+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Латвія

Латвія – невялікая краіна ў Еўропе над берагам Балтыйскага мора. Узбярэжжа плоскае і мае выгляд пляжаў, якія часам чаргуюцца з дзюнамі. Вялікую частку плошчы краіны займаюць нізіны. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора складае толькі 87 м. Найвышэйшай кропкай Латвіі з’яўляецца ўзвышша Гайзінькалнс (крыху больш за 300 м над узроўнем мора).

Сталіца – Рыга, 690 тыс. жыхароў.

Форма дзяржаўнага кіравання – парламенцкая рэспубліка.

Плошча 64 589 км2

Колькасць насельніцтва (2015 г.) — 1 978 700 чалавек.

Грашовая адзінка — 1 euro = 100 цэнтаў (EUR).

Консульская дапамога для грамадзян РБ

Консульскі аддзел Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы

Адрас: Jēzusbaznīcasiela 12, RīgaLV-1050 (уваход з боку вуліцы Elijas)

Час прыёму наведвальнікаў: 9:00 — 12:30, панядзелак – пятніца

Выдача пашпартоў з візамі: 15:00 — 17:00, панядзелак – пятніца

Тэлефон: (+371) 6 732 25 50 (аўтаадказчык)

Тэлефон: (+371) 6 732 53 21 (кругласутачная даведачная служба)

Тэлефон: (+371) 6 722 91 75 (візы — з 14:00 да 17:30)

Тэлефон: (+371) 6 720 45 24 (пасведчанне на вяртанне, абмен пашпарта)

Факс: (+371) 6 732 53 20

Электронны адрас: latvia.consul@mfa.gov.by

rigas

Месцы, якія варта наведаць

Рыга – горад у Латвіі, які турысты наведваюць найчасцей. Наведванне сталіцы найлепш пачаць ад гістарычнага цэнтра. Ратушная плошча, на якой знаходзіцца знакаміты Дом Чорнагаловых, невялікая. Ад яе адыходзяць вуліцы, утвараючы лабірынт, у якім можна заблукаць. Навакольныя будынкі старыя, але адрэстаўраваныя. Таксама там знаходзіцца Дом з чорнымі катамі, на вяршыні якога можна ўбачыць фігуркі чорных жывёлаў. Таксама ў Рызе варта наведаць Музей Югендстыля, які быў створаны ў кватэры аднаго з архітэктараў гарадскіх будынкаў. Архітэктурнае багацце сталіцы Латвіі ўтвараюць шматлікія злучаныя паміж сабой стылі. Тут можна знайсці як прыклады сучаснай архітэктуры, так і гатычнай, і сюрэалістычныя будынкі. Пасля камуністычных часоў тут застаўся будынак Акадэміі навук. Таксама ў Рызе ёсць замак, дзе сёння знаходзіцца музей і рэзідэнцыя прэзідэнта. Панараму горада лепш за ўсё сузіраць з аглядальных пунктаў, найлепшы з якіх – вежа старадаўняга касцёла св. Пятра, узведзенага ў ХІІІ ст. З яе можна бачыць як горад, так і раку Дзвіну.

riga-9

Кулдзіга – адзін з самых прыгожых і маляўнічых гарадоў Латвіі. Быў заснаваны 1000 гадоў таму як паселішча, куды прыбывалі вікінгі са Скандынавіі. Гэта адзіны горад ва ўсёй Латвіі, у якім захаваліся драўляныя будынкі XVIII-XIX стст. Для горада характэрныя вузкія вуліцы і дамы, пакрытыя чырвонай чарапіцай.

Кандава – мясцовасць у даліне ракі Абава ў так званай “Курляндскай Швейцарыі”. Там можна ўбачыць руіны замка Х ст., раманскую сінагогу, мост XVIII ст. і іншыя гістарычныя аб’екты.

Aлуксне – адзін з найпрыгажэйшых латвійскіх гарадоў, з руінамі замка і маляўнічым возерам, дзе знаходзіцца некалькі астравоў: Цэпурытэ, Пілсала, Гара і Ціклу. У ваколіцах варта наведаць таксама замак у Даўгавпілсе і памежную Лудзу, адзін з найстарэйшых гарадоў Латвіі.

Нацыянальны парк Гауя – знаходзіцца паміж Сігулдай і Валміерай. Гэта цудоўнае месца для аматараў актыўнага адпачынку. Рака Гауя стварае ідэальныя ўмовы для катання на лодках, а ў лясах можна гуляць і ездзіць на ровары. Флора і фаўна парка незвычайна багатыя. Падчас прагулак па лесе можна пабачыць серну, аленя, лася і дзікіх птушак. Там жыве 48 відаў млекакормячых і 149 відаў птушак. Таксама ў парку ёсць каля 900 відаў раслін, там можна ўбачыць скальныя ўтварэнні з чырвонага пясчаніку, даламітаў і вапняку, шматлікія пячоры і помнікі.

Юрмала – самы знакаміты надбалтыйскі горад у Латвіі. Гэта дасканалы зыходны пункт для адпраўкі ў іншыя балтыйскія парты. Ён вядомы найлепшымі цэнтрамі SPA ва ўсёй краіне. Яго краявіды лічацца самымі прыгожымі ва ўсёй краіне. Дробны белы пясок ідэальна кантрастуе з зелянінінай лясоў, атачаючых пляжы. Таксама там можна ўбачыць прыгожыя драўляныя домікі.

riga-8

Сігулда – другі пасля Рыгі па колькасці наведванняў горад у Латвіі. Дзякуючы маляўнічым куточкам, цудоўным гістарычным помнікам і прыродзе яго часта называюць “Маленькая Швейцарыя”. Незалежна ад пары года Сігулда напоўнена турыстамі. Ваколіцы горада вядомыя найперш старадаўнімі рэзідэнцыямі, шляхецкімі палацамі і пячорамі. Сігулда з’яўляецца брамамі ў Нацыянальны парк Гауя. Аматары пешых вандровак знойдуць тут узвышшы, дзе размешчаны руіны трох сярэднявечных замкаў.

Ліепая – трэці па велічыні горад Латвіі і адначасова сталіца Курляндыі. Таксама гэта адна з нямногіх мясцовасцяў, дзе 90 працэнтаў складаюць жыхары тыпова латвійскага паходжання. Там варта ўбачыць касцёл св. Ганны XVI ст. з вялізнымі арганамі, якія да пачатку XX ст. лічыліся самымі вялікімі ў свеце, наведаць катэдру св. Юзафа 1894 г. і царкву св. Мікалая, пабудаваную ў 1903 г.

Цэсіс – там знаходзяцца сярэднявечныя руіны другой па велічыні крэпасці ў Інфлянтах. У гэтай мясцовасці, размешчанай у самым сэрцы Нацыянальнага парка Гауя, бяруць пачатак Натуральныя прыродныя сцежкі, якія бягуць сярод лясоў, азёр і рэк. Горад быў заснаваны на рубяжы XI-XII стст. на ўзгорку Рыексту Калус. Там знаходзяцца адны з самых прыгожых замкавых руін ва ўсёй Усходняй Еўропе. Гэты аб’ект быў створаны для патрэбаў Лівонскага ордэну і належаў да яго найважнейшых цэнтраў, будучы рэзідэнцыяй магістраў ордэну.

nik_7586

Санктуарый Маці Божай Аглонскай

Аглона – найважнейшы санктуарый Маці Божай у Латвіі. У галоўным алтары святыні “латвійскай Чэнстаховы” знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Аглонскай. Яго аўтар і час стварэння невядомыя, надпіс гаворыць, што ён “славуты цудамі 134 гады”. Сукенка і кароны з пазалочанага срэбра, выкладзенага каштоўнымі камянямі, паходзяць з 1875 г. Абраз візантыйскага паходжання з’яўляецца копіяй выявы Маці Божай Тракайскай. На залатым фоне прадстаўлена постаць Панны Марыі, якая сядзіць на троне, трымаючы Дзіцятка на правым калене. Цёмна-пурпуровае, аздобленае золатам адзенне Маці Божай пакрывае цёмна-гранатавы плашч з сіняй падкладкай. На плашчы бачныя залатыя зоркі. У левай руцэ Марыя трымае галінку ружаў з трыма кветкамі. Езус апрануты ў вышытую золатам чырвоную туніку і трымае на каленях Святое Пісанне. Па абодва бакі алтара знаходзяцца вотумы як падзякі за атрыманыя ласкі. Санктуарый з пачатку існавання быў мэтай пешых пілігрымак не толькі з Латвіі, але таксама з Літвы і Беларусі.

У 1700 г. сюды прыбылі даміканцы, якія атрымалі вялікія ўладанні. Месцам будаўніцтва касцёла быў абраны лясісты ўзгорак паміж азёрамі Эглес і Цірса. Першы драўляны касцёл згарэў у 1708 г. Замест яго быў узведзены мураваны трохнэфавы барокавы будынак, які захаваўся да нашага часу. Святыня пабудавана ў форме крыжа, яе даўжыня 45 м, шырыня 23 м, вышыня вежы 58 м. Глыбокія сутарэнні санктуарыя былі месцам пахавання заслужаных асобаў. Касцёл быў асвечаны ў 1751 г., а яго інтэр’ер у стылі ракако завершаны праз некалькі дзясяткаў гадоў. Святыню аздабляюць творы польскіх майстроў. Асаблівай увагі заслугоўвае лепка і вырабы з металу. У 1720 — 1780 гг. каля касцёла быў пабудаваны кляштар. Расійскія ўлады не закранулі санктуарый, хоць у сярэдзіне ХІХ ст. ліквідавалі ордэн. У міжваенны перыяд роля санктуарыя значна ўзрасла, хоць Латвія з’яўляецца пратэстанцкай краінай. Падчас ІІ Сусветнай вайны дзейнасць санктуарыя не была абмежавана, толькі забаранялася прымаць новых кандыдатаў у духоўную семінарыю. Пазней савецкія ўлады зачынілі семінарыю, а ў 1961 г. кляштар. Нягледзячы на рэлігійны пераслед, шмат вернікаў прыбывала да Маці Божай. У 1980 г. санктуарыю быў нададзены тытул меншай базылікі. У жніўні 1986 г. урачыстасці 800-годдзя хросту Латвіі сабралі 150 тысяч вернікаў. 9 верасня 1993 г. 300 тысяч пілігрымаў віталі тут Папу Яна Паўла ІІ.

Цікавыя звесткі

Плошча перад базылікай, падрыхтаваная да візіту Святога Айца, змяшчае каля паўмільёна чалавек. Побач з ёй пабудаваны Крыжовы шлях даўжынёй каля 600 м. 14 жніўня 2009 г. на плошчы была асвечана Салетынская Кальварыя, група з трох фігур, якія прадстаўляюць тры фазы аб’яўлення Маці Божай з Ла-Салета. Каля базылікі знаходзіцца крыніца, вада ў якой лічыцца аздараўляючай.

Адрас: базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Vissvētākās Jaunavas Marijas Debesīs Uzņemšanas Bazylika), Cirīšu iela 8, Preiļu raj., Aglona 5304, Latvia

Tэл.: +371 65381109

Факс: +371 29472155

Электронны адрас: ab@aglonasbazilika.lv

nik_7734