+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Санктуарыі

«Санктуарыі — гэта багатая рэлігійная, духоўна-культурная і матэрыяльная спадчына Касцёла і народа. Кожны з іх мае ўласны воблік, сфармаваны прадметамі культу, асаблівасцю ваколіц, духоўнымі патрэбамі жыхароў і іншымі абумоўленасцямі, а таксама выконвае важную ролю ў жыцці мясцовай парафіі, ваколіцы, рэгіёну». (статут 723 §2)

Значэнне санктуарыя

Пілігрымаванне знаходзіцца ў цеснай сувязі з санктуарыем як вельмі распаўсюджаны і характэрны выраз народнай пабожнасці.

Кодэкс Кананічнага Права вызначае санктуарый як касцёл або іншае святое месца, куды – з адабрэння мясцовага ардынарыя – пілігрымуюць шматлікія вернікі, з прычыны асаблівай пабожнасці (ККП, кан. 1230).

У тэалагічным аспекце санктуарый паўстае дастаткова часта пад уплывам народнай пабожнасці як знак дзейснай і збаўчай прысутнасці Пана ў гісторыі і месца адпачынку, у якім Божы народ, што пілігрымуе па дарогах гэтага свету да будучага Горада, набіраецца сіл на далейшы шлях.

Таму санктуарый, падобна як і касцёл, мае вялікае сімвалічнае значэнне. Гэта ікона “жыцця Бога з людзьмі” (Ап 21, 3), што адсылае да “таямніцы святыні”, якая споўнілася ў целе Хрыста, у касцёльнай супольнасці і ў асобных верніках [5].

Санктуарый – месца Божай прысутнасці

Санктуарый з’яўляецца знакам Божай прысутнасці, месцам пастаянна новага ажыццяўлення прымірэння людзей з Богам і паміж сабой.

Санктуарый – месца Духа, бо гэта месца, у якім вернасць Бога нас дасягае і нас перамяняе. У санктуарый вернікі ідуць перш за ўсё для таго, каб заклікаць і прыняць Духа Святога, каб затым уносіць гэтага Духа ва ўсе справы жыцця.

У санктуарыі спатканне з Богам Жывым магчыма праз ажыўляючы досвед абвяшчанай, цэлебраванай і перажыванай таямніцы, аб чым выразна нагадвае Кодэкс Кананічнага Права: “У санктуарыі належыць забяспечыць вернікам як мага больш шчодрыя сродкі збаўлення праз руплівае абвяшчэнне Божага слова, праз адпаведнае ажыўленне літургічнага жыцця, асабліва праз здзяйсненне Эўхарыстыі і пакаяння, а таксама праз культываванне зацверджаных формаў народнай пабожнасці” [6].

Для многіх вернікаў пілігрымка ў санктуарый становіцца добрай нагодай, часта чаканай, да таго, каб прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Таму неабходна паклапаціцца аб розных элементах, якія спадарожнічаюць удзяленню гэтага сакрамэнту. „Цэлебрацыя Эўхарыстыі з’яўляецца вяршыняй і як быццам цэнтральным пунктам усяго душпастырства ў санктуарыях” [7]. Ёй належыць прысвяціць найбольш увагі, каб яна належным чынам здзяйснялася і вяла вернікаў да глыбокага спаткання з Хрыстом.

Санктуарый – гэта таксама месца культуры. У ім можна пабачыць творы мастацтва, там арганізуюцца лекцыі і канферэнцыі, праводзяцца цікавыя выдавецкія ініцыятывы, канцэрты, выстаўкі і іншыя мастацкія і літаратурныя падзеі. Належыць, аднак, памятаць, каб культурная дзейнасць санктуарыя злучалася з першачарговымі заданнямі, якімі з’яўляюцца хвала Бога, справа евангелізацыі і сведчанне міласэрнасці.