вул. Кальцова, 153, Мінск
+375 (44) 511-12-17        +375 (29) 786-05-40
Top
 

Ізраіль

Афіцыйная назва – Дзяржава Ізраіль.
Форма кіравання – парламенцкая дэмакратыя.
Сталіца – Ерузалем.
Плошча – 22 072 кв. км.
Насельніцтва – 7.24 млн чалавек.
Размеркаванне па веравызнаннях: 75.6% іўдзеі, 16.6% мусульмане, 1.6% хрысціяне, 1.6% друзы, 3,9% без рэлігійнай ідэнтыфікацыі.
Дзяржаўныя мовы – іўрыт, арабская.
Грашовая адзінка – новы ізраільскі шэкель.
Валавы прадукт на душу насельніцтва – 27 300 (у пераліку на пакупніцкую здольнасць).
Узровень жыцця па міжнароднай класіфікацыі – 24-е месца ў свеце.

Консульская дапамога для падарожных грамадзян РБ
Пасольства
Рэспублікі Беларусь
у Дзяржаве Ізраіль
Тэлефон:
+972 3 523 12 59
Кансультацыі па тэлефоне:
+972 3 522 20 43

Ізраіль – блізкаўсходняя краіна, якая знаходзіцца на вузкай паласе сушы, што злучае Азію з Афрыкай. Дзяржава Ізраіль займае асноўную частку тэрыторыі, вядомую як “Краіна Ізраіля”.
Этнічная і рэлігійная мазаіка Ізраіля ўражвае сваім багаццем; у краіне ёсць мноства культурных інстытутаў і забаўляльных цэнтраў. У Ізраілі – краіне з багатым гістарычным мінулым, у святым месцы для трох монатэістычных рэлігій, – нямала старажытных гістарычных помнікаў і рэлігійных святыняў. Большую частку года клімат у Ізраілі прыемны, і вы можаце падарожнічаць па краіне 12 месяцаў у годзе. Рэкамендуецца наведваць краіну восенню і вясной (з верасня па лістапад і з красавіка па чэрвень), калі тэмпература паветра асабліва камфортная.
З самага пачатку хрысціянская традыцыя распавядала аб падзеях, якія адбыліся на гэтай зямлі. З моманту, калі Рымская імперыя прыняла хрысціянскую веру, у IV стагоддзі н.э., вернікі рушылі на Святую Зямлю. Хрысціяне ўсяго свету марылі патрапіць у Ізраіль, каб убачыць Зямлю Езуса, дзе Ён нарадзіўся, прапаведваў і здзяйсняў цуды, дзе быў укрыжаваны, перамог смерць і ўваскрос, наведаць месцы падзей, аб якіх кажуць Стары і Новы Запавет. Гэтыя паездкі на Святую Зямлю атрымалі назву “паломніцтва” (“пілігрымка”). Афіцыйна родапачынальніцай паломніцтва на Святую Зямлю лічаць св. Алену, імператрыцу Канстанцінопальскую, маці імператара Канстанціна Вялікага, які зрабіў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі. Імператрыца Алена наведала Ізраіль у 326 г.

Пілігрымкі
Пілігрымка на Святую Зямлю – адзіная ў сваім родзе. Гэта зямля, умілаваная і выбраная Богам, зямля, дзе нарадзілася Евангелле, адкуль паходзяць карані хрысціянскай веры. Наведванне санктуарыяў, звязаных з зямным жыццём Езуса, Панны Марыі і апосталаў – гэта вяртанне да калыскі хрысціянства і Касцёла. Гэта мазаіка людзей, якія вызнаюць рэлігіі Майсея, мусульманскую і хрысціянскую. Гэта выраз салідарнасці з францішканамі – апекунамі святых месцаў – і з лакальным Касцёлам у Ерузалеме.
На Святой Зямлі пілігрымы наведваюць месцы, звязаныя з пачаткам хрысціянства – ад Грота Нараджэння праз Назарэт, Ерузалем, Кану Галілейскую, Галілейскае возера, Гару Васьмі Благаслаўленняў, Кафарнаум і Бэтанію да Вячэрніка, Аліўнага саду, праходзяць вуліцамі Крыжовага шляху і моляцца ў базыліцы Гробу Пана. Тыя, хто пілігрымаваў на Святую Зямлю, часта кажуць, што гэты час змяніў іх жыццё, нярэдка ім цяжка выразіць шчасце, якое яны перажылі. З прычыны шматлікіх канфліктаў, якія працягваюцца на Святой Зямлі, некаторыя пілігрымы маюць перакананне, што становяцца жывым мостам да міру і паяднання.
У апошні час колькасць пілігрымаў на Святую Зямлю, на жаль, памяншаецца. Яшчэ нядаўна гэтая лічба дасягала амаль 3,5 млн чалавек штогод. Нядаўна кусташ Святой Зямлі прасіў не спыняць пілігрымак, якія для жыхароў гэтага месца з’яўляюцца сведчаннем веры і надзеяй на захаванне непарыўнасці хрысціянства.

Ерузалем

Ерузалем, сталіца Ізраіля, адзіны горад свету, у якога больш за 70 назваў, якія выражаюць любоў і імкненне да яго; горад, які выяўлены на старажытных картах у цэнтры свету і захоўвае сваё асаблівае месца ў сэрцах людзей.
Ерузалем – горад, які перапаўняе эмоцыямі, дорыць духоўныя ўражанні, радасць і задавальненне, прапаноўвае цікавыя туры і займальныя падарожжы.
Разам з важнейшымі гістарычнымі і археалагічнымі аб’ектамі аматары культуры, мастацтва, тэатра, музыкі, архітэктуры і вытанчанай кухні змогуць знайсці ў Ерузалеме шмат цікавага, дзіўнага і існуючага толькі тут.

Стары горад Ерузалема

У самым сэрцы Ерузалема размешчаны Стары горад, акружаны сцяной і раздзелены на чатыры кварталы – яўрэйскі, армянскі, хрысціянскі і мусульманскі. У атачэнні сцен знаходзяцца самыя галоўныя святыні трох рэлігій: Сцяна плачу, Святыня Гробу Пана і купал Скалы на Храмавай гары. Плошча ля Сцяны плачу не пусцее ніколі – тысячы вернікаў прыходзяць сюды, несучы ў сэрцы молітвы, сама плошча раздзелена на жаночую і мужчынскую паловы. Турыстам варта паклапаціцца аб закрытым адзенні, паважаючы рэлігійныя правілы. Тут, ля падножжа гіганцкай сцяны, якая захавалася ад Святога храма, прамаўляюць малітвы і закладваюць у шчыліны паміж велізарнымі камянямі запіскі з просьбамі да Бога.
Вакол Сцяны плачу знаходзяцца і іншыя важныя для іўдзеяў месцы – Тунэлі Сцяны плачу, унікальны Цэнтр Давідсона, Яўрэйскі квартал са знакамітай вуліцай Кардо і Вежай Давіда, якая ганарова ўзвышаецца над сценамі ва ўсей сваёй прыгажосці. На поўдзень ад Старога горада размешчаны Давідаў Горад, з якога вырас старажытны ханаанскі і ізраільскі Ерузалем. Гэта дзіўнае месца, багатае на вядомыя гістарычныя аб’екты, якое аказвае на гасцей непазбыўнае ўражанне.
Для хрысціян Ерузалем мае асаблівае значэнне – менавіта тут разгортвалася самая драматычная фаза жыцця Хрыста, тут Ён жыў, чыніў цуды, быў укрыжаваны і ўваскрос.
У адным толькі хрысціянскім квартале знаходзіцца каля 40 культавых пабудоваў (святыняў, кляштараў і заезных дамоў для пілігрымаў). Адным з самых знакамітых аб’ектаў хрысціянскага квартала лічыцца Віа Далароза – «Шлях смутку», па якім, згодна з хрысціянскай традыцыяй, ішоў Хрыстус на Галготу. Многія пілігрымы прыходзяць у Ерузалем, каб прайсці слядамі Езуса па маршруце, які пачынаецца каля Ільвіных варотаў у мусульманскім квартале, праходзіць праз 14 пунктаў і завяршаецца ля Святыні Гробу Пана. У гэтай святыні знаходзяцца важнейшыя хрысціянскія каштоўнасці, у тым ліку Камень памазання (на які было ўскладзена цела Хрыста перад пахаваннем) і многае іншае. Святыня Гробу Пана – месца паломніцтва мільёнаў хрысціян з усяго свету.
Акрамя святых месцаў, у Старым горадзе ёсць яшчэ некалькі цудоўных, вартых увагі куточкаў. Тут знаходзіцца вельмі добры рынак – сапраўднае свята для душы, на якім можна набыць керамічныя вырабы ў армянскім стылі, прыгожыя каралі, арыгінальнае адзенне, расшытыя падушкі, маляўнічыя шарсцяныя дываны, свечкі і цудоўны шкляны посуд, а таксама шматлікія свеніры на любы густ. Па сценах Старога горада праходзіць дарога праменад, з якой адкрываецца від на Стары і Новы горад. Туры ўздоўж гэтых сцен лічацца надзвычай добрым вечаровым правядзеннем часу, калі можна палюбавацца ззяннем агнёў горада. Армянскі квартал адрозніваецца ўнікальнай прыцягальнасцю, і ў ім таксама варта пабываць.

Новы горад Ерузалема

На паўднёвы захад ад Старога горада знаходзіцца гара Сіён, а на ёй – Святыня Унебаўзяцця, у якой, згодна з хрысціянскай традыцыяй, Маці Езуса Марыя правяла апошнюю ноч перад Унебаўзяццем. Гэтая святыня была пабудавана каля 100 гадоў таму, а ў яе падвале можна ўбачыць статую Спячай Марыі. Побач са святыняй знаходзіцца Вячэрнік, дзе адбылася Апошняя Вячэра Езуса з апосталамі.
На ўсход ад Старога горада размешчана Аліўная гара, а на якой знаходзяцца іншыя важныя хрысціянскія святыні і некалькі храмаў: Узнясення, Патэр Ностэр, Домінус Флевіт, Марыі Магдалены, Гетсіманскі храм, храм Лазара і кляштар Абрагама. У даліне Хеўрон ля падножжа Аліўнай гары, згодна з хрысціянскай традыцыяй, знаходзіцца грабніца Марыі.
Яўрэйскія кварталы Новага горада пачалі стварацца ў канцы ХІХ ст. Некаторыя з іх захавалі свой маляўнічы першапачатковы выгляд, і прагулкі па іх – суцэльнае задавальненне. Гэта кварталы Эвен Ісраэль, Германская калонія, Камеміют, Рэхавія, Эйн-Карэм, Маханэ Ісраэль, Нахлаот, Нахлат Шыва, Ямін Машэ, Меа Шэарым (наведваючы гэты раён, рэкамендуецца апранаць закрытае адзенне), Бухарскі квартал, Эфіёпскі квартал і інш. У горадзе ёсць таксама шмат цікавых і ўнікальных знакамітых мясцін розных эпох – Мемарыяльны музей Халакосту Яд ва-Шэм, Схіл боепрыпасаў, праменад, Армон ха-Нацыў, кляштар Мар Эліяс, кляштар Укрыжавання, квартал Мішканот Шаананім і будынак асацыяцыі YMCA. Сярод найбольш сучасных аб’етаў можна назваць будынак Вярхоўнага Суду, Музей Ізраіля, Заапарк біблейскіх жывёл, Кнессет, гару Герцля і рынак Маханэ Іегуда, якому няма роўных па маляўнічасці, разнастайнасці, ап’яняльных водарах і густу тавараў. Маладым аматарам вечаровых забаваў спадабаюцца раёны Ерузалема, у якіх віруе начное жыццё. Гэта Германская калонія, пешаходная вуліца Бен Іегуда, Нахлат Шыва, вуліца Шломцыён ха-Малка, а таксама тэрыторыя Рускага падворку.

Францішканская Кустодыя Святой Зямлі – апекуны Святой Зямлі і пілігрымаў

Гісторыя
Францішканская місія ў Святой Зямлі ганарыцца тым, што была заснавана самім св. Францішкам, які на генеральным капітуле ордэна 14 мая 1217 г. у касцёле Маці Божай Анёльскай пад Асізі пастанавіў, каб выслаць на Блізкі Усход брата Эліяша разам з парай субратоў. Тады ў ордэне была ўтворана так званая Заморская правінцыя („Ultramarina”), якая ахоплівала ўсе краіны ўсходняга басейну Міжземнага мора: ад Грэцыі да Егіпта, у тым ліку таксама Палесціну.
Сам Бядняк з Асізі наведаў Палесціну ў 1219 г. Тады ён сустрэўся з султанам Егіпта Мелек-эль-Камелем, ад якога атрымаў спецыяльны “фірман”, што дазваляў яму і братам падарожнічаць па тэрыяторыях, якія знаходзіліся пад уладай мусульман.
З XIII ст. Меншыя Браты атрымалі ад мусульманскіх уладаў дазвол на свабоднае наведванне святых месцаў (яшчэ без правоў уласнасці).
У 1263 г. Заморская правінцыя Святой Зямлі была абмежавана тэрыяторыямі Кіпра, Сірыі, Лівана і Палесціны, з падзелам на тэрытарыяльныя адзінкі, названыя кустодыямі.
Дзякуючы дыпламатычным і фінансавым захадам караля Неапаля Роберта Анжуйскага і яго жонкі Санчы, султан Егіпта Мелек-эн-Насер Махамед у 1333 г. прызнаў уласнасцю францішканаў Вячэрнік і даў ім права адпраўляць набажэнствы ў базыліках Гробу Пана ў Ерузалеме і Божага Нараджэння ў Бэтлееме.
Папа Клімент VI у булах „Gratias agimus” і „Nuper carrissimae” ад 21 лістапада 1342 г. зацвердзіў францішканаў як афіцыйных прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла ў святых месцах Палесціны, надаючы Кустодыі Святой Зямлі характар міжнароднай адзінкі.
У 1517 г. вышэйшыя ўлады Ордэна Братоў Меншых надалі Кустодыі Святой Зямлі поўную незалежнасць.

Сённяшні час
Францішканская Кустодыя Святой Зямлі ахоплівае краіны, якія ўтвараюць быццам бы дугу ва ўсходняй частцы Міжземнага мора: Ізраіль, тэрыторыі Палесцінскай Аўтаноміі, Іярданію, Егіпет, Сірыю, Ліван, Кіпр і Радос.
На тэрыторыі гэтых краін францішкане клапоцяцца аб санктуарыях і праводзяць у іх набажэнствы, ахопліваюць сваёй апекай пілігрымаў, развіваюць вывучэнне Бібліі, праводзяць археалагічныя раскопкі, выпускаюць кнігі і часопісы і служаць у парафіяльным душпастырстве. Акрамя таго, яны праводзяць шырокую дабрачынную, сацыяльную і асветніцкую дзейнасць сярод мясцовых хрысціян.
На чале Кустодыі Святой Зямлі стаіць айцец кусташ, выбраны кіраўніцтвам Ордэна Братоў Меншых у Рыме і зацверджаны Апостальскай Сталіцай. Тэрмін паўнамоцтваў кусташа – шэсць гадоў з магчымасцю працягу на яшчэ тры гады. З 2016 года кусташам з’яўляецца італьянец а. Франчэско Паттон, яго намеснік (вікарый) – а. Дабрамір Яштэль з Польшчы. Непасрэднымі супрацоўнікамі кусташа з’яўляюцца яго дарадчыкі – сёння гэта а. Джон Люк Грэгары з Англіі, а. Бруно Вар’яно з Бразіліі, а. Ібрагім Фалтас з Егіпта, бр. Сініша Срэбрэнавіч з Харватыі і а. Марчэло Кічынэллі з Аргенціны.
У структурах Кустодыі знаходзіцца 77 кляштараў, у якіх служаць каля 300 манахаў, што паходзяць з 30 дзяржаў і належаць да 53 правінцый Ордэну Братоў Меншых.

Геаграфія Святой Зямлі

Святой Зямлёй называецца частка сушы, якая цягнецца ўздоўж усходняга ўзбярэжжа Міжзнемнага мора, што злучае Сірыю з Егіптам. На працягу стагоддзяў яе назвы былі рознымі: зямля Кананейцаў, Амарыцян, Ізраіля, Юды, у залежнасці ад таго, якія народы тут жылі. Ад эпохі элінізму да найноўшых часоў найбольш часта ўжывалася грэчаская назва Палесціна, якая першапачаткова адносілася толькі да ўзбярэжжа, дзе жылі філістымляне.
Святая Зямля ляжыць у заходняй частцы Азіі, над берагам Міжземнага мора, па абодва бакі Ярдана. Яна размяшчаецца паміж 31° і 32°16′ паўночнай шыраты і паміж 34° і 36° заходняй даўгаты. На захадзе і ўсходзе яе межы натуральныя: Міжземнае мора і Сіра-Аравійская пустыня. На поўначы мяжа праходзіць паўднёвымі схіламі Хермона і Лівана і берагам даліны Эль-Бакаа. Паўднёвыя межы ўтвараюць пустынныя рэгіёны, якія цягнуцца ад Мёртвага мора і Беэр-Шэвы. Рэльеф Святой Зямлі перш за ўсё вызначала мора, якое некалькі разоў яе залівала, утвараючы асадкавыя пароды. Прастора на ўсход ад Ярдана, якую мора залівала менш, пакрыта нубійскім пяском – пераважна чырвонага колеру. Адсюль назва краіны Едом – гэта значыць Чырвоны край. Асадкавыя пароды часткі зямлі Ізраіля падзяляюцца на цвёрды вапняк і распушчальную крэйду. Пад уплывам эрозіі, асабліва воднай, яны ўтварылі цэлую сістэму далін і цяснін.
У трацічны перыяд на фарміраванне рэльефу паўплывала вулканічная дзейнасць, потым утварыліся глыбокія лагчыны. У даліне Ярдана яны дасягаюць найбольшай глыбіні. Чацвярцічны перыяд характарызаваўся вялікімі дажджавымі ападкамі. У гэты час даліны станавіліся часткамі мора.
З геаграфічнага пункту гледжання Святую Зямлю можна падзяліць на чатыры часткі: прыбярэжная раўніна, заходняе плато (горы Галілеі, Самарыі і Юдэі), ярданскі роў, Трансіярданія. Усе гэтыя часткі размешчаны паралельна адна адной у падоўжным напрамку з поўначы на поўдзень.

Прыбярэжная раўніна цягнецца ад Рас ан-Накура да Газы плошчай 180 км. На поўначы яна вельмі вузкая і нават зусім знікае на вышыні Рас ан-Накура. Потым пашыраецца ад 6 да 10 км і так цягнецца да Кармэля. На поўдзень ад Кармэля знаходзіцца раўніна Шарон, багатая на цудоўныя пашы, урадлівую глебу для вінаграднікаў і густыя дубовыя лясы. Яна займае прастору 90 км і даходзіць да Тэль-Авіва. Далей на поўдзень цягнецца Шэфела, вельмі ўраджайная нізіна. Яшчэ больш на поўдзень пачынаецца пустыня. Мора ад даўніх часоў было асаблівым калідорам, тут праходзіў галоўны гандлёвы і вайсковы шлях.
Заходняе плато мае 50-60 км у шырыню. Яго гарыстая частка ўтварае ад поўначы працяг Лівана і амаль няспынную сукупнасць пагоркаў уздоўж усёй Святой Зямлі. Гэтыя пагоркі заканчваюцца на поўдні вобласцю Негеб і пераходзяць у гару Сінай. Вышыня Лівана – больш за 3 тыс. метраў, але горы на тэрыторыі Святой Зямлі ледзь дасягаюць 1200 м. Найвышэйшай кропкай з’яўляецца Джэбэль-Джармак (1208 м). Горную частку можна геаграфічна і этнаграфічна падзяліць на тры, пачынаючы ад поўначы: Галілею, Самарыю і Юдэю.

Галілея з’яўляецца шырокім перадгор’ем Лівана, гэта самая прыгожая і ўрадлівая зямля. У ёй знаходзіцца ўзгаданая вышэйшая кропка, а прыгажосць краявіду падкрэсліваюць блізкія горы, якія часта пакрыты снегам – Хермон (2814 і) і Ліван (3360 м). Паўднёвую частку Галілеі займае раўніна Эздраэлон, вельмі ўрадлівая зямля, над якой узвышаецца самотная і велічная гара Табор (588 м), а з паўднёвага ўсходу яе атачаюць горы Гільбоа (497 м).

Раўніна Эздраэлон аддзяляе Галілейскае перадгор’е ад гор Самарыі, утвараючы цэнтр краіны. У самым цэнтры Самарыі ўзносяцца дзве вяршыні: Эбал (938 м) i Гарызім (866 м), якія маюць вялікае стратэгічнае значэнне.

Горы Самарыі паступова пераходзяць у Юдэйскае перадгор’е, іх вяршыні перавышаюць тысячу метраў. У сэрцы гэтай краіны ляжыць Ерузалем. Усходнія схілы Юдэйскіх гор стромка ападаюць да даліны Ярдана і Мёртвага мора. Юдэйская пустыня, якая ляжыць тут, прасякнута глыбокімі і бязводнымі ярамі і ўсеяна шматлікімі пячорамі. Далей у паўднёвым кірунку размяшчаецца велічная пустыня Негеб.

Ярданскі роў з-за сваёй глыбіні з’яўляецца адзінай у сваім родзе з’явай на зямным шары. Даліна Ярдана цягнецца ад Таўруса ў Малой Азіі праз Келесірыю да заліву Акаба і праз Чырвонае мора да Абісініі. Гэтая лагчына дасягае глыбіні -791 м у параўнанні з узроўнем Міжземнага мора.

Рака Ярдан паходзіць з-пад Ермона і бярэ пачатак з трох крыніц, якія злучаюцца на вышыні 43 м. Пасля злучэння вод з гэтых крыніц Ярдан працякае ўрадлівай раўнінай з трапічнай расліннасцю. Потым воды ракі праходзяць праз возера Генізарэт. Затым Ярдан бяжыць да Мёртвага мора.

Трансіярданія – плато вышынёй ад 800 да 1000 м. Яна мякка зніжаецца на ўсход, губляючыся ў пясках Аравійскай пустыні.