+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Партугалія

Партугалія, Партугальская Рэспубліка (парт.  República Portuguesa) – еўрапейская дзяржава, размешчаная ў заходняй частцы Паўднёвай Еўропы на паўднёвым захадзе Пірэнейскага паўвострава. Самая заходняя дзяржава Еўропы. На поўначы і ўсходзе мяжуе з Іспаніяй, на захадзе і поўдні абмываецца водамі Атлантычнага акіяна. Таксама ў склад Партугаліі ўваходзяць два архіпелагі, размешчаныя ў Атлантычным акіяне – Азорскія астравы і Мадэйра. Член Еўрасаюза і НАТА. Краіна на заходнім канцы Еўропы, на якім для людзей старажытнасці заканчвалася Зямля. Менавіта становішча Партугаліі мела ўплыў на геаграфічныя экспедыцыі, дзякуючы якім партугальцы стварылі велізарную імперыю ў перыяд сваёй экспансіі. У гістарычных помніках і творах мастацтва Партугаліі захоўваецца памяць пра былую магутнасць, значэнне і багацце краіны. У Лісабоне турысты могуць пабачыць цэнтр горада XVII ст., Помнік першаадкрывальнікам, адмыслова аздоблены кляштар іеранімітаў з касцёлам Санта-Марыя, дзе спачываюць парэшткі Васко да Гамы, а таксама найстарэйшы раён рамеснікаў і маракоў – Алфаму. Непаўторныя ўражанні выклікае праезд па самым доўгім вісячым мосце ў Еўропе, што смела перакінуты праз раку Тахо. Порту, другі па велічыні горад краіны, асабліва ў плане гандлёвым і прамысловым, паспяхова канкурыруе з Лісабонам. Іншыя цікавыя месцы – гэта горад універсітэтаў Каімбра, кляштар у Томары, сярэднявечнае мястэчка Обідуш, а найперш Фаціма – цэнтр культу, санктуарый Маці Божай, мэта пілігрымак. Але Партугалія – гэта не толькі гістарычныя помнікі, але і маляўнічыя краявіды: цудоўнае атлантычнае ўзбярэжжа з шырокімі прыгожымі пляжамі і смачнай арыгінальнай кухняй.

Здалёк ад узбярэжжа Партугаліі, у Атлантычным акіяне, ляжаць два архіпелагі, якія маюць статус аўтаномных рэгіёнаў: цёплая Мадэйра з буйной расліннасцю і дзевяць зялёных вулканічных астраўкоў, што ўтвараюць Азоры, размешчаныя ў адной трэці шляху праз Атлантычны акіян паміж Партугаліяй і Злучанымі Штатамі.

Партугалія займае прыблізна адну шостую частку плошчы Пірэнейскага паўвострава. Мяжа даўжынёй 1214 км на поўначы і ўсходзе аддзяляе Партугалію ад яе адзінага суседа – Іспаніі. Найвышэйшая кропка Партугаліі – гара Піку вышынёй 2351 м на Азорскіх астравах. На поўначы на тэрыторыі краіны пераважаюць горы і ўзгоркі. Тут праходзяць горныя паясы Сера-да-Ларуку (1525 м), Сера-до-Марко (1415 м) і Сера-да-Эштрэла (1993 м). На поўдні краявід нізінна-ўзгоркавы. Бліжэй да мора цягнуцца ўзгоркі Алентэжу і Алгарві. Узбярэжжа ў паўднёвай частцы скалістае, на астатняй тэрыторыі пакрыта дзюнамі і лагунамі.

houses-929392_1920

Плошча91,9 тыс. км2

Сталіца – Лісабон, 2,6 млн (агламерацыя).

Дзяржаўная мова – партугальская.

Форма дзяржаўнага кіравання – парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка.

Колькасць насельніцтва (2014) — 10 813 834 чалавек.

Грашовая адзінка – 1 еўра = 100 еўрацэнтаў (EUR, €).

Консульская дапамога для падарожных грамадзян РБ

Пасольства Рэспублікі Беларусь няма,

справамі займаецца Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы

Тэлефон: +33 1 44 14 69 78

Факс:         +33 1 44 14 69 74

Адрас: 38, boulevard Suchet, 75016 Paris

Электронная пошта — fr.consul@mfa.gov.by

У экстрэмальнай сітуацыі (смерць роднага або знаёмага, затрыманне, арышт прадстаўнікамі паліцыі, страта дакументаў, стварэнне пагрозы для жыцця грамадзяніна Беларусі) можна:

  • пазваніць па тэлефоне +33 1 44 14 69 75 (дзяжурны);
  • накіраваць паведамленне па факсе +33 1 44 14 69 74 (кругласутачна);
  • накіраваць паведамленне па электроннай пошце belarus-consul@mail.ru. Па магчымасці ўказаць прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, грамадзянства, краіну пражывання заяўніка і таго, хто трапіў у экстрэмальную сітуацыю (дадаткова – нумар і серыя пашпарта, адрас рэгістрацыі за мяжой і ў Беларусі), што, дзе і калі здарылася, а таксама кантактныя даныя (нумар тэлефона).

lisbon-535942_1920

Месцы, якія варта наведаць

Лісабон – горад з багатай гісторыяй, мегаполіс з душой. Ён размешчаны на сямі ўзгорках над ракой Тахо. Тут мы сустрэнем як стогадовыя жоўтыя вагончыкі трамваяў, якія рухаюцца цеснымі вулачкамі, так і поспех і дынамізм, добра развітую сетку метро і два эфектныя масты: Імя 25 красавіка, які падобны да Залатых Брамаў у Сан-Францыска, і белы, сучасны, найдаўжэйшы ў Еўропе (яго даўжыня больш за 17 км) мост Васко да Гама.

Да найважнейшых раёнаў Лісабона, у якіх канцэнтруецца жыццё і найцікавейшыя гістарычныя помнікі горада, адносяцца Байша – ніжні горад і адначасова цэнтр, Байру-Алту – ніжні горад, Бэлен – ля вусця Тахо, Алфама – найстарэйшы з раёнаў, ляжыць ля берага ракі. Падчас вялікага землятрусу, які здарыўся ў Партугаліі ў 1755 г., Алфама і Бэлен засталіся незакранутымі, што надае ім асаблівую гістарычную вартасць. Акрамя таго, аматарам шопінгу можа спадабацца гандлёвы раён Шыаду.

Старажытны цэнтр Лісабона, Байша, пачынаецца над берагам Тахо. Жыццё горада засяроджваецца вакол Праса-ду-Камерсіу, над якой узвышаецца помнік каралю Жазэ І. Гэта даўняе сэрца горада, бо менавіта сюды прыбывалі тавары з усяго свету. Далей, праходзячы пад трыумфальнай аркай на Руа Аугушта XIX ст., бачыш закрытую для аўтамабільнага руху, адну з наймаладзейшых лісабонскіх вуліц Руа Аугушта. Яна злучае плошчы Камерсіу і Росіу. Росіу – шырокая плошча з вялікімі фантанамі і высокай калонай у цэнтры, месца сустрэч лісабонцаў і турыстаў, поўнае кавярняў і крамаў.

Да найпрыгажэйшых мясцін і гістарычных помнікаў раёна Байша належаць таксама касцёл Носса-Сеньёра-да-Кансейсау-Вэлья, фантан Шафарыш дэль Рэй, які паходзіць з XVII ст. Муніцыпальная плошча вядомая слупом ганьбы, ратушай, ці Камара Мунісіпал, плошча Педру – Тэатрам каралевы Марыі II, знакамітым ліфтам Санта Жушта, помнікам маркізу Памбалю, дзякуючы якому пасля землятрусу ў 1755 г. Лісабон удалося адбудаваць і вярнуць яму прыгажосць.

Над горадам узвышаецца Каштэлу-дэ-Сан-Жоржэ (замак св. Георгія), які паходзіць з XII ст. – часоў панавання маўраў. Найпрыгажэйшы від на сталіцу адкрываецца менавіта з яго муроў. Падымаючыся да замка, па дарозе можна ўбачыць катэдру Се.

Замак размешчаны над найстарэйшым раёнам Лісабона – Алфамай, раней маўрытанскай часткай горада. Гэта атмасфернае месца з вузкімі вулачкамі, якія ўтвараюць лабірынт, дзе жыццё ідзе па сваім рытме.

Байру-Алту – частка горада, поўная элегантных крамаў і рэстаранаў, дзе знаходзіцца ўзгаданы вышэй гандлёвы раён Шыаду. Аб землятрусе нагадваць руіны манументальнага кляштара Канвента дэ Карма. Таксама гэтую частку горада аздабляюць велічны касцёл св. Роха XVIII ст., побач Музей сакральнага мастацтва і базыліка-да-Эштрэла з велізарным купалам.
З лісабонскіх раёнаў варта наведаць і Бэлен, маляўнічае месца ля ўзбярэжжа ракі Тахо, дзе ў адрэстаўраваным порце Алкантара знаходзяцца шматлікія кавярні і рэстараны. Да найцікавейшых месцаў у гэтым раёне належыць найперш Жэранімуш – кляштар іеранімітаў, пабудаваны ў мануэлінскім стылі ў гонар Васко да Гамы і ўнесены ў спіс ЮНЕСКА. Варта наведаць Торы-дзі-Бэлен XVI стагоддзя, старадаўнюю крэпасць, Помнік першаадкрывальнікам з Генрыхам Мараплаўцам на чале і Марскі музей.

lisbon-1450809_1920

Надвор’е ў Партугаліі, калі ехаць: тэмпература адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёну краіны. У той час як у гарах зімой ляжаць гурбы снегу, на міжземнаморскім паўднёвым узбярэжжы, Алгарві, можна загараць. Сярэдняя тэмпература ў цэнтральнай Партугаліі летам каля 18°C, а на паўднёвым узбярэжжы каля 27 °C. У плане клімату Партугалія вельмі падыходзіць для тых, хто не любіць празмерную гарачыню. Дзякуючы акіянічным вятрам тут ніколі не бывае ні занадта горача, ні холадна. На Мадэйры тэмпература сталая і складае ў сярэднім 22 °C.

Найбольш папулярныя рэгіёны, курорты, месцы Партугаліі: Лісабон, Порту, Обідуш, Томар, Эвара, Фаціма, Сінтра, Барселуш, Баталья, рэгіён Алгарві – Прая дэ Роша, Прая дэ Алвор, Лагуш, Армасан-дэ-Пера, на поўдні: Лагуш, Тавіра, мыс Сан-Вісэнці, востраў Мадэйра – Фуншал, востраў Порту-Санту.

Вядомыя мясціны Партугаліі: кляштар іеранімітаў і вежа Бэлен у Лісабоне, гістарычны цэнтр Ангра-ду-Эраішму на Азорах, кляштар Ордэну Хрыста ў Томары, гістарычны цэнтр Эворы, абацтва цыстэрцыянцаў у Алкабасе, гістарычны цэнтр Порту, гістарычны цэнтр Гімарайнша.

Варта ведаць: у Партугаліі ўсе катэдральныя касцёлы прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі, падобна як і 1/3 парафіяльных касцёлаў. Незалежна ад пакалення ўсе любяць фаду – праймальную партугальскую музыку. Фаду ўзрушвае і спрыяе з’яднанню людзей, кажа аб любові, здрадзе, жарсці, болю. Лісабон – гэта таксама рай для тых, хто любіць рыбу. Траску тут можна есці практычна цэлы год і прыгатаваную кожны дзень па-рознаму.

lisbon-938996_1920

10 месцаў у Партугаліі, якія варта наведаць

Лісабон – горад сумнага фаду і керамічных пліт

Жоўты трамвай імкнецца пад гару вузкімі вулачкамі раёна Алфама. Невялікія домікі нібы прылеплены адзін да аднаго, у вокнах сушыцца бялізна. У сталіцы Партугаліі не адчуваецца, што ты ў вялікім горадзе. Лісабон размешчаны на ўзгорках, а розныя ўзроўні горада злучаны праз ліфты – элевадары.

З руін замка адкрываецца прыгожая панарама горада. Катэдральны касцёл Се, які злучае ў сабе розныя архітэктурныя стылі, з прыгожым раманскім фасадам, больш нагадвае крэпасць, чым сакральны будынак. Крутыя вулачкі раёна Байру-Алту заахвочваюць да рамантычных прагулак, але на іх лёгка згубіцца. Рамантычны настрой горада паглыбляюць гукі фаду, што даносяцца з бараў.

Нельга не ўзгадаць цікавых музеяў Лісабона. Калекцыя Гульбенкяна ўключае шэдэўры з усёй гісторыі чалавецтва, ад старажытнасці да сучаснасці, і самыя розныя экспанаты: тут знаходзяцца як творы Рэмбрандта, так і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ці мадэрнісцкія творы Лаліка. У Музеі азулежу можна ўбачыць багатую калекцыю керамікі рознага кшталту.

У ваколіцах Лісабона, каля месца, дзе Тахо ўпадае ў Атлантычны акіян, ляжыць Бэлен, адкуль калісьці вырушыла ў свет экспедыцыя Васко да Гамы і дзе падарожнік быў пахаваны ў кляштары іеранімітаў, што лічыцца найвялікшым помнікам тыповага для Партугаліі познегатычнага мануэлінскага стылю.

Сінтра – жывапісная рэзідэнцыя караля

Размешчанае ў лясістым месцы, недалёка ад Лісабона, невялікае мястэчка Сінтра на працягу стагоддзяў было прытулкам ад летняй гарачыні. Тут знаходзіцца незвычайны палац Пена – будынак нібыта з казкі, дзе кожная вежа мае свой выгляд і колер, а кожнае памяшканне створана ў асаблівым стылі, хоць усё яно выглядае раскошна. Над Сінтрай узвышаецца Замак маўраў, адбіты для хрысціян крыжакамі і Альфонсу І Заваёўнікам. З крэпасці адкрываецца прыгожы від на горад.

Гэта, напэўна, ва ўсіх сэнсах найраскошнейшы горад у Еўропе – так пісаў пра Сінтру Байран. Сёння мястэчка, унесенае ў спіс ЮНЕСКА, гэтак жа захапляе праз шмат гадоў. На пакрытых лесам узгорках размешчаны палацы і сады, а ўдалечыні віднеецца Атлантычны акіян. У Сінтру можна прыехаць на электрычцы з Лісабона.

Алгарві – рай для аматараў пляжнага адпачынку

Прыгожыя пляжы, гарантавана добрае надвор’е, смачная ежа, гістарычныя помнікі, што знаходзяцца ў мястэчках над берагам, а ў дадатак маляўнічыя віды – узбярэжжа Алгарві можна назваць турыстычным раем. Сталіца рэгіёна – Фару, горад, які бурліць жыццём, з прыемным гістарычным цэнтрам, але турысты больш сцягваюцца ў размешчаны на захадзе Лагуш, побач з якім знаходзяцца маляўнічыя горныя масівы і курорты: Віламоўра і Албуфейра. Вельмі прыгожае месца таксама Тавіра – калісьці важны порт, сёння мястэчка, поўнае гістарычных помнікаў і характэрных домікаў. На Алгарві ляжыць Мыс святога Вікенція – найбольш паўднёва-заходні пункт Еўропы, дзе скалы вышынёй некалькі дзясяткаў метраў уваходзяць у акіян.

Пляжы на Алгарві ідэальныя. Некаторыя з іх з белым пяском, іншыя са жвірам. Доўгія і шырокія або наадварот – маленькія, схаваныя ў затоках, куды можна дабрацца толькі па вадзе. Тут знаходзіцца вядомая Прая дэ Марынья, што лічыцца адным з найпрыгажэйшых пляжаў у свеце. Нават самыя патрабавальныя аматары пляжнага адпачынку могуць быць задаволены гэтым месцам.

Порту – каралеўства віна

Размешчанае на поўначы краіны над ракой Дору Порту мае прыгожы гістарычны цэнтр і ўзбярэжжа, якое бурліць жыццём. Таксама тут ёсць вартыя ўвагі помнікі: катэдра, вежа Торэ-душ-Клерыгуш вышынёй 75 м, касцёл св. Францішка з інтэр’ерам у стылі ракако. Порту мае спецыфічную атмасферу: сучасныя бізнес-цэнтры знаходзяцца ў суседстве са старымі дамамі і вузкімі вулачкамі, якія захавалі старадаўні характар.

Порту вядомы віном з такой жа назвай. У раёне Віла-Нова-дзі-Гая на кожным кроку ёсць піўныя, поўныя бочак з партвейнам. Тут можна не толькі зрабіць запасы гэтага шляхетнага напою, але і даведацца пра яго гісторыю і працэс атрымання. У Порту таксама знаходзяцца шматлікія клубы, кавярні і дыскатэкі, і тыя, хто любіць начное жыццё, знойдуць тут месца для сябе.

lisbon-1458814_1920

Каімбра – горад студэнтаў

У Каімбры знаходзіцца найстарэйшы партугальскі ўніверсітэт, і гэты горад па сённяшні дзень належыць студэнтам. Пэўны час Каімбра была сталіцай краіны, тут нарадзілася шэсць каралёў, а партугальцы бачаць у ёй калыску сваёй дзяржаўнасці.

Каімбра размешчана на ўзвышшы, якое аплятае сетка вузкіх і стромкіх вулачак, дзе лёгка згубіцца. Многія дамы, што стаяць на гэтых вуліцах, — жыллё студэнтаў яшчэ з часоў сярэднявечча. На вяршыні ўзвышша знаходзяцца векавыя ўніверсітэцкія будынкі, у ценю якіх стаяць дзве катэдры. Стомлены турыст можа адпачыць у адной са шматлікіх атмасферных кавярняў Каімбры.

Авейру – партугальская Венецыя

Стары горад Авейру размешчаны над каналамі, па якіх плаваюць каляровыя лодкі з высока паднятымі насамі, што возяць турыстаў. На лодцы можна праплысці да лагуны, аддзеленай часткай сушы ад Атлантычнага акіяна. Падчас падарожжа можна сузіраць Рота да Луз, ці стаячыя воды. Сам горад таксама мае цікавыя мясціны: каменныя будынкі ў стылі арт-нуво, касцёл Міласэрнасці з мазаікамі, аздабляючымі фасад, і дамы, выкладзеныя керамічнымі пліткамі азулежу. Па Авейру добра падарожнічаць на ровары.

Кожную раніцу ў Авейру ажывае рыбны гандаль. Спецыялізацыя Авейру – вугор, але таксама тут можна купіць папулярную ва ўсёй Партугаліі траску, ляшча, рыбу-меч ці ската. Кулінарная асаблівасць Авейру – страва пад назвай ovos moles, ці яечны жаўток у цукровай пудры ў форме рыбы або бочачкі.

Санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Фаціме, куды сцягваюцца пілігрымы з усяго свету

Паміж 13 мая і 13 кастрычніка 1917 г. у Кова да Ірыя ў парафіі ў Фаціме Маці Божая шэсць разоў аб’явілася траім пастушкам з Фацімы – Франсішку і Жасінце Марту і Лусіі Сантуш. Маці Божая заахвочвала дзяцей да пакаяння за душы ў чыстцы, да штодзённай малітвы Ружанца аб навяртанні грэшнікаў і да малітвы за мір, а таксама прасіла пабудаваць у гэтым месцы капліцу ў Яе гонар. Сведкамі Сонечнага цуду падчас апошняга аб’яўлення было больш за 70 тысяч чалавек. Ужо з 1927 г. у Фаціму прыбывалі пілігрымкі з іншых краін. Каталіцкі Касцёл прызнаў аб’яўленні цудам 13 кастрычніка 1930 г. 31 кастрычніка 1942 г., згодна з просьбай Маці Божай, Папа Пій ХІІ прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Гэтае прысвячэнне аднавіў 25 сакавіка 1984 г. Папа Ян Павел ІІ. 13 мая 1967 г. больш за мільён пілігрымаў з усяго свету ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую цэлебраваў Папа Павел VI. 12-13 мая 1982 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ здзейсніў пілігрымку ў Фаціму, каб падзякаваць Маці Божай за ўратаванне яму жыцця падчас замаху. Яшчэ раз ён прыбыў у Фаціму ў 1991 г. у 10-ю гадавіну замаху. 13 мая 2000 г. Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў у Фаціме Франсішку і Жасінту і абвясціў змест трэцяй фацімскай таямніцы. Кожны год у Фаціму прыбываюць больш за 5 мільёнаў пілігрымаў з усіх частак свету.

Статуя Маці Божай Фацімскай выканана з бразільскага кедру. Яе вышыня 110 см. Асвечана 13 мая 1920 г. у парафіяльным касцёле ў Фаціме, у 4 км ад санктуарыя. 13 мая 1946 г. каранавана папскай каронай. Яе ахвяравалі партугальскія жанчыны як выраз удзячнасці за тое, што Партугалія не ўступіла ў ІІ Сусветную вайну. Карона ўскладаецца толькі на вялікія ўрачыстасці. Яе стваралі 12 мастакоў з Лісабона. Яе вага 1200 г. Карона аздоблена 313 пярлінамі і 2679 каштоўнымі камянямі. У ёй змешчаны дар Святога Айца Яна Паўла ІІ – куля, якая прабіла яго цела падчас замаху ў Рыме 15 мая 1981 г.

28 красавіка 1919 г. на месцы аб’яўленняў пачалося будаўніцтва капліцы. Першая святая Імша адбылася тут 13 кастрычніка 1921 г. 6 мая 1922 г. капліцу знішчыў выбух дынаміту. Яна была адбудавана ў тым жа годзе. 13 мая 1928 г. пачалося будаўніцтва касцёла. Ён быў асвечаны 7 кастрычніка 1953 г., а 12 лістапада 1954 г. Папа Пій ХІІ надаў яму тытул малой базылікі. Даўжыня будынка – 70,5 м, шырыня – 37 м, ён пабудаваны з мясцовага каменя. Алтары зроблены з партугальскага мармуру. Вышыня званіцы – 65 м. Яе вянчае карона з бронзы вагай 7 тон і крыж, які падсвечваецца. Куранты складаюцца з 62 званоў. Найбольшы важыць 3 тоны, а яго сэрца – 90 кг. Вышыня фігуры Беззаганнага Сэрца Марыі ў нішы на вежы — 4,73 м, яна важыць 14 тон. Над галоўным уваходам знаходзіцца мазаіка, якая прадстаўляе каранаванне Маці Божай Святой Тройцай, выкананая ў Ватыкане. У базыліцы Маці Божай Ружанцовай пахаваны трое пастушкоў, якім Яна аб’явілася. У склад санктуарыя ўваходзяць таксама рэкалекцыйныя дамы, Дом Маці Божай Балеснай (прытулак для хворых) і Пастаральны цэнтр Паўла VI.

lisbon-1615462_1920

Цікавыя звесткi

З красавіка па кастрычнік 1916 г. гэтай жа тройцы дзяцей тры разы аб’явіўся Анёл Міру. Лусія, ужо будучы манахіняй, яшчэ тры разы зведала аб’яўленні Маці Божай. 7 лістапада 1952 г. Папа Пій ХІІ прысвяціў Беззаганнаму Сэрцу Марыі народы Расіі. 13 мая 1965 г. Папа Павел VI перадаў фацімскаму санктуарыю Залатую Ружу. У Фаціме знаходзяцца сядзібы 47 жаночых манаскіх супольнасцяў і 15 мужчынскіх. Ля паўднёвага ўваходу ў санктуарый 18 жніўня 1994 г. быў усталяваны помнік з фрагмента Берлінскай сцяны.

Расклад святых Імшаў (стан на сакавік 2010 г.): лета (з Вялікадня па 31 кастрычніка): 8:00 (капліца Аб’яўленняў, панядзелак-субота), 9:00 (базыліка, чацвер – капліца Аб’яўленняў, нядзеля – касцёл Найсвяцейшай Тройцы), 12:30 (капліца Аб’яўленняў, нядзеля, святы і 13-ы дзень месяца – базыліка), 15:30 (капліца Аб’яўленняў, панядзелак-субота), 19:15 (капліца Аб’яўленняў), зіма (з лістапада па Вялікдзень): 7:30 (базыліка), 9:00 (базыліка), 11.00 (панядзелак-пятніца – базыліка, субота і нядзеля – касцёл Найсвяцейшай Тройцы), 12:30 (капліца Аб’яўленняў – панядзелак-субота, нядзеля – базыліка), 15:00 (базыліка, нядзеля – касцёл Найсвяцейшай Тройцы), 16.30 (базыліка, нядзеля – касцёл Найсвяцейшай Тройцы), 18.30 (базыліка), 19.15 (капліца Аб’яўленняў – субота).

Адрас: санктуарый Маці Божай Ружанцовай (Santuário de Fátima)
Apartado 31 — 2496-908 Fatima, Portugal
Tэл.: +351 249 539 600

Сайт: www.santuario-fatima.pt

Электронная пошта: reitoria@fatima.pt info@fatima.pt

Эвара – ранейшае рымскае паселішча

У паўночнай частцы рэгіёна Алентэжу ляжыць двухтысячагадовая Эвара, гістарычны цэнтр якой унесены ў спіс ЮНЕСКА. У мінулым гэта было рымскае паселішча, пасля якога засталася святыня ІІ ст. н.э. У часы Святой інквізіцыі старажытная святыня была месцам экзекуцый.

Эвару, аднак, варта наведаць не толькі з-за яе рымскага мінулага. Адным з яе найцікавейшых гістарычных здабыткаў з’яўляецца “Капліца касцей” пры францішканскім касцёле, унутры выкладзеная касцямі манахаў, суровы настрой якой паглыбляе надпіс над уваходам: “Нашы косці, якія спачываюць тут, чакаюць вашых касцей”. У Эвары варта наведаць і раманска-гатычную катэдру, капліцу Сан-Браш і касцёл Маці Божай Ласкавай з франтонам, на якім прадстаўлены атланты, што трымаюць зямны шар. Касцёлаў тут 37, і амаль усе яны вартыя ўвагі.

У горадзе захаваліся вулачкі часоў панавання маўраў з пабеленымі вапнай дамамі. Алентэжу – рэгіён, які славіцца вырабам коркаў, і ў Эвары можна знайсці зробленыя з яго скрынкі, торбы, партфелі і нават абутак.

Мадэйра – востраў, падобны да райскага саду

Мадэйра знаходзіцца бліжэй да ўзбярэжжа Афрыкі, чым Еўропы, і тут цёпла ўвесь год. Востраў багаты кветкамі з усяго свету, у асноўным трапічнымі, якія тут вельмі добра растуць у спрыяльным клімаце. Азаліі, гартэнзіі, стрэліцыі – вялікія і рознакаляровыя – робяць Мадэйру падобнай да райскага саду. Надзвычай прыгожы Батанічны сад у галоўным горадзе Мадэйры Фуншале. Густое спляценне дрэваў і кустоў, вадаспады, ручаі, сажалкі, мосцікі – усё гэта стварае рамантычны настрой.

Мадэйра славіцца скаламі і прыгожымі краявідамі, але добрых пляжаў тут мы не знойдзем – востраў падае ў мора стромкімі абрывамі. Для аматараў купацца і загараць тут ёсць гатэльныя басейны – надвор’е тут спрыяе адпачынку ўвесь год.

Затое аматары горных прагулак застануцца задаволенымі. Найвышэйшая кропка Мадэйры, Піку-Руйву, мае вышыню 1862 м, і ўздымацца на яе трэба каля трох гадзін. Цікавыя таксама прагулкі ўздоўж левадаў, ці арашальных каналаў тэрас, дзе жыхары Мадэйры вырошчваюць цукровы трыснёг, бананавыя дрэвы і кветкі.

Мадэйра вядомая таксама віном з такой жа назвай. У The Old Blandy Wine Lodge у Фуншале можна пакаштаваць розныя гатункі гэтага шляхетнага напою, пазнаёміцца з яго гісторыяй і працэсам атрымання.

Азорскія астравы – экзатычны архіпелаг у Атлантычным акіяне

Азорскія астравы, архіпелаг у Атлантычным акіяне, належаць да Партугаліі, хоць знаходзяцца на адлегласці 1500 км ад яе ўзбярэжжа. Астравы цягнуцца даўжынёй у 650 км, усяго іх дзевяць: Флорыш і Корву на захадзе, Фаял, Піку, Сан-Жоржы, Грасіоза і Тэрсейра ў цэнтральнай групе, Сан-Мігел і Санта-Марыя на ўсходзе.

Маляўнічыя вулканічныя астравы спадабаюцца любому аматару актыўнага адпачынку і прыгожых відаў. Гейзеры, смарагдавыя кратэрныя азёры, зялёныя горы, партовыя мястэчкі, барокавыя касцёлы – усё гэта надае Азорам непаўторную атмасферу.

На Азорах знаходзіцца вышэйшая кропка Партугаліі, вулкан Піку (2351 м). Наогул месцаў для пешых прагулак на Азорскіх астравах шмат. Тут няма натоўпаў і масавага турызму, гэтыя астравы – запаветны край для тых, хто жадае спакою, цішыні і некранутай прыроды.