарам пасля прыезду ў гасцініцу.

Варта падрыхтаваць падручны багаж, у якім знаходзяцца асабістыя рэчы, неабходныя на працягу дня.

Належыць узяць з сабой неабходныя лекі, сухі правіянт паводле ўласнага густу, які мае адпаведную трываласць.

Належыць падрыхтаваць адпаведнае адзенне і зручны абутак, парасон, сонечныя акуляры, галаўныя аборы, што адпавядаюць порам года і дадзенай краіне.

Кожны пілігрым, які падарожнічае з намі, застрахаваны ад коштаў лячэння (KL) да сумы 30 000 еўра і ад наступстваў няшчасных выпадкаў.

Маем глыбокую надзею, што наша прапанова акажацца цікавай. Калі пры праглядванні прапаноў узнікнуць якіясьці пытанні, вельмі просім скантактавацца з намі. Мы зробім усё, каб пілігрымка з “Каталіцкім пілігрымам” стала для вас адной з найцудоўнейшых прыгодаў жыцця.

Жыццё чалавека – гэта падарожжа, якое мае свой пачатак і свой канец, жадаем мы таго ці не. Аднак гэтыя нашы падарожжы адрозніваюцца. Часам у іх мы кіруемся ўспамінам і тугой па месцах, якія ўжо ведаем, часам жа надзеяй і верай, каб пабываць у месцах, якіх яшчэ не ведаем. Гэта падарожжы, якія нас аддаляюць, і падарожжы, якія набліжаюць да мэты нашага жыцця. Падарожжа, у якім мы кіруемся верай, надзеяй і любоўю, можа стаць пілігрымкай са сваім выразна перажываным характарам.

Усю інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: Velcom +375 44 511 12 17; MTC +375 29 786 05 40 або праз электронны адрас pilgrims@tut.by.

Пілігрымуй з “Каталіцкім пілігрымам”!