+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Польшча

Польшча, Рэспубліка Польшча (RP) – дзяржава ў Цэнтральнай Еўропе, размешчаная паміж Балтыйскім морам на поўначы, Судзетамі і Карпатамі на поўдні, у пераважнай частцы ў басейне Віслы і Одэра. Адміністрацыйная тэрыторыя Польшчы — 312 679 км².

З поўначы Польшча мяжуе з Расіяй (з Калінінградскай вобласцю) і Літвой, з усходу — з Беларуссю і Украінай, з поўдня — са Славакіяй і Чэхіяй, з захаду — з Германіяй. Большую частку паўночнай мяжы Польшчы займае ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Польская эканамічная зона на Балтыйскім моры мяжуе з зонамі Даніі і Швецыі.

Польшча — адна з найбольшых дзяржаў Усходняй Еўропы, якую можна параўнаць па плошчы з Італіяй або Германіяй. Колькасць яе жыхароў складае каля 39 мільёнаў. У маі 2004 г. Польшча ўвайшла ў Еўрасаюз.

Польшча з’яўляецца дзяржавай з усталяванай дэмакратычнай сістэмай, з багатай гісторыяй, велізарнай культурнай спадчынай і прыгожымі краявідамі, фаўнай і флорай.

Шматлікія турыстычныя выдатныя мясціны Польшчы набылі вядомасць у свеце. Падчас падарожжа па Польшчы нельга не ўзгадаць Кракаў, Варшаву, Гданьск, Чэнстахову, Аўшвіц або Татры.

krakow-wawel

Дзяржаўная мова — польская.

Сталіца — Варшава.

Адміністрацыйны падзел — 16 ваяводстваў.

Форма дзяржаўнага кіравання — рэспубліка (парламенцкая дэмакратыя).

Грашовая адзінка — злоты (zł, PLN).

Консульская дапамога для падарожных грамадзян РБ

Пасольства Рэспублікі Беларусь
у Рэспубліцы Польшча

Консульскі аддзел

вул. Вертніча 58, 02-952 Варшава, Польшча
Тэл. +48 (22) 742-0710
http://poland.mfa.gov.by/pl/

beskid-sadecki

Найбольш папулярныя месцы пілігрымак у Польшчы

Сёння найбольш папулярнымі месцамі, якія наведваюць пілігрымы, з’яўляюцца Ясная Гара, Лагеўнікі, Ліхень, Кальварыя-Зэбжыдоўска, Вадавіцэ, Святая Ліпка, Непакалянаў.

Сярод польскіх санктуарыяў ёсць і такія «гіганты», вядомыя ў свеце, як Ясная Гара ў Чэнстахове — трэці пасля Лурда і Фацімы па колькасці наведванняў марыйны санктуарый у Еўропе, — але ёсць таксама дзясяткі і сотні меншых, якія маюць рэгіянальнае значэнне.

Ясная Гара — Чэнстахова

Без сумненняў, самае папулярнае месца пілігрымак у Польшчы — Ясная Гара. Гэта найбуйнейшы польскі санктуарый. У 2015 г. яго наведала 3,7 млн пілігрымаў, з якіх у пешых пілігрымках прыбыло 122 тыс. чалавек. Заснаванне гэтага другога пасля Лурда цэнтра культу Панны Марыі ў Еўропе не звязана з аб’яўленнямі. Князь Уладзіслаў Апольскі ў 1382 г. прывёз у кляштар манахаў паулінаў, якіх запрасіў з Венгрыі, і цудатворны абраз Маці Божай, аўтарам якога, згодна з традыцыяй, з’яўляецца святы Лука.

Традыцыя пешага вандравання ў Чэнстахову бярэ пачатак у XV стагоддзі. У тыя часы вандроўнікі ішлі з Кракава. Адным з найстарэйшых шляхоў пілігрымаў з’яўляецца таксама той, які вядзе з Варшавы. Жыхары сталіцы праходзяць гэтым маршрутам з 1711 г., нягледзячы на гістарычныя падзеі і палітычныя абставіны — яны пілігрымавалі нават падчас Варшаўскага паўстання. Пешыя пілігрымкі на Ясную Гару працягваюцца ад некалькіх дзён да 20. Удзельнікі кашубскай пілігрымкі з Хеля павінны пераадолець 638 км. Ясная Гара — гэта традыцыйнае месца некалькіх соцень агульнапольскіх пілігрымак. У 2015 г. у 204 агульнапольскіх з’ездах пілігрымаў да падножжа Чорнай Мадонны прынялі ўдзел больш за 982 тыс. чалавек. Найбольшымі па колькасці былі малітоўныя сустрэчы: Сям’і Радыё Марыя, Аднаўлення ў Духу Святым, Службы пажарнікаў, Людзей працы і Ананімных алкаголікаў. Найбольш вернікаў прыбывае ў Чэнстахову ў парафіяльных групах, якіх у 2015 г. было нават больш за 2 400 і ў якіх прыехала каля 140 тыс. чалавек. Вялікім гонарам Яснай Гары з’яўляюцца пастаянныя пілігрымкі выпускнікоў. У 2015 г. сюды прыбыло 536 груп выпускнікоў, у якіх было больш за 113 600 чалавек. Частка пілігрымаў прыязджае на Ясную Гару індывідуальна, з сям’ёй або ў невялікіх нефармальных групах.

czestochowa

Лагеўнікі

Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, дзе памерла св. сястра Фаўстына, апосталка Божай Міласэрнасці, з’яўляецца міжнародным месцам культу ў Польшчы. Ён выконвае ролю сусветнага цэнтра культу Божай Міласэрнасці.

У міжваенны перыяд у гэтым кляштары жыла і адышла ў вечнасць с. М. Фаўстына Кавальская (1905-1938), праз якую Хрыстус перадаў Касцёлу і свету пасланне аб Божай міласэрнасці. Яшчэ трыццаць гадоў таму размешчаны ў Лагеўніках невялікі кляштар сясцёр Маці Божай Міласэрнасці і гроб сястры Фаўстыны не быў шырока вядомы. Сёння туды штогод прыбывае больш за 2 млн. пілігрымаў з усіх частак свету. Прызнанне праўдзівасці аб’яўленняў с. Фаўстыны, яе беатыфікацыя і кананізацыя, а ўрэшце асвячэнне новага санктуарыя Янам Паўлам ІІ падчас візіту ў Польшчу ў жніўні 2002 г. паспрыялі таму, што Лагеўнікі сталі найважнейшай мэтай пілігрымак шанавальнікаў Божай Міласэрнасці не толькі з Польшчы, але і з усяго свету. Асобныя капліцы заснавалі тут венгры, італьянцы, славакі і грэка-католікі з Украіны і дыяспары.

Ліхень

«Паўночнай Чэнстаховай» называюць санктуарый у Ліхені, якім апякуюцца айцы марыяне, — адзін з тых санктуарыяў, якія развіваюцца найбольш дынамічна. Месца, аб якім 20 гадоў таму амаль ніхто не чуў, сёння штогод наведваюць каля 2 млн. пілігрымаў.

Санктуарый звязаны з аб’яўленнямі Маці Божай у 1813 г. у Ліпску і ў 1850 г. у Граблінскім лесе, што знаходзіцца недалёка. У Ліхені ў апошнія некалькі гадоў быў пабудаваны найбольшы касцёл у Польшчы (сёмы па велічыні ў Еўропе). Падчас пілігрымкі ў 1999 г. тут быў Ян Павел ІІ.

Ліхень — гэта таксама месца, куды прыбываюць пешыя пілігрымкі. Найдаўжэйшай традыцыяй вандравання да Маці Божай Ліхеньскай можна назваць штогадовую пілігрымку з Гары Кальварыі, дзе знаходзіцца гроб заснавальніка супольнасці марыянаў а. Станіслава Папчынскага. За 9 дзён пілігрымы пераадольваюць 290 км. Найбольш жа трывалай з’яўляецца пешая пакутная пілігрымка з Коніна, якая ідзе ў Ліхень кожныя 30 дзён. Кожную першую суботу месяца апоўначы пілігрымы пасля Ружанца і святой Імшы распачынаюць шлях — незалежна ад надвор’я. У санктуарый яны прыбываюць каля 6 гадзін раніцы. У залежнасці ад пары года ў пілігрымцы ўдзельнічае ад некалькіх соцень да дзвюх тысяч чалавек з усёй Польшчы.

Ліхеньскі санктуарый з’яўляецца не толькі месцам пілігрымавання і малітвы, але і вельмі папулярным асяродкам працы і тэрапіі для людзей з залежнасцямі. У сярэдзіне 1980-х гг. тут паўстаў кансультацыйны пункт цвярозасці, а пасля візіту ў санктуарый у 1999 г. Яна Паўла ІІ ён перарадзіўся ў Цэнтр дапамогі сям’і і асобам з залежнасцямі. Штогод у супрацоўнікаў цэнтра бывае каля 3 тыс. індывідуальных размоў. Раз у год ліхеньскі цэнтр арганізуе злёт цвярозасці. Спачатку ў ім удзельнічала каля 500 чалавек, сёння іх прыязджае 30 тыс.

mariacki

Кальварыя-Зэбжыдоўска

Найважнейшае побач з Яснай Гарой месца вандраванняў, асабліва для Кракаўскай архідыяцэзіі, — гэта Кальварыя-Зэбжыдоўска. Ян Павел ІІ успамінае сваё наведванне гэтага месца яшчэ з дзяцінства. Пілігрымаў збірае першая на польскіх землях Кальварыя з XVII ст. (вядома як Дрожкі) і цудатворная выява Маці Божай, якая ў 1641 г. плакала крывавымі слязьмі. Айцы бэрнардынцы не вядуць дакладнага статыстычнага падліку пешых груп, але найбольш сюды прыбывае аўтобусных пілігрымак. Манахі адзначаюць, што кожны год іх санктуарый наведвае каля 1,5 млн. чалавек. Узрастанне пілігрымкавага руху заўважаецца пасля апошняга візіту Яна Паўла ІІ у 2002 г., яго смерці ў 2005 г. і візіту Бэнэдыкта XVI у маі 2006 г.

Вадавіцэ

Родны горад св. Яна Паўла ІІ — Вадавіцэ — таксама набывае ўсё большую папулярнасць. Штогод яго наведваюць каля мільёна чалавек. Бачна выразнае ўзрастанне зацікаўленасці ім у апошнія гады, і тут мае значэнне ўзнясенне на алтар польскага Папы. Да таго ж гэты горад знаходзіцца на трасе Малапольскага папскага шляху імя св. Яна Паўла ІІ, які ўключае між іншым Кракаў, Кальварыю-Зэбжыдоўску і Людзмер.

jasna-gora

Непакалянаў

Заснаваны а. Максімільянам Кольбэ марыйны асяродак у Непакалянаве пасля яго мучаніцкай смерці стаў месцам ягонага культу. Дзякуючы святому ў 1927 г. сюды прыбыла з Лурда фігура Маці Божай Беззаганна Зачатай, праз якую вернікі атрымалі шматлікія ласкі. Пасля вайны значэнне Непакалянава ўзрасло.

З даваенных будынкаў Непакалянава да сённяшняга часу захаваліся толькі некаторыя. Асаблівай увагі заслугоўвае так званая старая драўляная капліца, якая пабудавана восенню 1927 г. і лічыцца калыскай кляштара. У ёй складаліся манаскія абяцанні, таксама ў ёй маліўся а. Максімільян разам з першымі паплечнікамі і навакольным людам. Шмат гадоў пасля вайны капліца выконвала ролю памяшкання памятных рэчаў, а пасля капітальнага рамонту ў снежні 1997 г. вярнулася да сваёй першапачатковай функцыі. Каля старой сакрыстыі знаходзіцца першы пакой св. Максімільяна, у якім заснавальнік кляштара жыў да выезду на місіі ў Японію ў 1930 г. Сёння штогод гэтае месца наведваюць каля 800 тыс. пілігрымаў.

Святая Ліпка

У санктуарый у Святой Ліпцы на Варміі штогод прыбывае каля мільёна пілігрымаў. Вернікаў прыцягвае не толькі культ Маці Божай Святаліпскай (абраз, вядомы ласкамі, паходзіць з XVII ст.), але і знакамітыя арганы. Першапачатковая фігурка Маці Божай Святаліпскай XIV ст. была знішчана князем Альбрэхтам, які стаў лютэранінам. Але, нягледзячы на гэта, культ не спыніўся. Яшчэ ў сярэднявеччы з’явіўся звычай арганізацыі пілігрымак у Святую Ліпку, куды для атрымання адпусту і ў надзеі аздараўлення прыбывалі вернікі не толькі з Прусаў і Варміі, але і з Мазовіі. Апошні Вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Альбрэхт Гагенцолерн у 1519 г. пілігрымаваў у Святую Ліпку пяшком і басанож з Крулеўца. Папа Ян Павел ІІ дэкрэтам ад 24 лютага 1983 г. надаў касцёлу ў Святой Ліпцы тытул Малой базылікі.

krakowe3