+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Італія

Італія, Рэспубліка Італія (іт. Italia, Repubblica Italiana) – дзяржава, размешчаная ў Паўднёвай Еўропе, на Апенінскім паўвостраве, член Еўрасаюза і многіх арганізацый, у тым ліку НАТА. Належыць да сямі найбольш развітых прамыслова і багатых дзяржаў свету – G7. Размешчана на Апенінскім паўвостраве над Лігурыйскім, Тырэнскім, Іянічным і Адрыятычным морам. 80 працэнтаў плошчы краіны займаюць горы.

Галоўныя выдатныя мясціны Італіі

Італія – адна з тых краін, якія найбольш наведваюць турысты. Кожны знаходзіць тут штосьці для сябе. Летам тут можна цешыцца купаннем у моры, а зімой — катацца на лыжах. У Італіі знаходзяцца самыя выбітныя творы мастацтва, самыя прыгожыя будынкі і выдатныя курорты.

Італія. Прыемны гул атачае мяне з усіх бакоў. Сёння я ў гарах, заўтра — над блакітнымі хвалямі Міжземнага мора. То высока задзіраю галаву, каб убачыць на свае вочы шэдэўр Мікеланджэла, то плыву ў гандоле па рамантычным Гранд-канале. У Італіі немагчыма скардзіцца на нуду.

Надвор’е ў Італіі: кожная пара года для прабывання ў Італіі добрая. У летнія месяцы надвор’е вельмі спрыяльнае для адпачынку на пляжы, у зімовыя — ідэальнае для спартыўных заняткаў, напрыклад, лыжаў. Для наведвання гарадоў і славутых месцаў гэтай краіны найлепш выбраць познюю вясну або раннюю восень, каб пазбегнуць высокіх тэмператур.

Як прыехаць у Італію: самалётам, аўтобусам, на ўласнай машыне.

 

rome_img_7799_-nov-12-2010_1200px

Найбольш папулярныя рэгіёны, месцы, якія варта пабачыць у Італіі: П’емонт, Лігурыя, Ламбардыя, Фрыулі, Венецыя, Венецыя-Джулія, Трыдэнт, Тасканія, Умбрыя, Марке, Абруццо, Лацыо, Кампанья, Калабрыя, Апулія, Сардзінія, Сіцылія, Капры, Амальфі, Рым, Ватыкан, Фларэнцыя, Турын, Сарэнта, Сан-Джыміньяна, Мілан, Палерма, Верона, Балонья.

Варта ведаць: класічны італьянскі пасілак складаецца з закускі (antipasto), мучной стравы або супу (pasta), асноўнай стравы (мяса, рыба або мяса птушкі з салатай ці рызота) і дэсерту. Макароны – гэта толькі закуска, таму, будучы ў рэстаране, варта замовіць штосьці яшчэ. Няўдачным днём для італьянцаў лічыцца не пятніца 13-га, а аўторак 17-га. У Італіі ёсць 16 мясцовасцяў, назвы якіх паўтараюцца. Мясцовасць з назвай Вальвердэ знаходзіцца на Сіцыліі, а таксама ў Ламбардыі. Яшчэ сем такіх мясцовасцяў – гэта Брыёні, Каліяно, Кастро, Ліво, Пельё, Самонэ, Сан-Тэадора. У мясцовасці Понтэдасіо знаходзіцца музей спагецці. Там можна пазнаёміцца з гісторыяй знакамітай італьянскай стравы.

Сталіца – Рым.

Дзяржаўная мова – італьянская.

Форма дзяржаўнага кіравання – парламенцкая рэспубліка.

Грашовая адзінка – 1 еўра = 100 еўрацэнтаў (EUR, €).

Італія падзелена на 20 рэгіёнаў.

Консульская дапамога для падарожных грамадзян РБ
Пасольства
Рэспублікі Беларусь
у Італьянскай Рэспубліцы
Via delle Alpi Apuane
16, 00141 Roma
тэл. +39 (06) 820 81 430

rome20091023_098

Рым

Рым можа прапанаваць шмат добрага. Цудоўнае надвор’е, бясцэнныя гістарычныя помнікі, паркі, якія патанаюць у зеляніне, маленькія зацішныя месцы, рамантычныя завулкі.

Рым, становішча: Рым, сталіца Італіі, размешчаны ў цэнтры італьянскага ўзбярэжжа Міжземнага мора, у цэнтральнай Італіі, над ракой Тыбр, якая працякае праз цэнтр горада з поўначы на поўдзень. Горад, у якім знаходзіцца Ватыкан і які быў калісьці сталіцай велізарнай імперыі, больш за дзве тысячы гадоў уяўляе сабой важны асяродак еўрапейскай цывілізацыі. Ужо каля дзесяці стагоддзяў ён прыцягвае падарожнікаў. Пілігрымы прыбывалі сюды яшчэ ў сярэднявеччы – у адзін толькі “святы год” 1300 іх было каля двух мільёнаў, – а ў XVII ст. Рым стаў чымсьці накшталт эксклюзіўнай школы для еўрапейскай шляхты і джэнтльменаў, у якой вучылі “дыпламатыі, музыцы, архітэктуры і малюнку і якая апраменьвала астатнюю Еўропу сваімі дасканаласцямі”.

Ватыкан (Дзяржава Ватыкан) – гэта касцёльны анклаў у Рыме, які для ўсяго свету (справядліва) асацыюецца з Біскупам Рыма і Апостальскай Сталіцай. Гісторыя самога Ватыканскага ўзгорка бярэ пачатак ужо з IV стагоддзя. Першапачаткова папскай сядзібай быў Латэран, а Ватыкан уяўляў сабой месца пілігрымак да гробу св. Пятра. У хуткім часе Ватыкан пачаў станавіцца абаронным месцам для Папы, каб нарэшце, афіцыйна ў 1377 г., стаць папскай сядзібай, бо пасля вяртання з Авіньёна Папа Грыгорый XI знайшоў Латэранскі палац у руінах. З таго часу месцам прабывання для Папы стаў Ватыкан. Акрамя выканання функцый рэзідэнцыі Пантыфіка і сядзібы папскіх ведамстваў, Ватыкан – гэта таксама ўражваючая базыліка св. Пятра на плошчы св. Пятра, пабудаваная на месцы, дзе складзены рэліквіі святога. У яе скляпеннях змяшчаюцца папскія пахаванні – у тым ліку вельмі блізкі сэрцу кожнага католіка гроб Яна Паўла ІІ.

Варта пабачыць не толькі Ватыкан, але і меншыя касцёлы, капліцы і ашаламляючыя ватыканскія музеі. Сярод месцаў, якія сёння найбольш наведваюць пілігрымы, галоўным пунктам працягвае заставацца базыліка св. Пятра. Таксама вернікі маюць магчымасць пабачыць Ватыканскія сады, Сікстынскую капэлу і разнастайныя музеі. Часта адным з пунктаў пілігрымкі з’яўляецца ўдзел у малітве “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. Нярэдка пілігрымы ўдзельнічаюць і ў аўдыенцыі са Святым Айцом.

Надвор’е ў Рыме, калі ехаць: у Рыме пануе тыпова міжземнаморскі клімат, гэта значыць лета цёплае і сухое, а зіма мяккая. Летам тэмпература ў Рыме складае ў сярэднім 30°C, зімой не апускаецца звычайна ніжэй за 10-15°C. У Рым можна прыехаць у любую пару года. У ліпені і жніўні наплыў турыстаў сюды самы вялікі. Найбольш спакойна ў красавіку і ў кастрычніку. Летам у Рыме адбываецца, аднак, шмат цікавых фестываляў і канцэртаў.

Як прыехаць у Рым: найхутчэй — самалётам. Папулярныя таксама аўтобусныя паездкі, арганізаваныя службамі пілігрымак і падарожжаў. Можна даехаць на ўласнай машыне.

Гістарычныя помнікі, прыгожыя мясціны Рыма: між іншым гэта плошча Кампа дэі Фіоры, Капітолій, Рымскі форум, Пантэон, алея Віа дэі Форы Імперыялі, Трастэвэрэ (“за Тыбрам”), плошча Санта Марыя ін Трастэвэрэ, Іспанская лесвіца, П’яцца Венецыя, Калізей, Фантан Трэві, Кастэль Сант-Анджэла (Замак Святога Анёла), Галерэя Баргезэ, Музей Ара Пасіс, Палатын, Маўзалей Аўгуста, Форум Баярыум, П’яцца Навона, Вія Сакра, Вія Апіа, Марсава поле, касцёл Санта Марыя ін Космедын, Ватыкан: плошча св. Пятра, базыліка св. Пятра, Ватыканскія музеі, Пінакатэка.

Пра Рым варта ведаць: для вячэры добра абраць раён Трастэвэрэ. Тут ёсць шмат непрыкметных памяшканняў, дзе можна пакаштаваць сапраўдныя італьянскія стравы. Што важна, стравы тут смачныя і недарагія. Кожную апошнюю нядзелю месяца Ватыканскія музеі можна наведаць бясплатна. Каб пакаштаваць марожанага, найлепш выбраць Джаліцці (Uffici del Vicario, 40). Гэта адна з самых старажытных крамаў марожанага ў Рыме.

Рым – самы маляўнічы для турыстаў і найбольш незвычайны горад Італіі, гісторыя якога, што налічвае больш за 2,5 тыс. гадоў, пераплятаецца з сучаснасцю такім спосабам, які не сустракаецца больш нідзе. Кожная эпоха і кожнае пакаленне пакінулі ў выглядзе Рыма трывалы след, і часу, праведзенага тут, у рэшце рэшт аказваецца вельмі мала, каб пазнаць яго сакрэты.

vinice_img_5870_-nov-09-2010_1200px

Венецыя

Венецыя спакушае, часам раздражняе, але, мабыць, ніколі не расчароўвае. Ад часоў, калі жыхары Рэспублікі ашаламлялі свет багаццем і цудоўным мастацтвам, горад крыху змяніўся, але працягвае належаць да найбольш эфектных у свеце. Нягледзячы на тое, што ў Венецыі турыстаў сустракаюць хутчэй абыякава, а жыхары іншых гарадоў крыху іранічна сцвярджаюць, што венецыянцы самыя няветлівыя сярод італьянцаў, колькасць і якасць знакамітых месцаў гэтага горада, напэўна, усё узнагародзіць.

Плошча св. Марка (П’яцца Сан Марко) на працягу стагоддзяў выконвала функцыі сэрца Венецыі, дзе ў Палацы Дожаў (Палаццо Дукале) размяшчалася кіраўніцтва Найяснейшай (так называлася Венецыянская рэспубліка), а ў суседняй базыліцы св. Марка прымалі кіраўнікоў дзяржаў, арыстакратаў, Папаў і абвяшчаліся венецыянцам рашэнні Вялікай рады. Плошча была спраектавана менавіта для таго, каб абодва гэтыя найважнейшыя будынкі Венецыі прадставіць найбольш годна. Працы будаўнікоў не былі дарэмнымі, і сёння ва ўсходняй частцы плошчы збіраюцца натоўпы турыстаў, якія жадаюць даследаваць закуткі незвычайнай святыні і “сакрэтныя маршруты” Палаца Дожаў.

Базыліка св. Марка — трэцяя святыня, узведзеная ў гэтым горадзе. Першая, пабудаваная ў ІХ ст. як магільны санктуарый св. Марка, згарэла. Узведзеная на яе месцы была разабрана ў ХІ ст. Праект чарговай, яшчэ больш уражваючай, які выйшаў з-пад рукі ананімнага архітэктара ў XI ст., павінен быў выяўляць растучае значэнне Венецыі сярод іншых італьянскіх гарадоў-дзяржаў. Аднак толькі ў 1807 г. святыня афіцыйна стала венецыянскай катэдрай — раней яна выкарыстоўвалася толькі падчас дзяржаўных урачыстасцяў.

Фларэнцыя – горад мастакоў і архітэктараў, паэтаў і гуманістаў, банкіраў і князёў, калыска рэнесансу, адным словам – сімвал. Нават у разгар сезону, калі наплыў турыстаў набывае складаныя для ўспрыняцця памеры, перад касцёламі і музеямі стаяць чэргі, а цэны растуць, яе прыгажосці цяжка супраціўляцца. Сустрэча з Фларэнцыяй можа быць захапляльным вопытам, але, каб у поўнай меры ацаніць яе якасці, трэба прысвяціць ёй крыху часу і пры гэтым пазбавіцца ад згубнага жадання пабачыць усё.

Піза

Найбольшай, побач з Фларэнцыяй, турыстычнай выдатнай мясцінай Тасканіі лічыцца пізанскае Поле цудаў (Плошча цудаў). Пахіленая званіца мясцовай катэдры — гэта, акрамя рымскага Калізея і базылікі св. Пятра, найбольш вядомы італьянскі будынак у свеце. На самой справе вежа і набор будынкаў, якія яе суправаджаюць, яшчэ прыгажэйшыя і больш незвычайныя, чым можна спадзявацца. Піза з шырокай і цікавай гістарычнай часткай горада заслугоўвае, прынамсі, аднадзённага візіту.

Падуя

Падуі, якая знаходзіцца недалёка ад Венецыі, можна без вагання надаць тытул аднаго з самых прыгожых гарадоў Італіі. У мясцовым універсітэце, адным з найстарэйшых у Еўропе, вучыліся выбітныя асобы, сярод якіх Петрарка, Дантэ, Галілей і Капернік. Касцёлы Падуі станавіліся своеасаблівай лабараторыяй выяўленчага мастацтва, у якіх стваралі фрэскі Джотта, Гварыента, Альцік’ера i Мантэнья. Да базылікі св. Антонія, якая з’яўляецца сімвалам Падуі, заўсёды прыбываюць шматлікія пілігрымы, каб памаліцца пры парэштках вялікага святога.

assisi_img_9612_1200px

Асізі

Яшчэ адна мэта пілігрымак у Італіі — Асізі. Сюды прыбываюць шматлікія вернікі, каб наведаць базыліку св. Францішка з рэліквіямі, базыліку св. Клары таксама з рэліквіямі і крыжам з Сан Даміяна, але найперш таму, што Асізі – месца нараджэння св. Францішка і св. Клары. Гэтае маляўнічае мястэчка вядомае і як асяродак міжнароднага рэлігійнага паяднання, пачатак якому паклаў Ян Павел ІІ падчас Сусветных дзён малітвы аб міры (першая сустрэча адбылася ў 1986 г., сабраўшы прадстаўнікоў амаль усіх рэлігій у свеце). Акрамя цудоўных касцёлаў і катэдраў, тут можна ўбачыць Грот св. Францішка, у якім захаваны яго каменны ложак.

Для многіх сярод мільёнаў людзей, якія штогод наведваюць Італію, галоўнай мэтай падарожжа з’яўляецца маленькі Асізі, у 23 км. на ўсход ад Перуджы. Здзіўляцца гэтаму цяжка – гэта не толькі адно з многіх маляўнічых месцаў з прыгожай і старадаўняй архітэктурай, але найперш горад св. Францішка. Нягледзячы на натоўпы турыстаў і пілігрымаў, у Асізі застаецца незвычайная атмасфера, а яго аўтэнтычнасць пакідае непазбыўныя ўспаміны.

Монтэкасіно

Кляштар на ўзгорку Монтэкасіно заснаваў у 529 г. на руінах антычнай святыні Апалона св. Бэнэдыкт Нурсійскі. Тут ён напісаў рэгулу, якая стала асновай функцыянавання супольнасці “чорных манахаў”. Адно з тых месцаў, якія асаблівым чынам сімвалізуюць трываласць цывілізацыі Захаду. Між іншым, для палякаў яно важнае таму, што тут знаходзяцца вялікія могілкі салдат, якія загінулі ў баі за кляштар падчас ІІ Сусветнай вайны.

Возера Гарда

Гарда – найбольшае і разам з тым адно з самых папулярных італьянскіх азёраў. Гэтае возера з няроўнымі берагамі, якое разліваецца ля падножжа Даламітавых Альпаў, было апісана яшчэ ў старажытныя часы. Яго папулярнасць бярэ пачатак у першых дзесяцігоддзях ХХ ст., калі была пабудавана дарога вакол возера. З таго часу Гарда трывала ўвайшла ў спіс прапаноў турыстычных службаў як адно з самых прыцягальных месцаў адпачынку ў Італіі. Вада ў возеры, сярэдняя глыбіня якога 136 м, захоўвае цяпло летам, што робіць гарачыню над берагам зноснай, а зімой выдзяляе яго, дзякуючы чаму ў мясцовасці на навакольных узгорках лягчэй пераносіцца мароз.

Неапаль

Нягледзячы на шматлікія спрэчкі, якія існуюць вакол гэтага горада, Неапаль, без сумнення, адно з найбольш цікавых месцаў Італіі. У тыя часы, калі ён быў у складзе Рымскай імперыі, ён хутка заваяваў славу як дасканалае месца для адпачынку і лячэння. У Неапаль прыязджалі рымскія патрыцыі, якія шукалі перадышкі, і статус гэтага месца павышаўся. Нават беглае наведванне Неапаля патрабуе дастаткова часу. Аб гэтым сведчыць факт, што гістарычны цэнтр горада ўключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Найбольшай увагі заслугоўваюць касцёлы, замкі, палацы, мастацкія галерэі, і нідзе больш мы не знойдзем Нацыянальнага археалагічнага музея, у якім сабраны самыя каштоўныя знаходкі з Пампеяў і Геркуланума, месцаў, засыпаных вулканічным попелам.

Пампеі размяшчаюцца ла падножжа Везувія і вядомыя найперш з археалагічных раскопак. Старыя Пампеі былі засыпаны вулканічным попелам падчас выбуху Везувія (79 г.). У XIX ст. на старажытных руінах вырас “новы горад”, над якім узвышаецца велічная базыліка Маці Божай Ружанцовай. З 1876 г. там знаходзіцца славуты ласкамі абраз Маці Божай Ружанцовай. Да гэтай базылікі прыбываюць пілігрымы з усяго свету (каля 6 мільёнаў штогод). Заступніцтву Маці Божай з гэтага шанаванага вернікамі абраза прыпісваецца шмат цудоўных аздараўленняў, атрыманых ласкаў і выслуханых просьбаў.

Сан-Марыно

На схілах Монтэ-Тытано, якая аддзяляе Раманью ад Монтэфельтра, ляжыць Сан-Марыно, адна з самых маленькіх дзяржаў. Яе плошча крыху большая за 60 квадратных кіламетраў, а колькасць жыхароў меншая за 30 тыс. Атмасферу гэтага месца ствараюць брукаваныя вуліцы, вузкія і стромкія, і шматлікія будынкі, якія ў сваёй большасці былі ўзведзены толькі ў XIX-XX стст. Маляўнічасць дадаюць тры вежы, якія ўзносяцца над Сан-Марыно на стромкіх скалах.

vinice_img_6136_-nov-09-2010_1200px