+375 (29) 335-95-33   +375 (29) 773-93-77
Top
 

Санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі Яснагорскай

Першая трохнэфавая святыня ў гатычным стылі была ўзведзена ў XV ст. Яна згарэла падчас пажару ў 1690 г. Сённяшні касцёл, даўжыня якога 46 м, шырыня 21 м і вышыня 29 м, быў пабудаваны ў стылі барока. Яго будаўніцтва вялося ў 1692-1695 і 1706-1728 гг. Базыліка Адшукання Святога Крыжа і Найсвяцейшай Панны Марыі ўражвае сваім цудоўным інтэр’ерам. Скляпенне галоўнага нэфа і прэзбітэрый аздабляюць фрэскі аўтарства Карла Данкварта канца XVII ст., галоўны алтар з выявай унебаўзятай Божай Маці адносіцца да твораў стылю позняга барока. Да бакавога нэфа з правага боку базылікі прылягаюць тры капліцы: св. Паўла, Першага Пустэльніка (называецца таксама капліцай Дэнгофаў) і капліца з двух узроўняў – Сэрца Езуса (верхні) і Святых Рэліквій (ніжні), усе адносяцца да XVII ст. Уваход у базыліку знаходзіцца пад вежай, у якой размяшчаецца капліца св. Антонія Падуанскага.

На Яснай Гары найважнейшым пунктам для кожнага пілігрыма з’яўляецца капліца Маці Божай. Менавіта ў ёй знаходзіцца яснагорскі абраз. Яна складаецца з трох частак, створаных у розныя часы. У самай старажытнай, пабудаванай у гатычным стылі, размяшчаецца прэзбітэрый з алтаром XVIII ст. Другая, у стылі барока, аздоблена шматлікімі вотумамі, трэцяя была пабудавана на пачатку ХХ ст. У 1906 г. касцёлу на Яснай Гары быў нададзены ранг меншай базылікі.

Санктуарый

Культ Маці Божай у Чэнстахове практыкаваўся з вельмі даўніх часоў. Абраз на Яснай Гары пачаў прыцягваць яшчэ большую колькасць пілігрымаў. Дзякуючы гэтаму санктуарый хутка атрымаў статус найбольшага ў краіне. Прычына культу, які так моцна расквітнеў тут, дакладна не вядомая. Яснагорскі абраз з самага пачатку праславіўся шматлікімі цудамі, якія зрабілі славутым гэты санктуарый. Сёння ў Чэнстахову прыбываюць самыя розныя пілігрымкі – не толькі з усёй краіны, але і з іншых месцаў Еўропы. Найбольшыя заслугі цудатворнага абраза прыпалі на XVII ст., калі на Польшчу напалі шведскія войскі. Паражэнне Карла X Густава было прыпісана цуду, здзейсненаму Паннай Марыяй. Пасля заканчэння вайны польскі кароль Ян Казімір абвясціў Марыю Каралевай Польшчы. Штогод на Ясную Гару арганізуюцца пешыя пілігрымкі. Вернікі прыбываюць сюды практычна з усёй Польшчы, каб памаліцца перад абразом Марыі Чэнстахоўскай. Вартым увагі з’яўляецца факт, што – як і ў выпадку іншых аб’ектаў культу – на Яснай Гары не было занатавана аб’яўленняў. Пастаяннае пашырэнне культу – вынік перш за ўсё цудатворнай выявы.

Абраз Маці Божай Чэнстахоўскай

Аб’ектам культу на Яснай Гары з’яўляецца вядомы ва ўсёй краіне абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам. Выява Маці Божай Яснагорскай (Чэнстахоўскай) створана па тыпу “Адзігітрыя”. Паводле традыцыі, аўтар гэтага твору – святы евангеліст Лука. Выява Найсвяцейшай Пані павінна была быць адной з некалькіх дзясяткаў абразоў, напісаных на стале, за якім ела Святая Сям’я. Яснагорскі абраз быў напісаны на драўлянай табліцы памерамі 122 x 82 см. Панна Марыя прадстаўлена на ім стоячы. Яе позірк скіраваны на сузіраючага, а галава маленькага Езуса лёгка схілена ў бок Багародзіцы. З правага боку твару Марыі цягнуцца дзве лініі на ўзроўні носа. На шыі гэтых ліній яшчэ больш, але выразна бачныя толькі дзве. Сын Божы знаходзіцца на левай руцэ Марыі, апрануты ў адзенні кармінавага колеру. У левай руцэ трымае Евангелле, правая ўзнята ў жэсце благаслаўлення. Галовы абодвух постацяў агортваюць залатыя німбы.

8 верасня 1717 г. Папа Клімент XI каранаваў цудатворны абраз Багародзіцы з Чэнстаховы. Фундатарам карон быў кароль Аўгуст ІІ Моцны. Гэтыя кароны былі скрадзены. Другая каранацыя адбылася 22 мая 1910 г.

Расклад святых Імшаў: нядзеля: капліца Маці Божай: 6:00, 7:00, 8:00 (на лацінскай мове), 9:30, 11:00, 12:00, 15:30, 17:00, 18:30, 20:15 базыліка: 5:30, 6:30, 8:00, 9:30, 11:00, 13:00, 17:00, 19:00 будні: капліца Маці Божай: 6:00, 7:00, 7:30, 8:00 (на лацінскай мове), 9:30, 11:00, 12:00 (у суботу), 15:30, 18:30 базыліка: 5:30 (акрамя суботы), 6:00, 6:30, 7:00, 7:30, 8:00, 9:00

Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (15 VIII)

Маці Божай Чэнстахоўскай (26 VIII)

Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (8 IX)

Маці Божай Ружанцовай (7 X) а. Раман Маеўскі OSPPEul. Kordeckiego 2 42-225 Częstochowa(0-34) 377 77 77

Электронны адрас: furta@jasnagora.pl

Сайт: http://www.jasnagora.pl/