+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Базыліка св. Антонія ў Падуі

Пры жыцці св. Антонія на месцы базылікі знаходзіўся касцёл Санта Марыя Матэр Доміні, сёння капліца Мадона Мора ўнутры яе. Побач з касцёлам у 1229 г. быў створаны манаскі ордэн, заснавальнікам якога быў сам св. Антоні. Пасля смерці святога, згодна з яго воляй, яго цела было пахавана ў Санта Марыя Матэр Доміні.
Базыліка св. Антонія, якую называюць “цудам Падуі”, з’яўляецца сапраўдным шэдэўрам мастацтва. Яе будаўніцтва пачалося пасля смерці святога ў 1231 г. Велізарны будынак узведзены ў форме лацінскага крыжа і накрыты візантыйска-венецыянскімі купаламі. Сённяшні ўнутраны выгляд святыні – галоўным чынам вынік трох рэканструкцый у 1238-1310 гг. Унутры базылікі можна назіраць злучэнне раманскага, гатычнага, венецыянска-ўсходняга і барокавага стыляў. Усе сцены ўпрыгожваюць фрэскі або барэльефы. Галоўны алтар аздабляюць скульптуры Данатэла. У левым трансэпце знаходзіцца арка св. Антонія. Барэльефы XVI ст. на сценах капліцы прадстаўляюць сцэны з жыцця святога.
Ужо шмат стагоддзяў базыліку наведваюць пілігрымы. У апсідзе касцёла каля Капліцы скарбу, дзе захоўваюцца рэліквіярыі з языком і сківіцай св. Антонія, знаходзіцца польская капліца св. Станіслава 1593 г., фундатарам якой быў Мікалай Асалінскі. З левага боку святыні, каля ўвахода, размешчаны алтар св. Максімільяна Кольбэ 1979 г. Каля касцёла знаходзіцца кляштар.

Цікавыя звесткі
Святы Антоні з’яўляецца апекуном многіх брацтваў, гарадоў Падуя, Лісабон, Падэрборн і Спліт, дзяцей, шахцёраў, сужэнстваў, нарачоных, парадзіх, бедных, падарожных, згубленых рэчаў і людзей, а таксама памочнікам у безнадзейных справах. Нарадзіўся ў Лісабоне ў 1195 г., яго імя было Фердынанд, уступаючы ў ордэн францішканаў, змяніў яго на Антоні. Праславіўся як прапаведнік, які ўздымаў маральныя пытанні. Пры яго гробе адбывалася так шмат цудаў, што Папа Грыгорый ІХ кананізаваў яго праз год пасля смерці. Жыхары Падуі называлі святога Антонія проста Святым, без імені.

Адрас: базыліка св. Антонія (La Basilica del Santo), Via Orto Botanico 11 — 35123 Padova, Italy
Тэл.: (+39) 049 87 89 722, 049 878 97 32
Факс: (+39) 049 87 89 735
Сайт: http://www.basilicadelsanto.org
Электронны адрас: infobasilica@santantonio.org