+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе

Абраз Маці Божай Будслаўскай

Нацыянальны санктуарый у Будславе займае цэнтральнае месца ў жыцці Касцёла на Беларусі. Абраз Маці Божай Будслаўскай — апякункі Беларусі — як цудадзейны ўпершыню ўзгадваецца ў 1617 г. Галоўная ўрачыстасць — 2 ліпеня, а святкаванне — у першую суботу ліпеня.

З гісторыі абраза

Паводле хронікі будслаўскага бернардынскага кляштара, абраз Маці Божай Будслаўскай знаходзіцца ў Будзе (сучасным Будславе) з 1613 г. У 1598 г. абраз быў падараваны мінскаму ваяводу Яну Пацу, які вельмі шанаваў яго і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці Паца ў 1610 г. абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю, пазней — даўгінаўскаму вікарыю. У 1613 г. Салакай, які быў у Будславе ў Вялікі чацвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, а таксама па просьбе айцоў, ахвяраваў абраз касцёлу.

Змешчаны ў драўляным касцёле, абраз з самага пачатку быў шанаваны простым людам, праславіўся цудамі і ласкамі і ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар. Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаны прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі». Першы цуд зафіксаваны ў 1617 г. — вяртанне зроку пяцігадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым айцом кармэлітам.

У наш час абраз Маці Божай Будслаўскай стаў агульнабеларускай святыняй, што выразна пацвердзілася каранацыяй абраза, якая адбылася 2 ліпеня 1998 г. і была здзейснена кардыналам Казімірам Свёнткам. З 1992 г. адроджана традыцыя пілігрымак у Будслаў.

З гісторыі парафіі

1530 г. — браты бернардынцы з Віленскага кляштара прыязджаюць у паселішча Буду (у гістарычных дакументах яно вядома таксама як Буцлаў) і будуюць тут невялікую драўляную капліцу;

1591 г. — асвечаны драўляны касцёл пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі;

1613 г. — у Будславе з’яўляецца цудоўны абраз Маці Божай;

28 жніўня 1633 г. — у будслаўскай рэзідэнцыі закладзены краевугольны камень першага каменнага касцёла;

1643 г. — заканчэнне будаўніцтва святыні;

9 ліпеня т.г. — асвячэнне новай святыні;

29 ліпеня 1767 г. — закладзены краевугольны камень пад велічную базыліку;

7 верасня 1783 г. — урачыстае асвячэнне базылікі пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі;

9 снежня 1787 г. — Будслаў становіцца самастойнай парафіяй;

1858 г. — зачыняецца кляштар. Касцёл дзейнічае ўжо толькі як парафіяльны. Кляштарныя карпусы пасля падаўлення паўстання 1863 г. перадаюцца царскім войскам, а ў канцы ХIХ ст. цалкам разбіраюцца;

1919–1939 гг. — будынак касцёла, ягонае ўбранне рэстаўруюцца і абнаўляюцца;

З 1990-х гг. — пачалося адраджэнне будслаўскіх святыняў;

2 ліпеня 1992 г. — адбылася першая пілігрымка;

1996 г. — вяртанне ў Будслаў бернардынцаў;

Сёння будслаўскі касцёл аб’яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Плебанія, пабудаваная побач з ім у ХІХ ст., таксама прызнана помнікам дойлідства з рысамі эклектыкі. Выдатна захавалася капліца на старажытных парафіяльных могілках — гэта невялікая прамавугольная ў плане пабудова з буту пад двухсхільным дахам, узведзеная ў духу класіцызму.

Кантакты

Тытул дыяцэзіяльнага санктуарыя: Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Адпусты: 2 ліпеня, 15 жніўня

Святая Імша: у нядзелі і святы 10.30, 12.00

у звычайныя дні 08.00

у маі і ў кастрычніку (маёвыя і ружанцовыя набажэнствы) 18.00

Адрас:  Чырвоная плошча, 8, 220374 в. Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобласць

Тэл.:      Тэл.: 8 (01797) 3–13–73

Тэл./факс: 8 (01797) 3–13–99

Вэб-сайт: http://www.budslau.catholic.by

Выкарыстаны матэрыялы сайта: www.catholic.by