+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Базыліка Гробу Пана ў Ерузалеме

Базыліка Гробу Пана нагадвае пра месца адкуплення, смерці і ўваскрасення Пана Езуса: Кальварыю і гроб. Гэта найважнейшая святыня хрысціянства. Першую базыліку ўзвёў на месцы знаходжання гробу Хрыста імператар Канстанцін пасля 325 г. Яна была асвечана ў 336 г. Была разбурана персамі ў 614 г., адбудавана візантыйцамі. Цудоўная святыня была зруйнавана па загадзе халіфа Хакіма ў 1009 г. З трох яе частак (Мартырыён, Трыпортыка і Анастасіс) да нашых часоў захавалася ратонда Анастасіс (Уваскрасення). Аднаўленне базылікі пачалося ў 1012 г. і працягвалася каля 30 гадоў. У 1099 — 1149 гг. крыжакі перабудавалі базыліку. У пазнейшыя стагоддзі яна шмат разоў перабудоўвалася і рамантавалася. Пажар у 1808 г. і землятрус у 1927 сур’ёзна пашкодзілі святыню. Зараз яна неаднародная ў архітэктурным плане. Свой выгляд атрымала галоўным чынам падчас Крыжовых паходаў. Яе асноўныя часткі – ратонда з капліцай Гробу Хрыста ў цэнтры, хор Грэкаў, капліца Галготы, крыпта св. Алены, кляштар францішканаў з капліцай Найсвяцейшага Сакрамэнту, грэчаскі манастыр з падворкам і шэраг капліц пры цудоўнай сярэднявечнай званіцы. Святыняй сёння апякуюцца каталіцкія манахі францішкане і праваслаўныя (у асноўным грэкі і армяне). На даху крыпты св. Алены пражывае невялікая супольнасць эфіёпцкіх і копцкіх манахаў. Цэнтр ратонды – капліца з дзвюх частак памерамі 8 x 5,9 м і вышынёй 5,9 м. У капліцы Анёла знаходзіцца алтар з фрагментам каменя, які быў пакладзены перад уваходам у грабніцу Езуса. Яшчэ адно, меншае, памяшканне было пахавальным. З правага боку знаходзіцца выкутая ў скале ніша, у якую было пакладзена цела Езуса. У базыліцы знаходзяцца пяць апошніх стацый Крыжовага шляху, у тым ліку Галгота – гара, на якой ставіўся крыж у час укрыжавання Хрыста. Археалагічныя працы, пачатыя ў 1960 г., пацвердзілі адпаведнасць месца размяшчэння базылікі тэксту Евангелля.

Цікавыя звесткі

Прынцыпы суіснавання хрысціянскіх супольнасцяў на тэрыторыі базылікі былі ўстаноўлены ў часы панавання султанаў. У 1852 г. быў устаноўлены так званы status quo, які акрэслівае правы і абавязкі асобных Цэркваў у іх дзейнасці на тэрыторыі базылікі. З асманскага перыяду ключы ад святыні захоўваюцца ў дзвюх мусульманскіх сем’ях, якія штодзень адчыняюць і зачыняюць яе. Кожны год у Вялікую суботу па юліянскім календары ў святыні Гробу Пана сыходзіць агонь, ад якога праваслаўны Патрыярх Ерузалема запальвае свечку. Гэта так званы Цуд Святога Агню.

Гадзіны адкрыцця: лета: 5:00 — 21:00, зіма: 4:00 — 19:00.

Адрас: Базыліка Гробу Пана (Church of the Holy Sepulchre), Suq Khan e-Zeit and Christian Quarter Rd., 91001 Jerusalem, Israel

Тэл.: +972 2 6267 000, +972 2 6267 011

Факс: +972 2 6276 601