+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Грэцыя

Грэцыя (гр. Ελλάδα Elláda), Грэчаская Рэспубліка – краіна, якая знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Еўропы, на паўднёвай ускраіне Балканскага паўвострава. Мяжуе з чатырма дзяржавамі: Албаніяй, Рэспублікай Македоніяй і Балгарыяй на поўначы і Турцыяй на ўсходзе. Мае доступ да чатырох мораў: Эгейскага і Крыцкага на ўсходзе, Іянічнага на захадзе і Міжземнага на поўдні. Грэцыя мае дзясятую па даўжыні берагавую лінію ў свеце, яе даўжыня 14880 км. Акрамя кантынентальнай часткі, у склад Грэцыі ўваходзяць 2500 астравоў, у тым ліку 165 заселеных. Найважнейшыя з іх – гэта Крыт, Дадэканэс, Кіклады і Іянічныя астравы. Найвышэйшай кропкай з’яўляецца Алімп (вышыня 2917 м над узроўнем мора).

Сталіца – Афіны.

Дзяржаўная мова – грэчаская.

Форма дзяржаўнага кіравання – парламенцкая рэспубліка.

Грашовая адзінка – 1 euro = 100 еўрацэнтаў (EUR, €).

Консульская дапамога для падарожных грамадзян РБ

У Грэцыі няма Пасольства Рэспублікі Беларусь,
звяртацца ў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Балгарыя

Адрас: 1505, г. Сафія, кв. «Рэдута», ул. «Никола Караджов» №3
Тэлефоны: (+359 2) 971 95 28, 971 71 31
Тэлефон/факс: (+359 2) 973 31 00

Асабліва ў Грэцыі трэба клапаціцца аб тым, каб не згубіць пашпарт або каб не скралі дакументы.

http://bulgaria.mfa.gov.by/ru/consular_issues/legalization/

grecja-2014-2012

Самыя знакамітыя мясціны Грэцыі

Грэцыя – калыска культуры. Аматары гісторыі мастацтва змогуць адчуваць сябе тут як у раі, атрымаюць магчымасць убачыць славутыя помнікі архітэктуры і скульптуры. Адсюль бяруць пачатак Алімпійскія гульні. Грэцыя – гэта таксама краіна шматлікіх забаваў, прыгожых пляжаў і кулінарных прысмакаў.

Афіны

Акропаль, Плака, старажытныя руіны і багатыя музеі – аргументы, якія прамаўляюць за тое, каб распачаць наведванне Грэцыі ад Афін. Пры першым знаёмстве з гэтым горадам ён здаецца незвычайна міжзнемнаморскім, і толькі пазней пачынаеш заўважаць яго еўрапейска-арыентальны характар, адкрываць мармуровыя плошчы, бурлівае начное жыццё, смачныя стравы.

Акропаль (узгорак з руінамі пабудоваў, якія паходзяць з “залатога веку” антычнай культуры) – Парфенон, Эрэхтэён, Прапілеі, Тэатр Дыяніса, Адэон Герода Атыка;
Агора (рынак) – цэнтр палітычнага і эканамічнага жыцця старажытных Афін. Увагі заслугоўваюць два будынкі: святыня Гефеста (Тэсеён) – адзіная антычная пабудова з захаваным дахам – і цалкам адрэстаўраваная стоя Аттала;
Раён Манастыракі – цэнтр горада ў турэцкія часы — Pchli Targ, старажытныя могілкі Керамікс, Рымская Агора (з васьмібаковай Вежай вятроў);
Раён Плака – самы стары раён Афін, які ляжыць ля падножжа Акропаля, лабірынт вузкіх вулачак з крамкамі і тавернамі; на ўскраіне раёна знаходзяцца руіны святыні Зеўса Алімпійскага і Арка Адрыяна, што аддзяляе грэчаскія Афіны ад рымскіх;
Плошча Сінтагма (Канстытуцыі) – плошча перад будынкам Парламента, узведзеным як Каралеўскі палац (другі); тут знаходзіцца Магіла невядомага салдата, ля якой трымаюць варту гвардзейцы ва ўніформе са спадніцамі і пампонамі на абутку. У пэўны час адбываецца відовішчная змена варты;
Нацыянальны сад (Каралеўскі сад) – вялікі парк, у цэнтры якога стаіць прыгожы Запеён – выставачны будынак, зараз канферэнцыйны цэнтр; у задняй частцы сада размешчаны Прэзідэнцкі палац (раней трэці Каралеўскі палац);
Стадыён Калімармара – пабудаваны ў IV ст. да н.э., прызначаўся для правядзення Панафінейскіх гульняў, быў перабудаваны рымлянамі для баёў гладыятараў, у 1896 г. адбудаваны з белага мармуру для першых Алімпійскіх гульняў у сучаснай гісторыі;
Узгорак Лікабет (Лікавітас) – найвышэйшая кропка Афін (277 м); на вяршыню можна падняцца пяшком або на фунікулёры; на вяршыні знаходзіцца невялікая капліца святога Георгія, рэстараны, кавярні, тэакт Лікавітас, шматлікія назіральныя платформы – прыгожая панарама Афін;
Музеі: Музей Акропаля (недалёка ад узгорка Акропаль), Нацыянальны археалагічны музей (найкаштоўнейшы археалагічны збор Старажытнай Грэцыі), Музей кікладскага мастацтва (найбагацейшая ў свеце калекцыя кікладскага мастацтва), Візантыйскі і хрысціянскі музей (галоўным чынам абразы), Музей вайны (ад Траянскай да Другой сусветнай вайны), Нацыянальны гістарычны музей (ранейшая сядзіба парламента), Музей горада Афіны (раней першы Каралеўскі палац);

Крыт

Незвычайнае хараство найвялікшага грэчаскага вострава Крыт утвараюць велізарная разнастайнасць краявідаў, сонечны клімат, шырокія пляжы над сапфіравым морам і гістарычныя помнікі розных эпох. Большую частку тысячакіламетровага ўзбярэжжа вострава займаюць пляжы – месцамі гэта вузкія паясы жвіру і каменя, а месцамі шырокія прасторы белага або залатога пяску. Найлепшыя пляжы цягнуцца ўздоўж заходніх, усходніх і паўднёва-заходніх берагоў вострава, здалёк ад месцаў масавага турызму.

Метэоры

Метэоры – адно з самых дзіўных месцаў не толькі ў Грэцыі, але і ва ўсім свеце. На вяршынях скал, якія на больш чым паўкіламетра ўздымаюцца ў неба, размешчаны комплекс праваслаўных манастыроў. Першапачаткова ўсе матэрыялы, патрэбныя для будаўніцтва і жыцця манахаў, падымаліся туды на канатах, наведвальнікі таксама маглі трапіць у манастыр толькі на канатах. Група з 13 (зараз) манастыроў, маляўніча “падвешаных” у паветры, на вышыні некалькіх соцень метраў над Фесальскай раўнінай. Шэсць манастыроў даступныя для наведвальнікаў. Усе “Метэоры” робяць непаўторнае ўражанне – як звонку, у атачэнні скал, так і ўнутры. Від на прорву і Фесальскую раўніну не мае сабе роўных. Зараз для зручнасці наведвальнікаў пабудаваны сходы.

Паўвостраў Халкідзікі

Паўвостраў славіцца незвычайнымі залацістымі пляжамі, якія абмывае блакітнае празрыстае мора. Тры меншыя паўастравы, з якіх ён складаецца, адрозніваюцца назвамі і характарам. Самы заходні – Касандра – найбольш гарысты з усіх, дастаткова малазаселены, багаты на шырокія пясчаныя пляжы. Да гэтай часткі паўвострава найлепш пасуе вызначэнне “Карыбы Грэцыі”. Тут знаходзіцца найбольшая колькасць гатэляў, тавернаў, дыскатэк і, канешне, турыстаў.

grecja-2014-1816

Алімп

Алімп – не асобная гара, а масіў незвычайнай прыгажосці, якую ствараюць скалістыя ўцёсы, глыбокія шчыліны, альпійскія лугі і густыя лясы. Тут ёсць некалькі гор вышынёй каля 2 тысяч метраў, найвышэйшая з якіх Міцікас (2917 м), якая называецца Пантэонам – міфалагічным месцам сустрэчы грэчаскіх багоў. На вяршыню можна трапіць, ідучы адной з дарог, хаць гэта і няпростае падарожжа.

Дэльфы

Старажытныя Дэльфы, што лічыліся раней пупам зямлі, з’яўляюцца аднымі з найпрыгажэйшых і найбольш узрушаючых фантазію руінамі ў Грэцыі. Месца аракулу ўзнікла дзякуючы існаванню незвычайнай скальнай расколіны, з якой падымаліся пары, здольныя ўвесці чалавека ў пераменны стан свядомасці. Да дэльфійскага аракулу звярталіся за парадай валадары – не толькі грэчаскія цары, але таксама персы і фараоны.
З канца VIII ст. да н.э. гэтае месца было асяродкам культу Апалона. Тут знаходзіўся славуты аракул, што прыцягваў людзей з усяго старажытнага свету. Сёння акрамя музея тут можна ўбачыць руіны святога кола Апалона: святыню Апалона, Святую дарогу, скарбніцу, тэатр (дасканала захаваны, хоць і больш сціплы, чым у Эпідавры) і стадыён з рымскага перыяду. Крыху далей знаходзіцца комплекс, прысвечаны Афіне, з руінамі акруглай святыні.

Карынфскі канал

Канал спачатку здаецца вузкай палоскай вады, але на самой справе яго велічыня ўражвае. Канал праходзіць праз Карынфскі перашыек, аддзяляючы паўвостраў Пелапанэс ад галоўнай часткі Грэцыі і робячы яго фактычна востравам. У 67 г. Нерон загадаў пракапаць канал нявольнікам, большасцю з якіх былі жыхары Юдэі. Уварванне галаў зрабіла немагчымым заканчэнне гэтага амбітнага праекту. У 1883 г. да яго вярнуліся французы, заахвочаныя поспехам Суэцкага канала. Аднак фірма, якой была даручана гэтая праца, абанкруцілася, і будаўніцтва завяршылі грэкі. Канал быў адкрыты ў 1893 г.

Радос

Найбольш знакаміты і папулярны ў архіпелагу Дадэканэс востраў Радос у старажытнасці называўся востравам бога Геліяса – не без прычыны, бо 300 дзён у год тут свеціць сонца. З-за сваіх прыродных багаццяў быў унесены ў спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У розных месцах вострава захаваліся пабудовы тых часоў, калі Радос належаў іаанітам. Нягледзячы на значную камерцыялізаванасць, на поўдні вострава дастаткова спакойна, захаваліся сельскія пейзажы і ціхія традыцыйныя вёскі.

Салонікі

Салонікі – другі па велічыні горад у Грэцыі і адміністрацыйны цэнтр двух паўночных рэгіёнаў краіны, якія ў плане архітэктуры і краявідаў выразна адрозніваюцца ад Афін. Старую частку Салонік можна ўбачыць сёння ў агароджаным мурам раёне Кастра – тут знаходзяцца турэцкія пабудовы і завулкі, а таксама больш познія грэчаскія дамы ў стылі арт дэко. Аматары візантыйскай культуры знойдуць тут мноства храмаў, пабудаваных ад рымскіх часоў да XV ст. Самым знакаміты аб’ект горада – Белая вежа, што стаіць на беразе. Салонікі – гэта таксама найбольшая ў Грэцыі сукупнасць візантыйскіх святынь, з такімі пярлінамі, як Агіёс Дзімітрыёс, Агія Сафія, Агіёс Нікалаос, Агіі Апосталі ці Агія Айкатэрыні. Варта наведаць і музеі: археалагічны, візантыйскай культуры і этнаграфічна-фальклорны.

Сімі

Адзін з найпрыгажэйшых месцаў сярод грэчаскіх архіпелагаў – востраў Сімі. Дзякуючы маляўнічым домікам, пабудаваным на фоне суровых краявідаў, востраў здабыў назву “Пярліны Дадэканэса”. Яго найбольш выдатнай мясцінай з’яўляецца манастыр, узведзены ў Панарміцісе і прысвечаны Арханёлу Міхалу, апекуну маракоў.

grecja-2014-1527

Алімпія

Назва Алімпія выклікае асацыяцыі з Алімпіядай. Сапраўды, у старажытныя часы менавіта тут нарадзілася ідэя спартыўных гульняў. Месца названа ў гонар Зеўса, пана на Алімпе, у якога тут быў галоўны санктуарый. Зараз гэта невялікая вёска, недалёка ад якой размешчаны адзін з найпрыгажэйшых комплексаў адкрытых археолагамі рэшткаў старажытнай Элады.

Мікены і Тырынф

Руіны ў Мікенах – адно з самых прыцягальных месцаў у Грэцыі. Ніхто не меркаваў, што апісаны Гамерам залаты скарб мікенскіх валадароў усё яшчэ знаходзіцца пад зямлёй. Шліман (які адкрыў Трою) чытаў Іліяду і Адысею даслоўна, а яго ашаламляльныя знаходкі даводзілі, што Гамер мог апісваць канкрэтныя месцы і людзей. Тут знаходзіцца таксама славутая грабніца Агамемнана. Ёсць тут і найстарэйшыя помнікі грэчаскай культуры – з так званага мікенскага перыяду – якія дасягаюць дагістарычнай эпохі (II тыс. да н.э.). У Мікенах варта наведаць грабніцу Агамемнана, скарбніцы Атрэя (XIII ст. да н.э.). і руіны цытадэлі з характэрнымі цыклапічнымі сценамі. Тырынф, які ляжыць у некалькіх кіламетрах далей, захаваўся ў крыху лепшым выглядзе, але менш папулярны.

Афон

Найбольш усходняя і найбольш гарыстая частка паўвострава Халкідзікі, Афон, — месца абсалютна незвычайнае. Большую яго частку займае тэрыторыя тэакратычнай рэспублікі (дзяржавы праваслаўных манахаў), куды не маюць доступу жанчыны (яны могуць убачыць манастыры з карабля, што плыве каля берага, у прадпісанай адлегласці 500 м). Бясцэнныя манастыры разам з захапляльнай прыродай і дзікімі пейзажамі ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У склад маленькай дзяржавы, якая налічвае каля 2 тысяч пастаянных жыхароў, уваходзіць 20 манастыроў, да якіх належаць маленькія паселішчы і пустэльні. Для грэкаў Афон – усходні канец паўвострава Халкідзікі – з’яўляецца святой гарой. Тут узвышаецца найбольшая вяршыня паўвострава, гара Афон (2030 м). Гэта адзіны ў сваім родзе адміністрацыйны арганізм у Грэцыі – аўтаномная рэспубліка манахаў, што жывуць у 20 манастырах. Яны ўтвараюць цікавы комплекс візантыйскай архітэктуры (Вялікая Лаўра) – найстарэйшы і найбольшы манастырскі комплекс Грэцыі, а адначасова анклаў, у якім жыццё ідзе па ўласным рытме. Для мужчын з уваходам у рэспубліку праблем няма, але патрэбна папрасіць дазвол.

Саматракі

Вядомы, надзвычай прыгожы і цікавы, хоць яго і наведвае няшмат людзей, востраў Саматракі асацыюецца са статуяй бязрукай Нікі, што знаходзіцца ў Луўры. Тут ёсць руіны гістарычных пабудоваў, але найперш востраў прыцягвае сваёй дзікай прыродай. Таксама тут знаходзіцца найвышэйшая кропка Эгейскага мора – Фенгары, чорныя гранітныя скалы, зялёныя лясы, цясніны і белыя скалы. Асаблівасцю вострава з’яўляюцца патокі, што збягаюць з вяршынь, утвараючы шумныя каскады і смарагдавыя басейны.

Тасас

Востраў Тасас, які знаходзіцца ля ўзбярэжжа грэчаскай Македоніі, называюць “смарагдавым востравам”. З пэўнага часу з’яўляецца турыстычным цэнтрам, які найбольш ахвотна наведваюць грэкі і турысты з Цэнтральнай Еўропы. Прыцягвае мяккім кліматам, шматлікімі помнікамі, бяскрайнымі пясчанымі пляжамі. Акрамя галоўных курортаў, варта наведаць маляўнічыя старыя горныя вёскі, руіны антычных крэпасцяў, раннехрысціянскія базылікі, гістарычныя храмы і дзясяткі жывапісных каплічак.

grecja-2014-2741