+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Базыліка св. Францішка ў Асізі

Працы па будаўніцтве базылікі св. Францішка пачаліся ў 1228 г., адразу пасля яго кананізацыі. Будаўніцтва дольнай часткі святыні працягвалася два гады, у ёй пакладзена цела святога. У 1239 г. было завершана ўзвядзенне базылікі і званіцы. Гатычна-раманскую святыню спраектаваў манах і архітэктар Ілія Банбардонэ. Яе ўпрыгожванне працягвалася яшчэ шмат гадоў, да яе асвячэння ў 1253 г. Найважнейшае месца базылікі – капліца Гробу св. Францішка. Калону-грабніцу атачаюць змешчаныя ў нішах грабніцы першых чатырох братоў Ордэну св. Францішка, благаслаўлёных Леона, Массео, Анджэло і Руфіна. Таксама тут знаходзяцца капліцы св. Марціна, св. Станіслава, св. Стэфана, св. Лаўрэнція, св. Антонія Падуанскага, св. Марыі Магдалены і св. Мікалая з Бары. Касцёл аздоблены шматлікімі фрэскамі аўтарства мастака пізанскай школы Пісано, фларэнтыйскай – Чымабуэ, Джота, рымскай – Тарыці, Каваліні, Русуці, сіненскай – Ларэнцэці і Марціні. Пашырэнне базылікі адбылося ў XIV і XV стагоддзях. Канчатковы выгляд базыліцы быў нададзены ў 1474 – 1476 гг. 25 сакавіка 1754 г. Папа Бэнэдыкт XIV надаў базыліцы тытул патрыярхальнай, а таксама папскай капліцы. Узносячы яе да годнасці Большай базылікі, адначасова ён уключыў яе ў лік святынь найбольшага рангу ў Касцёле. Яна з’яўляецца таксама найважнейшым францішканскім касцёлам, сімвалам еднасці францішканскай сям’і, да якой належаць тры ордэны: францішкане, кларыскі і свецкія францішкане. 8 верасня 1997 г. землятрус сур’ёзна пашкодзіў святыню.

Цікавыя звесткі

Базыліка была пабудавана на Пякельным узгорку (назва звязана са смяротнымі пакараннямі, якія здзяйсняліся на ім). Праз дзень пасля кананізацыі св. Францішка, 17 ліпеня 1228 г., Папа Грыгорый ІХ асвяціў месца будаўніцтва і змяніў назву на Райскі ўзгорак.

У 2000 г. базыліка і іншыя гістарычныя францішканскія мясціны былі ўнесены ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Адрас: базыліка св. Францішка Асізскага (Sacro Convento e Basilica Di San Francesco D’Assisi), Piazza S. Francesco 2, 06081 Assisi (PG), Italy
Tэл.: +39 075 819001
Факс: +39 075 8190035
Сайт: http://www.sanfrancescoassisi.org
Электронны адрас: franciscanum@sanfrancescoassisi.org