+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Францыя

Францыя, Французская Рэспубліка (фр. France) – дзяржава, мацерыковая частка якой знаходзіцца ў Заходняй Еўропе і якая валодае таксама заморскімі тэрыторыямі на іншых кантынентах. Мацерыковая частка краіны цягнецца ад Міжземнага мора на поўдні да праліва Ла-Манш і Паўночнага мора на поўначы і ад Рэйна на ўсходзе да Біскайскага заліва на захадзе. Французы часта называюць сваю краіну l’Hexagone (шасцікутнік), што паходзіць ад формы мацерыковай Францыі.

Краіна мяжуе з Бельгіяй, Люксембургам, Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй, Манака, Андорай і Іспаніяй. Заморскія тэрыторыі Францыі мяжуюць з Бразіліяй, Сурынамам і Галандыяй. Краіна злучана з Вялікабрытаніяй Еўратунэлем, які праходзіць пад пралівам Ла-Манш.

Французская Рэспубліка – унітарная дэмакратычная дзяржава, у якой важную ролю адыгрывае прэзідэнт. Таксама яна знаходзіцца на першых месцах сярод самых развітых краін свету. Найважнейшыя ідэалы Францыі сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна і ў дэвізе Французскай рэвалюцыі, які гучыць на старонках французскай прэсы і на манетах: liberté, égalité, fraternité („свабода, роўнасць, братэрства”). Краіна належыць да ліку заснавальнікаў Еўрасаюза і мае найбольшую плошчу сярод дзяржаў гэтай супольнасці. Таксама Францыя з’яўляецца членам-заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, уваходзіць у склад Франкафоніі, Вялікай сямёркі і Лацінскага Саюза. Пастаянны член Рады Бяспекі ААН, у якой мае права вета.

Па колькасці насельніцтва, эканамічным патэнцыяле, пазіцыі ў Еўропе, моцнай арміі (трэцяй пасля Расіі і ЗША) Францыя лічыцца адной з наймацнейшых дзяржаў свету.

Сталіца Францыі – Парыж, найбольшымі гарадамі з’яўляюцца Марсель, Тулуза, Ліён, Бардо, Ліль і Ніца.

Сталіца Францыі – Парыж.

Дзяржаўная мова – французская.

Колькасць насельніцтва (2015) — 66 318 000 чалавек.

Грашовая адзінка — 1 еўра = 100  еўрацэнтаў( EUR, €).

Консульская дапамога для падарожных грамадзян РБ у Францыі

Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы

Тэлефон: +33 1 44 14 69 78

Факс: +33 1 44 14 69 74

Адрас: 38, boulevard Suchet, 75016 Paris

Электронная пошта — fr.consul@mfa.gov.by

Французскае грамадства сёння не з’яўляецца ні каталіцкім, ні нават ужо хрысціянскім. Тут у цэлым не ідзе гаворка пра той факт, што якаясьці хрысціянская практыка ўтрымліваецца ў гэтай краіне ледзь на ўзроўні 5 працэнтаў, што французскія дзеці, калі ў іх пытаюцца аб тым, хто нарадзіўся ў стаенцы, якая з’яўляецца ў святочных дэкарацыях, называюць П’еро і Каламбіну, ці што дарослыя французы на пытанне аб дзесяці запаведзях схільныя хутчэй прыгадаць, што, здаецца, калісьці бачылі фільм з падобнай назвай, чым маральную норму, якія паўсюдна абавязвае ў еўрапейскай цывілізацыі.

Калі ўсё гэта мы супаставім з нашымі ўяўленнямі пра Францыю як “найстарэйшую дачку Касцёла”, з плеядай французскіх святых і іх выбітным дактрынальным, пастырскім і культурным уплывам на ўсю спадчыну французскай культуры, якую проста немагчыма зразумець без Евангелля, і з уплывам, які новыя французскія супольнасці, што з’явіліся пасля апошняга Сабору, аказваюць на Паўсюдны Касцёл (у тым ліку на Касцёл у Беларусі, хоць і ў крыху абмежаванай ступені), нельга не задаць сабе пытанне: але як да гэтага дайшло? Як сталася, што за адносна нядоўгі час Францыя настолькі адвярнулася ад таго, што ўтварала на працягу доўгіх стагоддзяў сутнасць яе тоеснасці і яе славы, ад таго, што надавала хараство яе культуры для іншых народаў і нацый? І калі сёння гэтая культура літаральным чынам рушыцца, а французская мова ледзь захоўвае статус паўсюдна вядомай міжнароднай мовы, то ці няма тут менавіта сувязі з гэтай “катастрофай тоеснасці”?

Адказ на гэтае пытанне не з’яўляецца ні простым, ні адназначным. Аднак варта прыкласці нават шмат намаганняў, каб паспрабаваць зрабіць грунтоўны аналіз працэсу ўрастання, трыумфу і ўпадку феномену хрысціянскай Францыі. Гэтая тэма не павінна заставацца для нас абыякавай. Варта задумацца, як адбываецца так, што грамадства, якое мела прывілеяваную пазіцыю сярод хрысціянскіх народаў і якое праз стагоддзі імкнулася жыць пасланнем Евангелля, сёння так паўсюдна адварочваецца ад яго з агідай.

Месцы, якія варта наведаць

Францыя – краіна, якая асацыюецца найперш з Парыжам, модай, добрым віном, шыкам, элегантнасцю і вышуканым густам у многіх галінах. Францыя – гэта таксама славутыя замкі над Луарай, Версаль і, канешне, незвычайны Лазурны бераг. Аднак, куды б мы ні скіравалі позірк, усюды прыцягвае ўвагу незвычайная раўнавага, спакой і элегантнасць як у форме, так і ў тэмпе жыцця. У Францыю варта паехаць за спакоем, мастацкімі перажываннямі і каб пакаштаваць экзістэнцыю вышэйшага ўзроўню.

Парыж

Парыж — сталіца Францыі адзін з самых папулярных гарадоў у свеце, які штогод наведвае незлічоная колькасць турыстаў. Тут можна знайсці найкаштоўнейшыя творы культуры і мастацтва не толькі Францыі, але і ўсяго свету.  Парыж гэта, безумоўна, найважнейшы пункт кожнай паездкі, як горад, што з’яўляецца сінонімам сусветнай моды, дзе сабраны майстэрні і крамы найважнейшых яе творцаў, і цэнтр мастацтва, прадстаўленага парыжскімі вулічнымі артыстамі са славутага Авангарду, да цудоўных кавярняў, поўных пахаў французскага печыва і рамантычнай музыкі. Усё ў гэтым горадзе можа захапіць, але можа і расчараваць. Абавязковым пунктам праграмы павінна быць Эйфелева вежа, Трыумфальная арка, а таксама Луўр, у якім знаходзяцца самыя знакамітыя творы сусветнага мастацтва. Пасля наведвання помнікаў можна прайсціся адным з бульвараў над Сенай і пабачыць творы, выстаўленыя парыжскімі мастакамі. Пад Парыжам вочы дарослых і дзяцей пацешыць Дыснэйлэнд – найбольш славуты забаўляльны парк у свеце, які дазваляе перанесціся ў краіну вядомых казак, праехаць па чыгунцы або зазірнуць у адну з маляўнічых крамаў. Парыж – месца незлічоных музеяў, галерэй і архітэктурных помнікаў. Большасць найважнейшых будынкаў горада размешчана над ракой. Уздоўж узбярэжжа цягнуцца шэрагі каменных дамоў з элегантнымі апартаментамі, стаяць велічныя гарадскія будынкі і сусветна вядомыя музеі і помнікі. Да аб’ектаў, якія вартыя наведвання, належаць:

Катэдра Нотр-Дам – узведзеная на месцы рымскай святыні ў ХІІ ст. Яе будаўніцтва працягвалася каля 200 гадоў. Сёння гэта адзін з сімвалаў не толькі Парыжа, але і ўсёй Францыі. Гатычная катэдра была пабудавана на востраве пад назвай Іль дэ ла Сітэ. Яе будаўніцтва пачалося па ініцыятыве біскупа Парыжа Марыса дэ Сюлі, а завяршылася праз 200 гадоў. Яна вядомая між іншым дзякуючы раману Віктора Гюго “Сабор Парыжскай Божай Маці”. Вежы катэдры ўзносяцца на вышыню 69 метраў. У паўднёвай вежы знаходзіцца Эмануэль – славуты звон, які важыць 13 тон. З самай вяршыні адкрываецца від на востраў Ла Сітэ і на ўвесь Парыж.

Луўр – адзін з найважнейшых мастацкіх музеяў свету. Яго калекцыі такія велізарныя, што ўсе іх немагчыма ўбачыць падчас толькі аднаго наведвання. Тут знаходзіцца вялікая калекцыя еўрапейскага выяўленчага мастацтва, а таксама экспазіцыі твораў старажытнага мастацтва Блізкага Усходу, Егіпта, Грэцыі, Этрурыі і Рыма. Гонарам калекцыі выяўленчага мастацтва з’яўляецца твор Леанарда да Вінчы – Мона Ліза.

Эйфелева вежа — Найбольш вядомы архітэктурны аб’ект Парыжа, які прыцягвае да сябе мільёны турыстаў з усяго свету, стаў сімвалам Францыі. Знаходзіцца на левым беразе Сены, найбольшае ўражанне робіць, калі глядзець на яе з Тракадэра або з Шапс дэ Марс. Яе вышыня – 319 м. На тэрасе на вышыні 274 м можа змясціцца нават 400 чалавек. Вежа была пабудавана падчас парыжскай Сусветнай выстаўкі ў 1889 г. у памяць аб сотай гадавіне Французскай рэвалюцыі. Яна была найважнейшай канструкцыяй у свеце да 1930 г., калі ў Нью-Ёрку быў узведзены 318-метровы Крайслер-білдынг.

Пантэон – будынак, узведзены на Узгорку св. Жэнеўевы ў другой палове XVIII ст. З часоў Рэвалюцыі – месца спачынку славутых французаў. У крыпце Пантэона знаходзяцца магілы Ж. Ж. Русо, Вальтэра, Гюго, Заля. У краявідзе Парыжа Пантэон займае важнае месца, дамінуе над горадам.

Палац Версаль – яго будаўніцтва пачаў з невялікага паляўнічага замка Людовік ХIII, а яго павелічэнне прыпала на гады валадарання “Караля-сонца”, Людовіка XIV, які асабліва палюбіў гэтае месца. Версаль праз 14 гадоў стаў рэзідэнцыяй французскіх каралёў. Французскія каралі з’яўляліся наймагутнейшай апорай улады ў Еўропе, а кожны з чарговых Людовікаў быў вядомы нейкімі адметнымі рысамі, якія неабавязкова павінны былі быць станоўчымі. Кожны з іх, аднак, любіў атачаць сябе шматлікім дваром і незвычайным багаццем, якое сёння можна пабачыць у Версалі. Рэзідэнцыя французскіх каралёў акружана цудоўнымі садамі, напоўненымі шматлікімі скульптурамі і фантанамі. Архітэктары, праекціроўшчыкі і скульптары розных пакаленняў зрабілі так, што Версаль стаў адным з самых цудоўных маёнткаў у свеце. Найважнейшыя апартаменты палаца знаходзяцца на першым паверсе галоўнага корпуса. Прыватныя апартаменты караля і каралевы размешчаны вакол Мармуровага двара, а рэпрэзентацыйныя апартаменты, дзе праходзіла афіцыйнае жыццё двара, знаходзяцца з боку саду. Іх багатае аздабленне – чырвоныя габелены, мармур, разьбу, срэбраны посуд і залачоную бронзу – спраектаваў Шарль Лебрэн. Пачынаючы з салона Геркулеса, кожная з залаў прысвечана аднаму з алімпійскіх багоў. Найбольш раскошнай з’яўляецца Люстраная галерэя, у 17 вялікіх люстэрках якой адбіваецца святло, што сыходзіць з 17 высокіх вокнаў. Версальскі палац знаходзіцца ў Спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА з 1979 г. Яго архітэктурнае хараство і дасканаласць паспрыялі таму, што ён стаў сінонімам майстэрства, а пэўны час выконваў нават ролю сталіцы краіны. У часы панавання Людовіка Філіпа І замак быў адноўлены і ператвораны ў Музей гісторыі Францыі. Акрамя палаца, там знаходзіцца сад плошчай 250 гектараў. Другая вартая наведвання каралеўская рэзідэнцыя знаходзіцца ў Фантэнбло. Палацава-паркавы комплекс мае элементы нават з ХІІ ст., на працягу гадоў павялічваўся. Сёння там можна наведаць музей і парк, які прылягае да палаца.

Сент-Шапэль – лічыцца найбольшым архітэктурным дасягненнем заходняга свету, між іншым дзякуючы гульні святла, што паходзіць з 15 прыгожых алтароў, якія прадстаўляюць больш за 1000 біблейскіх сцэн.

Цэнтр Пампіду – тут цікавым з’яўляецца тое, што эскалатары, ліфты, сістэмы водазабеспячэння і нават масіўныя стальныя інсталяцыі, якія ўтвараюць скелет канструкцыі, былі вынесены звонку, што дазволіла архітэктарам стварыць прасторную і зручную ўнутраную плошчу для Нацыянальнага цэнтра мастацтва і культуры. У калекцыях музея – творы Маціса, Пікасо, Міро. На плошчы перад цэнтрам праходзяць разнастайныя імпрэзы і вулічныя спектаклі, на якіх прысутнічаюць натоўпы. У апошні час цэнтр быў адрамантаваны.

Пале-Раяль (Каралеўскі палац), пабудаваны па ідэі і пры непасрэдным выкананні кардынала Рышэльё. Пасля яго смерці палац заняла Анна Аўстрыйская з маладым Людовікам XIV. З таго часу палац стаў называцца Каралеўскім, а сам будынак, як і сады, якія да яго адносяцца, стаў, разам з палацамі Цюільры і Люксембургскім, цэнтрам жыцця двара і арыстакратыі.

Плошча Бастыліі – тут знаходзілася пабудаваная ў XIV ст. крэпасць, якую парыжане назвалі Бастыліяй. З часоў кардынала Рышэльё была дзяржаўнай турмой і сімвалам каралеўскага дэспатызму. 14 ліпеня 1789 г. Крэпасць была ўзята народам Парыжа (дзень нацыянальнага свята Францыі). Праз год Бастылія была разбурана. Становішча часткі яе сцен пазначана рысай на бульвары Генрыха IV. Пасярэдзіне плошчы стаіць Ліпеньская калона, пабудаваная ў 1831-40 гг. у памяць аб ахвярах Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 г.

Ліён – напэўна, найстарэйшы горад у Францыі. Быў заснаваны рымлянамі ў 43 г. да н.э. Гарадскія правы атрымаў у ХІІІ ст. Яго гістарычны цэнтр – Vieux Lyon – з 1998 г. знаходзіцца ў спісе ЮНЕСКА. Наведванне горада варта пачаць ад Узгорка Фурв’ер. Горад назваюць таксама гастранамічнай сталіцай Францыі. Гэтай назвай ён удзячны знакамітым рэстаранам і бістро, дзе можна пакаштаваць творы кулінарнага мастацтва. Кажучы пра Ліён, нельга забываць, што менавіта тут знакамітыя браты Люм’ер стварылі кінематограф і свой першы фільм.

Страсбург – горад, які праз стагоддзі быў прычынай нязгоды паміж вялікімі суседзямі Францыяй і Германіяй. Сёння гэта сімвал з’яднання Еўропы і адзін з самых маляўнічых гарадоў Францыі. Тут знаходзяцца між іншым сядзібы Рады Еўропы і Еўрапейскага парламента. Магнітам для турыстаў з’яўляецца Грант-Іль, ці Вялікі востраў, які абмываюць воды ракі Іль. На востраве знаходзіцца сэрца Страсбурга, гістарычны цэнтр, рамантычныя вулачкі і раманска-гатычная катэдра XI-XII стст. – прыгожы ажурны будынак з ружовага пясчаніку. Варта наведаць і катэдральны музей – адзін з найцікавейшых у Францыі.

Шамані – курорт, які дзейнічае яшчэ з XVII ст. У Шамані былі арганізаваны першыя ў гісторыі зімовыя Алімпійскія гульні. З Шамані на вяршыню Эгюі-дзю-Мідзі ўздымаецца адна з найдаўжэйшых у свеце канатных дарог. Падчас язды на гару адкрываюцца прыгожыя віды. Шамані – гэта, аднак, не толькі краявіды, але і найстарэйшы цэнтр лыжнікаў у Францыі, які лічыцца раем для лыжнікаў і сноўбардзістаў.

Ніца – візітная картка Лазурнага берага. Ідэальны мікраклімат і сонца, якое свеціць 320 дзён у год, прыцягвалі сюды на мяжы ХІХ-ХХ стст. вяршкі грамадства Еўропы. Улюбёным месцам Ніца стала асабліва для англічан і расіян. Пасля іх засталіся цудоўныя рэзідэнцыі. Сімвал Ніцы – Англійская набярэжная. Абсаджаны пальмамі, са сцежкамі для веласіпедыстаў і гатэлямі класу люкс, гэты бульвар з’яўляецца найбольш папулярным месцам прагулак. Музеяў і галерэй у Ніцы больш за сотню, што прыцягвае аматараў мастацтва. Гістарычны цэнтр горада поўны стромкіх вулачак, кавярняў і рэстаранаў. У Ніцы ёсць усё: прыгожыя раёны, шмат зеляніны, цудоўныя крамы і пляжы. Ніцца сучасная, але адначасова поўная гісторыі.

Антыб – порт, заснаваны ў старажытнасці грэкамі, які меў назву Антыполіс. Знаходзіцца ў амаль 20 км ад Ніцы. Антыб прыцягвае сваім становішчам паміж Альпамі і адным з найпрыгажэйшых узбярэжжаў у Еўропе, а таксама незвычайнай правансальскай архітэктурай і прыгожымі пляжамі. Антыб быў улюбёным месцам Пікасо. Тут знаходзіцца прысвечаны мастаку музей з цікавай калекцыяй яго твораў. Антыб, абнесены гарадскімі сценамі, характарызуюць Форт Карэ і катэдра Беззаганнага Зачацця.

Каркасон – найпрыгажэйшы ўмацаваны горад у Францыі. Развадныя масты, вялікія брамы, роў, вузкія, брукаваныя вулачкі – усё гэта пераносіць турыстаў у часы сярэднявечча. Найбольшае ўражанне выклікае абнесеная мурамі частка горада пад назвай Сітэ, што складаецца з умацаванняў агульнай даўжынёй тры кіламетры і 52 вежаў, што выглядаюць, як сотні год таму. Што цікава, яны будаваліся амаль з нуля толькі ў ХІХ ст. У жніўні ў гэтым горадзе збіраюцца рыцары. Адбываюцца канцэрты сярэднявечнай музыкі, рыцарскія турніры і спектаклі ў строях з мінулых эпох.

Экс-ан-Праванс – горад тысячы фантанаў. Размешчаны ў прыкладна 30 км на поўнач ад Марселя. Гэта элегантны і жывы горад, вядомы цёплымі крыніцамі, школамі мастацтва і ўніверсітэтамі. Экс-ан-Праванс – гэта рамантычныя невялікія плошчы і брукаваныя вуліцы, з палацамі ў стылі барока, шыкоўнымі магазінамі і рэстаранамі. Сэрца горада – высаджаны падвойнай паласой векавых платанаў бульвар Мірабо. Гэтая алея поўная гістарычных будынкаў з прыгожымі фасадамі, заахвочвае да прагулак і адпачынку ў садах кавярняў.

Баніфача – гэтае “казачнае месца” ляжыць на самым поўдні Корсікі. Горад нібы падвешаны на вапнавых гарах, што ўтвараюць скалісты паўвостраў. Дамы на стромкіх схілах выглядаюць так, быццам бы праз хвіліну ўпадуць у мора. Гісторыя Баніфача вельмі багатая. Горад дзеліцца на дзве часткі: ніжнюю і верхнюю. У ніжняй частцы – марской – размешчаны порт, прыстань і крамы, у верхняй – гістарычны цэнтр з высокімі каменнымі дамамі і крутымі вулачкамі. Варта наведаць дагістарычныя пячоры Арагуіна-Сенола. На ўзбярэжжы шмат утульных бухтаў. Адно з вядомых месцаў горада – прыгожыя пляжы, дзе можна ныраць і любавацца рыфамі.

Мон-Сен-Мішэль – гэта незвычайнае абацтва і гарадок у Нармандыі, адно з найпрыгажэйшых мясцін Францыі, якое штогод наведваюць 3 мільёны турыстаў. Мон-Сен-Мішэль, ці Узгорак св. Міхала, знаходзіцца ў амаль 2 км ад мацерыковай часткі. Падчас вялікіх прыліваў, якія здараюцца 53 разы ў год, Мон-Сен-Мішэль затапляецца. З мацерыковай часткай мястэчка злучае адзіны вузкі перашыек даўжынёй 1800 м. Пра набліжэнне хвалі заўсёды абвяшчаецца загадзя біццём званоў. Наведвальнікі атрымліваюць лістоўкі з указаннем часу прыліваў і сузіраюць незвычайную з’яву з бяспечнай адлегласці. Кляштар Сен-Мішэль узвышаецца над мястэчкам, якое ляжыць ля яго падножжа.

Анфлёр – невялікае, але незвычайна прыгожае партовае мястэчка ў Нармандыі. Яно стала знакамітым дзякуючы мастакам-імпрэсіяністам, такім, як Манэ ці Будэн. Мастакоў натхняла зменлівае асвятленне і маляўнічыя прычалы. Манэ намаляваў у Анфлёры драўляны касцёл св. Кацярыны XV ст., дах якога нагадвае перавёрнуты корпус карабля. Тут знаходзіцца Музей Эжэна Будэна, які ганарыцца цудоўнай калекцыяй палотнаў народжанага ў Анфлёры мастака. Верхняя вуліца – галоўная вуліца старога раёна горада. Вакол порта можна ўбачыць прыгожыя домікі.

Сен-Мало – абнесеная мурамі цытадэль у Брэтані, пабудаваная з мэтай аховы вусця ракі Ранс. На працягу стагоддзяў была сховішчам для піратаў. Турыстаў прыцягваюць сюды перш за ўсё славутыя ўмацаванні і гістарычны цэнтр, што знаходзіцца ў іх сярэдзіне, адбудаваны пасля ІІ Сусветнай вайны. Варта таксама наведаць замак, у якім знаходзіцца гарадскі музей, і акіянарый.

Бардо – сталіца рэгіёна Аквітанія, знаходзіцца ў спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У горадзе больш за 340 гістарычных помнікаў. Мясцовасць удзячная сваім выглядам архітэктарам розных часоў. Найбольш вядомыя месцы Бардо – абарончыя муры, амфітэатр часоў панавання рымлян, а таксама сярэднявечны касцёл св. Севярына. Горад мае цудоўны мікраклімат, жыццё ідзе тут паволі. Тут больш пешаходаў і веласіпедыстаў, чым аўтамабіляў. Бардо – гэта таксама рай для аматараў віна: у ваколіцах каля 113 тыс. гектараў займаюць вінаграднікі, дзе вырабляецца штогод амаль 7 млн гекталітраў віна.

Тулуза – горад у паўднёва-заходняй Францыі, у рэгіёне Поўдзень-Пірэнеі. У цэнтры знаходзіцца плошча Капітолія, пасярэдзіне якой узвышаецца прыгожая ратуша, злучаная з тэатрам. Недалёка ад плошчы можна ўбачыць цудоўны гатычны касцёл якабінцаў, дзе захоўваецца рэліквіярый філосафа і тэолага св. Тамаша Аквінскага. Каля касцёла размешчана капліца св. Антонія з захапляльнымі гатычнымі фрэскамі. Таксама ў Тулузе ёсць унесеная ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА базыліка св. Сатурніна – абавязковы пункт на шляху пілігрымак у Сант’яга-дэ-Кампастэла. У ёй знаходзіцца гроб св. Сатурніна.

Каліур – маленькая маляўнічая мясцовасць французскай Каталоніі з міжземнаморскім рыбацкім портам, упісаная ў краявід узгоркаў з вінаграднікамі, што атачаюць схілы Пірэнеяў. Тут ёсць камяністыя пляжы і некаторыя прыгожыя гістарычныя помнікі – адрэстаўраваная рэзідэнцыя караля Маёркі і касцёл XIV ст., пабудаваны на аснове ранейшага маяка. Найперш Каліур прыцягвае, аднак, відам старых каменных дамоў, паміж якімі віюцца вузкія вулачкі.

Даліна Луары

Пра замкі над Луарай чуў, напэўна, кожны, але нямногія ведаюць, што іх існуе каля 400. Будучы ў Францыі ў кароткай паездцы, нельга наведаць іх усе, але варта выбраць некалькі, якія асабліва прыгожыя і дазваляюць пазнаёміцца з характарам французскай архітэктуры тых часоў. Даліна Луары – гэта гістарычны край Францыі, а знаходзяцца ў ёй замкі перыядаў сярэднявечча і рэнесансу. Турыстычным цэнтрам рэгіёна лічыцца Тур, а побач размешчаны Анжэ. Іх нельга назваць месцамі найбольш багатымі ў сэнсе помнікаў, але іх размяшчэнне незвычайна прыгожае. Варта зазірнуць таксама ў Амбуаз, Блуа, Самюр, якія знаходзяцца ўздоўж ракі. Сярод найпрыгажэйшых замкаў, безумоўна, Шато Азэ-ле-Рыдэ і акружаны прыгожымі садамі замак Віландры. Іншыя незвычайныя аб’екты – гэта Амбуаз, Анэт, Азэ Ле Ферон і дзясяткі іншых маляўнічых будынкаў.

Авіньён, Лурд і Шартр

Авіньён – тое месца Праванса, якое найбольш цэняць турысты. З даўніх стагоддзяў тут паўсталі шматлікія гістарычныя помнікі, а таксама багатыя культурныя і мастацкія традыцыі. Штогод тут арганізоўваюцца фестывалі, якія прыцягваюць турыстаў з усяго свету. У ліпені ў Авіньёне пануе паўсюдны тэатр. Акцёры і музыканты выступаюць на ўсіх сцэнах, плошчах і вуліцах. Будучы ў Авіньёне, неабходна ўбачыць унутры Папскі палац, раманскую катэдру ХІІІ ст., а таксама славуты мост Сэн-Бенэзэ. Увесь гістарычны цэнтр разам з навакольнымі мурамі ўнесены ў спіс Культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 1995 г.

Каталіцкі Касцёл адзначыў сваю прысутнасць у Францыі вельмі выразна. На працягу пэўнага часу ў гэтай краіне была нават сядзіба так званага “другога Папы”, калі ў Касцёле адбыўся разлом і канфлікт інтарэсаў. Сядзіба Папы была перанесены ў Авіньён, дзе да сённяшняга часу можа пабачыць манументальны Папскі палац. Гэта прыгожы будынак, які нагадвае велічнае ўмацаванне, што сведчыла аб вайсковым патэнцыяле Папы. Ён складаецца з дзвюх частак: Старога палаца, што знаходзіцца больш на поўначы, і Новага палаца, які мае рысы, характэрныя для готыкі. Варта прыехаць сюды ў ліпені, калі адбываецца Авіньёнскі фестываль. Будучы ў Авіньёне, неабходна зазірнуць на знакаміты мост, які лічыцца адным з найстарэйшых у свеце, бо паходзіць яшчэ з ХІ ст. Мост настолькі славуты, што стаў натхненнем для многіх мастакоў. Вартым наведвання сакральным помнікам з’яўляецца і катэдра ў Шартры. Найбольш прыгожае аздабленне катэдры – вітражы, якіх тут больш за 160. Унутры катэдры знаходзіцца таксама лабірынт, што ў часы сярэднявечча вызначаў шлях грэшнікам, якія ў знак пакаяння ішлі на каленях. Нельга абмінуць і Лурда са славутым санктуарыем Маці Божай. Лурд – адзін з самых вялікіх у свеце цэнтраў культу Панны Марыі і мэта пілігрымак. Тут шмат помнікаў, між іншым, замак XIV ст., двухузроўневы касцёл другой паловы ХІХ ст., неавізантыйскі касцёл Ружанца канца ХІХ ст., падземная базыліка св. Пія Х.

Лазурны бераг і Французскія Альпы

Францыя – краіна замкаў і касцёлаў, але акрамя іх тут можна знайсці таксама цікавыя месцы, якія служаць адпачынку, заняткам спортам ці зносінам з прыродай. Найбольш вядомай турыстычна з’яўляецца, напэўна, Французская Рыв’ера. Будучы ў гэтых месцах, абавязкова трэба наведаць адзін з курортаў, якія ляжаць на захад ад мясцовасці Касіс да самай італьянскай мяжы. Тут мноства гасцініц класу люкс, а таксама прычалы, дзе можна ўзяць напракат яхту. Тут цудоўныя спа-цэнтры і самыя буйныя казіно. Аматараў жа горных вандровак запрашаюць Французскія Альпы. Колькасць забаваў тут амаль неабмежаваная. Летам можна ездзіць на ровары або пешшу вандраваць па гарах, зімой – катацца на лыжах. Таксама можна купацца ў горных азёрах. У Ансі, Танон-ле-Байнсе і Шамберы можна катацца на лодках, гуляць або лятаць на дэльтаплане. Грэнобль – дасканалае месца для пешых вандровак, а зімой тут прапануюцца таксама лыжныя маршруты. На поўнач ад Жэнеўскага возера ляжыць прыгожы Безансон. На лыжах можна выбрацца таксама ў Мон-Ор і Лес Русес. Найбольш патрабавальныя могуць зазірнуць і ў Нармандыю, дзе захаваліся сляды гістарычных падзей, або наведаць пячору Ласко ў Аквітаніі. Безумоўна, варта пабываць і ў Бургундыі – найбагацейшым рэгіёне Францыі, вядомым прадукцыяй дасканалага віна.

Санктуарый Маці Божай у Лурдзе

Лурд – найбольшы ў Францыі і адзін з самых вялікіх у свеце санктуарыяў Панны Марыі. 11 лютага 1858 г. у Лурдзе Маці Божая аб’явілася ў гроце Масаб’ель над берегамі ракі Гаў-дэ-По 14-гадовай Бэрнардэце Субіру. Дзяўчынка бачыла яшчэ 17 аб’яўленняў, апошняе з якіх адбылося 16 ліпеня 1858 г. У 1862 г. быў пацверджаны цудоўны характар гэтых з’яваў.

Сёння плошча санктуарыя – 52 гектары, ён складаецца з 22 аб’ектаў. Сюды штогод з сакавіка па кастрычнік прыбывае каля 6 мільёнаў пілігрымаў са 150 краін. Месцам, якое дало пачатак такому вялікаму культу, з’яўляецца грот Масаб’ель. У 1864 г. у ім была змешчана фігура Маці Божай. Надпіс “Я – Беззаганнаае Зачацце” – гэта словы, з якімі Панна Марыя звярнулася да дзяўчынкі. У гроце знаходзіцца водная крыніца, якая з’явілася падчас аб’яўленняў. Дзякуючы ёй з пачатку аб’яўленняў наступалі цудоўныя аздараўленні. Першае адбылося ўжо 1 сакавіка 1858 г. Зарэгістравана каля 7 тысяч выпадкаў невытлумачальнага вяртання здароўя, з якіх цудоўнымі прызнаны 67.

Першая капліца, выбітая ў скале над гротам, была пабудавана ў адказ на заклік Маці Божай пасля прызнання аб’яўленняў касцёльнымі ўладамі. У алтары ўстаноўлена скульптура Мадонны з Дзіцяткам. Тут на працягу дня адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Базыліка Беззаганнага Зачацця, якая называецца горнай базылікай, пабудавана над гротам і крыптай. Гэта аднанэфавы неагатычны касцёл з дзесяццю капліцамі, у якім знаходзяцца прыгожыя вітражы, што прадстаўляюць таямніцу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама гісторыю Бэрнардэты і аб’яўленняў. Яшчэ адзін касцёл – гэта базыліка св. Ружанца, пабудаваная праз 30 гадоў пасля аб’яўленняў. Яна ўзведзена ў неавізантыйскім стылі і мае 15 капліц. На яе мазаіцы прадстаўлены 15 таямніц Ружанца, а на фасадзе ў 150-ю гадавіну аб’яўленняў змешчана мазаіка, якая прадстаўляе таямніцы Святла. Базыліка св. Пія Х – гэта падземная святыня, якая змяшчае 25 тысяч вернікаў. Яна была асвечана ў 1958 г., у 100-ю гадавіну аб’яўленняў. Тут знаходзяцца незвычайныя абразы з каляровага шкла. Касцёл св. Бэрнардэты – пятая святыня санктуарыя. Касцёл пабудаваны каля месца, дзе Бэрнардэта стаяла падчас апошняга аб’яўлення, з другога боку ракі Гаў-дэ-По. Гэты сучасны касцёл можна дзяліць рухомымі сценамі на дзве часткі. Таксама тут ёсць восем залаў пасяджэнняў і капліца Найсвяцейшага Сакрамэнту. Насупраць базылік устаноўлена фігура Маці Божай, каранаваная 3 ліпеня 1876 г. У капліцы Паяднання здзяйсняецца сакрамэнт пакаяння і паяднання на розных мовах, яна адчынена цэлы дзень. Таксама тут можна ўбачыць млын дэ-Болі, дзе нарадзілася і жыла да 10 гадоў Бэрнардэта, і будынак, ранейшую турму, дзе Бэрнардэта знаходзілася падчас аб’яўленняў.

У перыяд пілігрымак штодзень у 16.30 праходзіць эўхарыстычная працэсія. У 20.45 адбываецца ружанцовая працэсія са свечкамі, у якой пілігрымы нясуць фігуру Беззаганнай і спяваюць на розных мовах „Ave Maria”.

Першым Папам, які наведаў Лурд, быў Ян Павел ІІ, гэта адбылося 14-15 жніўня 2004 г. Бэнэдыкт XVI наведаў гэтае месца 12-15 верасня 2008 г. з нагоды 150-годдзя аб’яўленняў.

Цікавыя звесткі
У Лурдзе знаходзіцца 255 гатэляў. Па колькасці гатэляў гэта другі горад у Францыі.

Адрас:

Санктуарый Маці Божай у Лурдзе (Sanctuaires Notre-Dame de Lourdes), 1, avenue Monseigneur Théas, 65108 Lourdes CEDEX, France
Тэл.: +33 (0) 5 62 42 78 78

Факс: +33 (0) 5 62 42 78 77

Сайт: www.lourdes-france.org

Электронная пошта: info@lourdes-france.org

Санктуарый св. Тэрэзы ў Лізьё

Базыліка св. Тэрэзы – санктуарый св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса – адно з найважнейшых месцаў пілігрымак у Францыі. На працягу года сюды прыбывае каля 2 мільёнаў пілігрымаў.

Пасля кананізацыі св. Тэрэзы ў 1925 г. было пастаноўлена пабудаваць у горадзе, дзе яна жыла, святыню ў яе гонар. Будаўніцтва пачалося ў 1929 г., яго цалкам фінансавалі вернікі. Вуглавы камень умураваў папскі легат, а 11 ліпеня 1937 г. базыліку благаславіў кардынал Пачэллі, будучы Папа Пій ХІІ. Будаўнічыя працы спыніла ІІ Сусветная вайна. Падчас бамбардзіроўкі горада будынак быў нязначна пашкоджаны. Летам 1944 г. падземныя памяшканні базылікі былі сховішчам для жыхароў Лізьё. Яе асвячэнне адбылося 11 ліпеня 1954 г.

Базыліка спраектавана ў рымска-візантыйскім стылі. Архітэктараў натхняла базыліка Сакрэ-Кёр у Парыжы. Яна пабудавана ў форме лацінскага крыжа, мае адзін нэф і трансэпт. Святыню вянчае ўстаноўлены па цэнтры купал. Унутры касцёл не падзелены на нэфы, а столь не падтрымліваюць калоны. На сценах у базыліцы размешчана мазаіка. У святыні 18 алтароў – вотумы розных народаў. Адначасова ў ёй можа знаходзіцца больш за 4 тысячы чалавек.

Велізарная крыпта даўжынёй 50 м і шырынёй 30 м нагадвае пра таямніцы духоўнага жыцця  св. Тэрэзы. Яна была зроблена ў 1932 г. Характар крыпты ўтварае мармур і мазаікі, якія прадстаўляюць сцэны з жыцця св. Тэрэзы: хрост, Першую Камунію, цудоўнае аздараўленне, рэлігійнае жыццё і смерць. Да крыпты прылягае капліца адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, прызначаная для ціхай малітвы. Яна была пабудавана ў 2000 г. Фундатарам капліцы як вотума для св. Тэрэзы выступіла Ірландыя.

У 1960 г. на плошчы ля базылікі была ўзведзена званіца. Яе будаўніцтва яшчэ не скончана, бо грошы для яе ў першую чаргу прызначаліся на дабрачынныя мэты. У ёй знаходзіцца 51 звон.

За будынкам касцёла размешчаны стацыі Крыжовага шляху. У 1958-2008 гг. гэта было месца пахавання бацькоў св. Тэрэзы – Мары-Зелі і Луі Мартэнаў. У 2008 г. пасля беатыфікацыі іх целы былі перанесены ў крыпту базылікі.

Святы Айцец Ян Павел ІІ наведаў базыліку 2 ліпеня 1980 г.

Гадзіны адкрыцця (стан на верасень 2010 г.): снежань, студзень, люты: 9:00 — 17:30, сакавік, лістапад: 9:00 — 18:00, красавік, кастрычнік: 9:00 -18:30, май, чэрвень, верасень: 9:00 -19:00, ліпень, жнівень: 9:00 — 19:30.

Расклад святых Імшаў (стан на верасень 2010 г.): з панядзелка па суботу: 11:00 (крыпта), нядзеля: 10:30 (базыліка – ад Вялікадня да ўрачыстасці Усіх Святых, крыпта – ад урачыстасці Усіх Святых да нядзелі перад Пальмовай нядзеляй), 17:00 (крыпта), субота ў ліпені і жніўні: 17:00 (крыпта – нядзельная святая Імша).

Адрас:

Базыліка св. Тэрэзы з Лізьё (Basilique Sainte-Thérèse de Lisieux), 31 rue du Carmel, BP 62095, F-14102 Lisieux, France
Тэл.: +31 2 31 48 55 00
Факс: +31 2 31 48 55 25
Сайт: www.therese-de-lisieux.catholique.fr

Санктуарый св. Яна-Марыі Віянэя ў Ар-сюр-Формане (Арсе)

З 1830 г. Арс быў адным з двух санктуарыяў у Францыі, куды сцягваліся нацыянальныя пілігрымкі. У той час Францыя была вельмі секулярызаванай краінай. Штогод туды прыбывала больш за 30 тысяч вернікаў. Пасля 1850 г. Арс наведвала ўжо больш за 60 тысяч пілігрымаў з Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі. На працягу 41 года пастырства кс. Віянэя ў Арс прыбыло больш за мільён чалавек, а яго пахаванне сабрало больш за 6 тысяч. Пасля яго смерці, а асабліва пасля беатыфікацыі і кананізацыі, колькасць пілігрымак павялічылася. У 1865 г. пачалося будаўніцтва базылікі. У рэліквіярыі ў бакавым нэфе змешчана цела святога. Таксама тут знаходзіцца касцёл Маці Божай Міласэрнасці ХІІ ст., у якім пробашч з Арса здзяйсняў сваё служэнне. У капліцы Сэрца змешчана яго сэрца. На плябаніі ў захаваных пакоях можна ўбачыць рэчы, якія засталіся ў памяць аб святым. Зараз у Арс штогод прыбывае 450 тысяч пілігрымаў.

Расклад святых Імшаў (стан на сакавік 2010 г.): нядзеля і святы: 8:00, 10:00, 18:00 (базыліка), 11:00 (касцёл Маці Божай Міласэрнасці), будні: 11:00, 18:00 (базыліка).

Адрас:

Санктуарый св. Яна-Марыі Віянэя (Sanctuaire D’Ars), 451, rue Jean-Marie Vianney, F 01480 Ars-sur-Formans, France
Тэл.: +33 (0) 4 74 08 17 17

Факс: +33 (0) 4 74 00 75 50
Сайт: www.arsnet.org
Электронная пошта: info@arsnet.org