+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Санктуарый Маці Божай Каралевы Польшчы ў Ліхені Старым

Санктуарый Маці Божай у Ліхені Старым — адно з найбольш папулярных месцаў пілігрымак у Польшчы. Мноства вернікаў прыцягвае сюды цудатворная выява Маці Божай Балеснай. Дзякуючы Ліхеньскай Пані здзейснілася шмат цудоўных аздараўленняў.
Гісторыя санктуарыя пачынаецца ў 1844 г., калі Тамаш Класоўскі, каваль з Ізабэліна, павесіў у каплічцы на хвоі ў Грэблінскім лесе маленькі абразок Маці Божай. Ён зрабіў гэта ў памяць пра аб’яўленне, якое перажыў у 1803 г., будучы жаўнерам, калі быў паранены. Каля 1850 г. пастух Мікалай Сікатка перажыў перад гэтым абразом некалькі аб’яўленняў Маці Божай. У пасланне, якое было яму перададзена падчас іх, не верылі да эпідэміі халеры, якую яму прадказала Панна Марыя. Мясцовыя жыхары сабраліся перад абразом, молячыся аб здароўі. Шматлікія аздараўленні паспрыялі таму, што 29 верасня 1852 г. абраз быў перанесены ў касцёл у Ліхені. Аб’яўленні не былі прызнаны Касцёлам. У 1949 г. ліхеньскай парафіяй пачалі апекавацца айцы марыяне.
Абраз прадстаўляе Найсвяцейшую Панну Марыю з засмучаным, маладым і далікатным тварам.  Паўзакрытымі, задуменнымі вачыма Маці Божая глядзіць на распасцёртага на Яе грудзях белага арла ў кароне. Яе галаву пакрываюць багата аздобленыя залатыя шаты, якія спускаюцца на плечы. Край шатаў аздабляюць сімвалы Мукі Пана. Два анёлы над галавой Марыі трымаюць карону. Гэтая выява – копія абраза Маці Божай з Ракітна Велікапольскага. Ён напісаны алейнымі фарбамі ў другой палове XVIII ст. на тонкай дошцы. Яго аўтар невядомы. Арыгінал мае памеры 9,5 x 15,5 см, змешчаны ў рыфлёнай дошцы памерамі 16 x 25 см. Абраз некалькі разоў аднаўляўся, але твар Маці Божай застаўся некранутым. 15 жніўня 1967 г. прымас кардынал Стэфан Вышыньскі каранаваў абраз папскімі каронамі. Тады абраз атрымаў нададзены яму Папам Паўлам VI тытул Марыя – Балесная Каралева Польшчы. Выява Маці Божай Ліхеньскай 2 ліпеня 2006 г. была змешчана ў галоўным алтары меншай базылікі ў Ліхені Старым.
Базіліка ў архітэктурным плане сімвалічна нагадвае пра залатое збожжа. Яна была пабудавана ў 1994-2004 гг. на ахвяраванні вернікаў, асвечана 12 чэрвеня 2004 г. Пабудавана ў форме крыжа, складаецца з галоўнай часткі, званіцы, вежы і трох портаў. Пяцінэфавая базыліка з цэнтральным купалам з’яўляецца самай вялікай святыняй у Польшчы, восьмай па велічыні ў Еўропе і дванаццатай у свеце. Памеры будынка: даўжыня 139 м, шырыня 77 м, вышыня цэнтральнай часткі 64,8 м, вышыня крыжа вежы 141,5 м. Купал базылікі, пакрыты пазалочанымі пласцінамі, мае дыяметр у 25 м і вышыню ў 45 м. Да касцёла вядуць 33 прыступкі, у ім 365 вокнаў і 52 дзвярэй. У званіцы знаходзіцца звон “Марыя Багародзіца”, самы вялікі ў Польшчы і трэці па велічыні ў Еўропе, выраблены ў Італіі. Яго дыяметр 3,12 м, вышыня 4,4 м, вага 14,7 тон, гэта юбілейны вотум Польшчы. Тры іншыя званы вісяць у званіцы перад святыняй. Звон “Святы Юзаф”, які важыць 11,6 тон – самы вялікі, які калі-небудзь быў выраблены ў Польшчы. Вежа базылікі мае дзве тэрасы: верхняя на вышыні 130 м і ніжняя на вышыні 120 м. На вежу вядуць 762 прыступкі, таксама туды можна падняцца на ліфце.
Дэкарацыі ў святыні натхнёныя польскай прыродай, архітэктурнай і патрыятычнай традыцыяй. У верхняй частцы базылікі знаходзіцца шмат капліц. Каля прэзбітэрыя ў прыгожую мармуровую падлогу ўмуравана круглая мазаіка, якая складаецца з 40 тысяч элементаў. У ніжняй частцы святыні знаходзяцца капліцы для ціхай індывідуальнай малітвы. Вялікую частку займае капліца 108 мучанікаў ІІ Сусветнай вайны. Таксама ў ліхеньскай базыліцы знаходзіцца самы вялікі ў Польшчы арган – трэці па велічыні ў Еўропе і трынаццаты ў свеце.
6-7 чэрвеня 1999 г. санктуарый у Ліхені наведаў Святы Айцец Ян Павел ІІ.

Расклад святых Імшаў ад аўторка пасля Вялікадня да 31 кастрычніка (становішча на верасень 2010 г.): базыліка: нядзеля і святы: 6:00, 7:30, 10:00, 12:00, 16:00, 8:00, будні: 6:00, 7:30, 10:00, 12:00, 16:00, 19:00. Кожную сераду ў 19:00 святая Імша ў інтэнцыі хворых, а кожную суботу ў 19:00 – у інтэнцыі сем’яў.

Адрас: санктуарый Маці Божай Ліхеньскай, ul. Klasztorna 4, 62-563 Licheń Stary
Тэл.: 63 270 85 00 Законны дом айцоў марыянаў

63 270 81 63, 63 270 81 42 Служба абслугоўвання пілігрымаў
Факс: 63 270 77 10 Законны дом айцоў марыянаў
63 270 85 75 Служба абслугоўвання пілігрымаў
Сайт: www.lichen.pl
Электронны адрас: lichen@lichen.pl