+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Санктуарый Маці Божай Фацімскай у Вадавіцэ

Фігура Маці Божай Фацімскай у касцёле ў Вадавіцэ – дар біскупа Лейрыі з Фацімы і кардынала Анджэя Марыі Дэскура, ахвяраваны ў 10-ю гадавіну цудоўнага аздараўлення Папы. Скульптура ўстаноўлена каля галоўнага алтара. Санктуарый з’яўляецца месцам пілігрымак, асабліва шматлікіх у 13-ы дзень кожнага месяца на фацімскае набажэнства. Нягледзячы на тое, што санктуарый вельмі малады, ужо шматлікія вотумы сведчаць аб удзячнасці за выслуханыя просьбы. Фігуру Маці Божай благаславіў і каранаваў асабіста Папа Ян Павел ІІ 14 жніўня 1991 г.

Ужо ў час візіту Яна Паўла ІІ у Вадавіцэ 7 чэрвеня 1979 г. было пастаноўлена пабудаваць касцёл у знак удзячнасці за дар узвядзення Мітрапаліта Кракаўскага кардынала Караля Вайтылы родам з Вадавіцэ на Святы Пасад. Пасля замаху на яго на плошчы св. Пятра 13 мая 1981 г. вотумная інтэнцыя пашырылася таксама і як удзячнасць за аздараўленне Святога Айца. 24 чэрвеня 1984 г. была асвечана пляцоўка пад будучы касцёл. Парафія Св. апостала Пятра была заснавана 29 чэрвеня 1985 г. У свой дзень нараджэння, 18 мая 1988 г., Папа благаславіў камень з базылікі св. Пятра як вігілійны камень новага касцёла. Ён быў умураваны 9 кастрычніка 1988 г., у 10-годдзе пантыфікату Яна Паўла ІІ. Папа асвяціў касцёл 14 жніўня 1991 г., падчас свайго другога візіту ў Вадавіцэ.

Будаванне сакральнай супольнасці Св. апостала Пятра сімвалізуе шлях Яна Паўла ІІ з Вадавіцэ праз вавельскую катэдру на Святы Пасад. Яе элементы – гэта касцёл, капліца, катэхетычныя залы, плябанія і асобна размешчаная званіца. Касцёл пабудаваны ў постмадэрнісцкім стылі і заключае ў сабе сімвалічны сэнс. Яго фасад вянчае арка, якая нагадвае пра купал базылікі св. Пятра ў Рыме. Трохнэфавы інтэр’ер створаны на аснове лацінскага крыжа. Галоўны нэф аддзяляе ад бакавых падвойная каланада. Галоўны алтар з чырвонага і белага карарскага мармуру мае форму праекцыі базылікі св. Пятра ў Рыме з пазалочаным табэрнакулюмам. Сцяну алтара вышынёй 6 м вянчае копія фрэскі Перуджа XVІ ст. з Сікстынскай капэлы, якая прадстаўляе перадачу ключоў Хрыстом св. Пятру. На падлозе замалёўка эліптычнай каланады Берніні з плошчы св. Пятра. З алтара “сцякаюць” дзве каляіны з чырвонага мармуру, якія сімвалізуюць струмяні крыві. Месца замаху на Святога Айца пазначана бронзавай табліцай з датай 13. V. 1981.

Цікавыя звесткі

Перад касцёлам знаходзіцца бронзавы помнік Святога Айца, дар Ватыкана і кардынала  Францішка Мачарскага. Тры званы вагай 3500 кг, 2500 кг i 1700 кг з імёнамі св. Пётр, Ян Павел І, Ян Павел ІІ ахвяравала ў 1985 г. дыяцэзія Папы Яна Паўла ІІ Вітторыё-Венето. У крыпце пад алтаром змешчаны гроб ксяндза Міхала Пёска – будаўніка і першага пробашча святыні. У 2003 г. на ўзгорку за касцёлам была пабудавана дарожка на ўзор Галготы. Там былі ўстаноўлены стацыі Крыжовага шляху, табліцы з Дэкалогам і Васьмю благаслаўленнямі, а таксама місійны крыж у памяць пра асвячэнне пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла.

Расклад набажэнстваў (становішча на люты 2010 г.): нядзеля і святы: святыя Імшы ў 6:45, 8:30, 10:00, 11:30, 13:00, 18:00, будні: 6:30, 7:00, 18:00.

Адрас: рыма-каталіцкая парафія Св. апостала Пятра, Al. Matki Bożej Fatimskiej 90, 34-100 Wadowice

Тэл.:      33 823 28 88

Тэл./Факс: 33 873 12 00

Сайт:     www.swpiotr.wadowice.pl

Электронны адрас: t.kasperek@poczta.onet.pl