+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Літва

Літва, Літоўская Рэспубліка (Lietuvos Respublika) – дзяржава ў Еўропе, адна з краін Балыткі, член Еўрасаюза і НАТА; мяжуе на захадзе з Расіяй (Калінінградскай вобласцю), на паўднёвым захадзе – з Польшчай, на ўсходзе – з Беларуссю, на поўначы – з Латвіяй.
Першы ўспамін аб Літве паходзіць з 14 лютага 1009 г., аднак літоўская дзяржава паўстала толькі ў ХІІІ стагоддзі. У XIV ст. тагачаснае Вялікае княства Літоўскае было найбольшай дзяржавай у Еўропе, у 1385 г. увайшло ў саюз з Польшчай, які перарадзіўся ў 1569 г. у трывалую унію (Люблінскую). У 1795–1918 гг. Літва знаходзілася пад расійскай уладай. У 1918 г. узнікла незалежная Літоўская Рэспубліка, у 1940 г. ператвораная ў Літоўскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. 11 сакавіка 1990 г. Літва абвясціла дэкларацыю аб незалежнасці.

Дзяржаўная мова — літоўская.

Сталіца — Вільнюс (Вільня).

Форма дзяржаўнага кіравання — парламенцкая рэспубліка.

Колькасць насельніцтва (2016) — 2 869 690 чалавек.

Грашовая адзінка — 1 euro = 100 цэнтаў (€).

Консульская дапамога для падарожных грамадзян РБ
Пасольства Рэспублікі Беларусь у Вільнюсе
Адрас: 03225 Vilnius — 6, Mindaugo street 13, Lithuania
Тэлефон: +8 1037052662200, +8 1037052662211

lithuania-912362_1920

Варта ведаць

“Падарожжа ў Вільнюс – гэта прыбыццё да крыніц легенды” (Чэслаў Мілаш, 1992 г.).

Размешчаная ў сутоцы Віліі і Вільні, сталіца Літвы з’яўляецца адной з тых ва Усходняй Еўропе, якія найбольш наведваюць. Гістарычны цэнтр Вільнюса, які лічыцца шэдэўрам барока, у 1994 годзе быў унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У архітэктуры горада захоўваюцца аўтэнтычныя будынкі з рысамі готыкі, рэнесансу і класіцызму.

Можна з прыемнасцю прагуляцца вузкімі вулачкамі Старога горада сярод упрыгожаных кветкамі падворкаў, касцёлаў і музеяў. Замкавая вуліца (літ. Pilies) спакушае характэрнымі кавярнямі і рэстаранамі. Маленькія пякарні запрашаюць пакаштаваць свежаспечанага хлеба або булачак. У Літаратурным завулку варта пабачыць Сцяну літаратараў. На ёй змешчана больш за 100 артыстычна аздобленых драўляных, керамічных і шкляных плітак, на якіх напісаны імёны пісьменнікаў і паэтаў, якія паходзяць з Літвы або працуюць тут.

Прыемна ўражвае заснаваны ў 1579 г. Віленскі ўніверсітэт. На яго тэрыторыі размяшчаецца адна з найстаражытнейшых у Еўропе астранамічных абсерваторый і старая бібліятэка. Варта пабываць у аздобленай фрэскамі зале імя прафесара Яўхіма Лялевеля, касцёле св. Яна Хрысціцеля і св. Яна Евангеліста, дзе адбываюцца не толькі святыя Імшы, але і найважнейшыя ўрачыстасці ўніверсітэта. Па калідорах гэтай святыні навукі хадзіў знакаміты польскі паэт Юліюш Славацкі. У гонар паходзячага з Польшчы паэта Мацея Казіміра Сарбеўскага быў названы адзін з двароў Віленскага ўніверсітэта.

“Гэта благаслаўленне, калі хтосьці атрымаў ад лёсу такі горад школ і ўніверсітэтаў, якім быў Вільнюс, дзіўны горад барокавай і італьянскай архітэктуры, перанесенай у паўночныя лясы”, — казаў Чэслаў Мілаш у 1980 г. У Вільнюсе міжваеннага перыяду ён рабіў першыя творчыя крокі. Варта прыгледзецца да вуліц, якімі хадзілі знакамітыя гістарычныя асобы. Бэрнардынскі завулак (літ. Bernardinu), 11 – месца, дзе славуты паэт-рамантык Адам Міцкевіч рэдагаваў паэму “Гражына”. Кампазітар Станіслаў Манюшка пражываў на вул. Нямецкай (літ. Vokiečiu), 26.

Мост над Вільняй вядзе да “Незалежнай Рэспублікі Зарэчча”, якая называецца вільнюскім Манмартрам. Яе жыхары маюць не толькі пячатку ззяючага золатам анёла, але і канстытуцыю. Яе можна знайсці на пачатку вуліцы Паплаўскай (літ. Paupio). Над Вільняй размяшчаюцца ўтульныя кавярні, галерэі мастацтва, экалагічны базар, вінныя склепы і Тыбецкі сквер.

lithuania-1570504_1920

Капліца Маці Божай Вастрабрамскай (Маці Божай Міласэрнасці) у Вільнюсе

У XVII-XVIII стст. Вільню спусташалі іншаземныя войскі і пажары. Віленцы верылі, што горад ад апошняга знішчэння ўратавала апека Маці Божай Вастрабрамскай. Пад расійскім панаваннем узрастала пабожнасць, а Вострая Брама станавілася сімвалам барацьбы за свабоду. У часы дэпартацыі і эміграцыі яна была сімвалам страчанай айчыны. У савецкія часы пашану Маці Божай аддавалі патаемна.
Паводле легенды, абраз быў створаны ў 1620-1630 гг. Яго першаўзорам была праца галандскага мастака Марціна дэ Воса, асновай для якой паслужыла гравюра Томаса дэ Лео ад 1580 г. Абраз (200 x 162 см) напісаны на васьмі дубовых дошках. Тэхніка выканання сведчыць, што ён узнік у Вільні. Абраз мае шмат сімвалічных значэнняў. Каля 1670 г. абраз было вырашана аздобіць сярэбранай пазалочанай аправай. 5 ліпеня 1927 г. абраз атрымаў папскія кароны і тытул Маці Міласэрнасці. Кароны былі страчаны ў часы ІІ Сусветнай вайны. Абраз знаходзіцца ў галоўным алтары капліцы. Па яго баках змешчаны фігуры бацькоў Панны Марыі. Характэрны вотум – сярэбраны паўмесяц у ніжняй частцы абраза – паходзіць з 1849 г. Вотумы, якія пакрываюць сцены капліцы, складаліся ўжо з ХVII ст. i, падобна як шматлікія сведчанні, таксама і пісьменныя, кажуць пра спазнаныя праз заступніцтва Маці Божай цуды, ласкі і суцяшэнні. 4 верасня 1993 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ маліўся перад цудадзейнай выявай Панны Марыі ў Вострай Браме. У Вострую Браму пілігрымуюць вернікі з Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны і іншых краін.
У 1503-1522 гг. Вільня была абнесена мурамі. Будаўніцтва пачалося ад Медніцкай Брамы, якая з 1594 г. стала называцца Вострай Брамай (лац. Porta Acialis). Абраз Найсвяцейшай Панны Марыі першапачаткова знаходзіўся ў невялікай нішы з унутранага боку брамы. Абраз быў уласнасцю горада. У 1626 г. у Вільню прыбылі кармэліты босыя, якія пачалі пры Вострай Браме будаўніцтва кляштара і касцёла, асвечанага ў гонар св. Тэрэзы Авільскай у 1654 г. З самага пачатку кармэліты адпраўлялі перад цудадзейным абразом набажэнствы. У 1668 г. гарадскія ўлады даручылі кармэлітам апеку над выявай Маці Божай. У 1671 г. абраз быў змешчаны ў драўлянай капліцы, якая згарэла ў 1711 г. Мураваная капліца ад 1722 г. захавалася да нашага часу. Капліца пабудавана так, каб вернікі, якія моляцца перад абразом, маглі знаходзіцца на вуліцы. У 1844 г. за дапамогу паўстанцам кармэліты былі выгнаны. Кляштар быў аддадзены праваслаўным, а капліца – дыяцэзіяльнаму духавенству. З таго часу ўваход у капліцу быў адкрыты. У 2002 г. брама і капліца былі адрэстаўраваны.

Цікавыя звесткі

Культ Маці Божай Вастрабрамскай прапагандавалі ў сваіх творах віленскія літаратары, між іншым Адам Міцкевіч, Юзаф Ігнацый Крашэўскі, Юліюш Славацкі, Уладзіслаў Сыракомля. Станіслаў Манюшка прысвяціў вастрабрамскаму санктуарыю чатыры ўрачыстыя літаніі для хору і аркестру.
У часы кармэлітаў у капліцу можна было ўвайсці толькі з садоў кляштара. Свецкія людзі, асабліва жанчыны, не мелі туды доступу. У 1785 г. быў забаронены вулічны гандаль падчас малітваў у Вострай Браме. Ад прахожых, незалежна ад веравызання, патрабавалася, каб ад брамы да самай капліцы Пацеяў яны ішлі з непакрытай галавой.
На франтоне бачны надпіс па-лацінску Mater Misericordiae (Маці Міласэрнасці), ніжэй – Sub tuum presidium confugimus (Пад Тваю абарону ўцякаем). Спачатку тут быў надпіс на польскай мове, а пасля паражэння паўстання 1863 г. царская адміністрацыя змяніла яго на лацінскі. У 1933 г. быў вернуты надпіс па-польску, а з 1946 г. ён зноў гучыць на мове Паўсюднага Касцёла – лацінскай.

Гадзіны адкрыцця: 6:00 — 19:00
Адпусты: на працягу 8 дзён на тым тыдні, калі прыпадае 16 лістапада, кожны 16-ы дзень месяца.
Адрас: парафія Св. Тэрэзы (Vilniaus Šv.Teresės parapija), Aušrosvartų g. 14, LT-01129 Вільнюс (Літва).
Tэлефон: +370 5 212 35 13
Сайт: www.ausrosvartai.lt

trakai-castle-1793829_1920

Наведаць Тракай і перанесціся ў эпоху Сярэднявечча

Прыезд у Тракай дае магчымасць здзейсніць фантастычнае падарожжа ў краіну мінулага. Вежы Тракайскага замка на востраве, якія адбіваюцца ў спакойных водах возера Гальвэ, памятаюць падзеі з XV стагоддзя. Гэта былі часы росквіту літоўскай дзяржавы, а яе землі пашыраліся да самага Чорнага мора. Да нашага часу захаваліся два замкі – на востраве і паўвостраве.
Замак на востраве быў адной з самых магутных апор і адным з найважнейшых аб’ектаў, рэпрэзентуючых літоўскія землі. Тут гасцілі сярэднявечныя паслы, князі, а таксама сам кароль Ягайла. Сёння турысты могуць пабачыць тое, чым захапляліся і сучасныя каралі: каралева Даніі Маргарыта ІІ, кароль Швецыі Карл Густаў XVI з каралевай Сільвіяй, прадстаўнікі каралеўскіх сем’яў Грэцыі, Ісландыі і іншых краін.
Напрыканцы XIV ст. Вялікі князь Літоўскі Вітаўт перасяліў з Крыма ў Тракай караімаў. Ім была даверана абарона замка. У драўлянай караімскай святыні (кенасе) можна паслухаць аповеды старога караіма аб гісторыі гэтага народа і характэрных рысах яго рэлігіі. Таксама, канешне, варта пакаштаваць караімскія кібіны.
У Тракаі турысты маюць магчымасць пазнаёміцца і з гісторыяй літоўскіх татар. Большасць з іх пасялілася ў Літве ў XIV-XV стст., пасля пераможных паходаў Вітаўта на Крым. У кавярні варта пакаштаваць Šimtalapis – традыцыйнае татарскае слоенае цеста.
У Затракаі (літ. Užutrakis) варта наведаць пабудаваны ў стылі гістарызму палац. Пасля больш чым стогадовага перапынку палацава-паркавы комплекс зноў перажывае залаты век. Палацавы комплекс узнік у 1897-1902 гг. па ініцыятыве Юзафа Тышкевіча і яго жонкі Ядвігі. Французскі архітэктар Андрэ спраектаваў парк у англійскім стылі з больш чым 20 сажалкамі і кветнікамі.
Тракай атачае пяць вялікіх азёр. Можна адпачываць на чыстых пляжах, любуючыся цудоўнай панарамай Тракая. Летам у гістарычным музеі, які знаходзіцца ў Тракайскім замку, можна прыняць удзел у свяце сярэднявечных рамёстваў, падчас якога адбываюцца рыцарскія турніры, выступленні сярэднявечных танцорак і магія агню, якую паказваюць факіры.
Тракай – адзін з тых гарадоў Усходняй Еўропы, якія наведваюць найбольш. Ён прыцягвае ўвагу не толькі архітэктурнай арыгінальнасцю, але і культурнымі імпрэзамі, а таксама шматлікімі забавамі.

Адкрыць пілігрымскі шлях Яна Паўла ІІ

Варта адправіцца ў малітоўнае падарожжа па ўсёй Літве, ушаноўваючы памяць вялікага пілігрыма – Папы Яна Паўла ІІ – і ідучы яго слядамі, наведваючы раскінутыя па Літве святыні, у якіх бываў Святы Айцец. Папа Ян Павел ІІ прабываў у Літве 4-8 верасня 1993 г., ужо пасля таго, як яна атрымала незалежнасць, і быў першым у гісторыі Пантыфікам, які наведаў гэтую краіну.
У Вільнюсе варта ўвайсці ў архікатэдральную базыліку, а ў капліцы св. Казіміра затрымацца пры гробе гэтага святога – апекуна Літвы – і звярнуцца да яго ў малітве. У Вострай Браме – убачыць вядомы ва ўсім свеце абраз Найсвяцейшай Панны Марыі.
У Тракаі можна ўбачыць святы абраз Маці Божай з Дзіцяткам. Гэта першы ў Літве цудадзейны абраз, афіцыйна ўкаранаваны залатымі папскімі каронамі.
У Півашунаі (літ. Pivašiunai) можна далучыцца да галоўнай пілігрымкі. На адпуст Маці Божай Зельнай у святыні 15 жніўня збіраюцца натоўпы падарожнікаў з усяго свету. Яны ўшаноўваюць славуты ласкамі абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных, які захаваўся, нягледзячы на пажары, што бушавалі ў горадзе.
У Каўнасе варта пабываць у архікатэдральнай базыліцы свв. апосталаў Пятра і Паўла і пабачыцьь шэдэўр архітэктуры сталага барока (XVII ст.) – кляштар у Пажайслісе (літ. Pažaislis), а таксама славуты абраз Маці Прыгожай Любові. Да Найсвяцейшай Маці, з просьбай аб ласках або з падзякай, прыбываюць пілігрымы з усяго свету, найбольш – з Польшчы.
У Шылуве (літ. Šiluva) можна дакрануцца да цудоўнага каменя, на якім у 1608 г. аб’явілася Панна Марыя. Гэта адно з першых аб’яўленняў у Еўропе. У святым месцы ўзносіцца да неба шылуўская капліца.
Вялікае ўражанне на пілігрымскім шляху выклікае касцёльны комплекс у Цітувенаі (літ. Tytuvenai). Нельга абмінуць і Гары Крыжоў. У 1993 г. Папа Ян Павел ІІ цэлебраваў тут святую Імшу. Зараз на Гары Крыжоў устаноўлена каля 200 тыс. крыжоў рознага памеру.

vilnius-1586557_1920