+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Боснія і Герцагавіна

Боснія і Герцагавіна (басн. і харв. Bosna i Hercegovina, серб. Босна и Херцеговина), таксама BiH або Боснія – федэратыўная дзяржава са сталіцай у Сараеве, размешчаная ў паўднёва-ўсходняй Еўропе, на Балканскім паўвостраве. Мяжуе на поўначы, захадзе і поўдні з Харватыяй, на ўсходзе з Сербіяй, на паўднёвым усходзе з Чарнагорыяй. З паўднёвага захаду мае доступ да Адрыятычнага мора.
Як суверэнная дзяржава Боснія і Герцагавіна функцыянуе з сакавіка 1992 года, калі была абвешчана незалежнасць Сацыялістычнай Рэспублікі Босніі і Герцагавіны, што канчаткова прывяло да распаду Югаславіі і было разам з тым адной з прычын выбуху грамадзянскай вайны. Вайна працягвалася больш за тры з паловай гады і скончылася падпісаннем у Дэйтане мірнага пагаднення, зместам якога было падтрыманне канстытуцыі, якая надавала Босніі і Герцагавіне сённяшнюю форму і палітычны лад. Вынікам з’яўляецца падзел краін на дзве галоўныя аўтаномныя адміністратыўныя адзінкі – Федэрацыю Босніі і Герцагавіны і Сербскую Рэспубліку, а таксама акругу Брчко, што знаходзіцца паміж імі.
Дзяржаўныя мовы – баснійская, харвацкая, сербская.
Сталіца – Сараева.
Форма дзяржаўнага кіравання – дэмакратыя.
Тып дзяржавы – федэральная рэспубліка.
Грашовая адзінка – 1 канвертуемая марка = 100 фенігаў (BAM)
Дамінуючыя рэлігіі – хрысціянства, іслам

split-1

Месцы, якія варта наведаць
Многія забываюць, што Балканы – гэта не толькі Грэцыя ці Харватыя. Адной з найменш ацэненых краін з’яўляецца Боснія і Герцагавіна, якая можа пахваліцца не толькі цікавай гісторыяй, але і прыгожымі помнікамі, смачнай ежай і незвычайнымі краявідамі. Гэтая дзяржава 20 гадоў таму ўзнімалася з руін пасля грамадзянскай вайны. Сёння тыя падзеі – ужо мінулае, і туды вярнулася жыццё. Прадстаўляем нагоды, дзеля якіх варта паехаць у гэты не адкрыты турыстамі куток Еўропы.
Сараева не толькі мае доўгую і цікавую гісторыю, але і прыгожа размешчана сярод вяршынь і ўзгоркаў. Амаль 75 працэнтаў будынкаў у сталіцы Босніі і Герцагавіны было знішчана або пашкоджана падчас грамадзянскай вайны ў 1992-1995 гг. І хоць з таго часу ўдалося адбудаваць большую частку горада і ў Сараеве зноў віруе жыццё, знішчэнні ўсё яшчэ відавочныя. Будынкі пакрыты рубцамі, а пра колькасць ахвяр, якіх паглынула вайна, сведчаць шматлікія могілкі ў горадзе. Гістарычны цэнтр сталіцы злучае ўсход з захадам – турысты кажуць, што ў Сараеве можна адчуць сябе крыху як у Вене, а крыху як у Стамбуле. Дух мінулага адчуваецца перш за ўсё ў такіх месцах, як у гарадскім цэнтры – Башчаршыі. Там мы знойдзем святыні з меднымі купаламі, вузкія вулачкі і базары. Помнікі мінулага ёсць таксама на вул. Фераджыя. Яна паходзіць з часоў, калі Боснія і Герцагавіна была акупавана Аўстра-Венгрыяй (ХІХ ст.). Будучы некалькі дзён у сталіцы Босніі і Герцагавіны, напэўна, сумаваць не давядзецца. Вялікая колькасць помнікаў і месцаў, звязаных з культурай, паркі, бары і кавярні запоўняць наш час.

mostar-1a

Мостар – гэты горад асацыюецца перш за ўсё са славутым Старым Мостам. Пасля таго, як падчас вайны трапіў пад танкавы абстрэл, ён зноў адбудаваны і прыцягвае турыстаў. Таксама Мостар – гэта атмасферныя вулачкі, рэстараны са смачнай ежай, кавярні і пасляваенныя сляды куляў на сценах. Такія Балканы ў двух словах, што кідаецца ў вочы асабліва тады, калі праходзім па мосце на Нярэтве і параўноўваем атмасферу, пануючую ў мусульманскай і хрысціянскай частках. Прагульваючыся па вуліцах, напэўна, мы сустрэнем шматлікія могілкі – памяць пра нядаўнюю грамадзянскую вайну, распачатую пасля распаду Югаславіі. Нягледзячы на ўсё, Мостар, верагодна, найбольш атмасфернае месца ў Босніі і Герцагавіне.
Благай – варта прыехаць сюды ненадоўга, каб пабачыць стары асманскі манастыр дэрвішаў і раку, што працякае каля яго. Вада б’е з пячоры, у якую можна ўплысці. Сюды лепш прыехаць рана, каб пазбегнуць натоўпу. Калі ёсць час, можна падняцца на ўзгорак з замкам.
Почытэль. Замак, які ўзвышаецца над мясцовасцю і ля падножжа якога маляўніча раскінуліся асманскія домікі. Гэта памяць пасля панавання туркаў. Сюды варта заехаць хаця б на дзве гадзіны. Калісьці гэта была, напэўна, Мекка для мастакоў, якія ахвотна куплялі тут дамы і шукалі натхнення. Сёння тут не трэба чакаць вялікіх натоўпаў – прагульваючыся па высока размешчаных вулачках, часта мы не спаткаем ніводнай жывой душы. Захапляюць некаторыя сядзібы, за брамамі якіх хаваюцца зялёныя газоны, што прыгожа кантрастуюць са старадаўняй архітэктурай. На жаль, ёсць тут і дамы, якім патрэбны рамонт і догляд.

medjugorie

Пілігрымка ў Меджугор’е
Меджугор’е – мясцовасць на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны, якая з’яўляецца мэтай многіх пілігрымак – галоўным чынам з той прычыны, што, верагодна, у 1981 г. там адбылося некалькі аб’яўленняў Маці Божай. Хоць гэтая інфармацыя да сённяшняга дня ні аспрэчана, ні пацверджана Касцёлам, пілігрымкі ў Меджугор’е арганізуюцца з усяго свету.
Яйцэ – маленькае мястэчка, дзе захаваўся ўражваючы замак і комплекс сярэднявечных гарадскіх брамаў. Сюды добра завітаць на некалькі гадзін. Будучы тут, варта пайсці ў ваколіцы аўтобуснага прыпынку, дзе знаходзіцца вадаспад. Прыгожы від на ваду і каньён ракі заслугоўвае ўвагі.
Траўнік. Шматлікія мячэці, старыя грабніцы і замак, што ўзвышаецца над горадам. У дадатак рассыпаныя па горадзе старыя мусульманскія могілкі, маляўнічы паток з затокамі, поўнымі рыбы, і маленькі гістарычны цэнтр. З крэпасці адкрываецца прыгожы від на ваколіцы, таму варта ўвайсці туды хаця б на некалькі хвілін. У Траўнік добра заехаць на дзве гадзіны па дарозе, напрыклад, у Яйцэ або Баня-Луку. Летам у горадзе арганізуюцца культурныя падзеі.
Баня-Лука – другі па велічыні горад Босніі і Герцагавіны. Можна сказаць, што тут няма нічога, акрамя начнога жыцця па выхадных, але забава ідзе поўным ходам. Жыццё канцэнтруецца тут уздоўж кароткага бульвара, што цягнецца ад супермаркета да касцёла.
Вішэград – горад з камуністычнымі блокамі і вельмі прыгожым старым каменным мостам. Сюды можна завітаць пры нагодзе.
Вадаспад Кравіцэ – тут спадабаецца тым, хто любіць прыроду. Недалёка адсюль знаходзіцца Харватыя. Сюды можна заехаць па дарозе ў Дуброўнік або падчас турыстычнай паездкі па Балканах.
Замак у мясцовасці Срэбранік – велічны замак, размешчаны на маляўнічай скале, з якога адкрываецца прыгожы від на ваколіцы. Знаходзячыся ў паўночна-ўсходняй Босніі, варта не забыцца наведаць гэты замак.

mostar-2